Узбройцеся ведамі

Закон и порядок

У канцы мінулага года канчаткова ўступіў у сілу Закон «Аб унясенні дапаўненняў і змен у некаторыя заканадаўчыя акты па пытаннях абароту зброі і ажыццяўлення ахоўнай дзейнасці».

З новаўвядзенняў трэба ўзгадаць кідальную паляўнічую зброю – лукі і арбалеты – набыццё, захаванне і выкарыстанне якой падчас вальернага палявання цяпер рэгламентавана. Арганізацыям, якія выдаюць дзяржаўныя пасведчанні на права палявання, цяпер дазволена набыццё паляўнічай зброі для навучання будучых паляўнічых. Дазволена таксама набыццё і валоданне грамадзянскай зброяй грамадзянам замежных краін.

Закон забараніў абарот у межах Беларусі агнястрэльнай зброі траўматычнага дзеяння і боепрыпасаў да яе. Трапіла пад поўную забарону і даўгаствольная зброя з наразным ствалом калібру звыш 9,3 мм, якая мае мацаванне для штыкоў ці штык-нажоў.

Стаць уладальнікам агнястрэльнай паляўнічай зброі з наразным ствалом можа той, хто ўжо законна валодае паляўнічым карабінам, альбо не менш за пяць гадоў за апошнія шэсць  – звычайнай гладкаствольнай стрэльбай. Нельга мець у сваёй біяграфіі адміністрацыйных правапарушэнняў накшталт хуліганства, распіцця алкаголю ў грамадскіх месцах, парушэння правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і некаторых іншых.

Прынцыповым патрабаваннем новага закону з’яўляецца неабходнасць абсталявання памяшкання або месца для захавання наразной зброі ахоўнай сігналізацыяй. Гэта патрабаванне распаўсюджваецца і на зброю, якая толькі набываецца, і на зброю, якая ўжо знаходзіцца ў валоданні. Ахоўная сігналізацыя можа быць устаноўлена як дэпартаментам аховы МУС РБ, так і любой арганізацыяй, якая валодае адпаведнай ліцэнзіяй. Адмова ад устаноўкі сігналізацыі цяпер стане падставай для анулявання дазволу на захаванне і нашэнне паляўнічай зброі з наразным ствалом.

За мінулы год на тэрыторыі вобласці ўчынены 42 злачынствы з выкарыстаннем зброі. У раёне адбылося адно забойства па неасцярожнасці і 4 выпадкі незаконнага палявання, у тым ліку з выкарыстаннем незарэгістраванай паляўнічай зброі.

На сённяшні дзень 597 жыхароў Валожыншчыны валодаюць 639 адзінкамі гладкаствольнай і 36 – наразной паляўнічай зброі.

РАУС звяртаецца да грамадзян з просьбай паведамляць любыя факты, звязаныя з незаконным захаваннем і абаротам зброі, па тэлефоне «гарачай лініі» 54-0-21.

 

Валерый ГАРНАШКЕВІЧ,

старшы інспектар па дазвольнай рабоце РАУС.

 



Добавить комментарий