ТРЫ ГАДЗІНЫ Ў…ПАДАРУНАК

Молодежный курьер

Як вядома, малышы пачынаюць хадзіць у дзіцячы садок з трох гадоў. Да гэтага ўзросту яны выхоўваюцца дома. Маладым маці зладзіцца з новымі абавязкамі і адказнасцю лягчэй, калі да выхавання дзіцяці далучаюцца бабулі. Але шчаслівая магчымасць “спіхнуць” частку грузу хатніх клопатаў на чыесьці плечы ёсць не ва ўсіх. 

Група кароткачасовага знаходжання дзяцей, якая працуе ў дзіцячым садку № 6 “Вясёлы вулей” райцэнтра, стала для некаторых маці сапраўдным падарункам. У матуль з’явіўся вольны час, калі можна ўспомніць пра сябе: адпачыць ад мітусні і хатняй руціны, наведаць цырульню ці зрабіць манікюр…

Тры гадзіны – на такі час кожны працоўны дзень мамы-дэкрэтніцы могуць пакідаць сваіх гарэз у дзіцячым садку. Тут малога акружаць клопатам і надзейным доглядам.

Безумоўна, мэта ў групы кароткачасовага прабывання – не выступаць у ролі добрай нянькі. Палегчыць жыццё матулям – гэта толькі прыемны вынік у рабоце групы. Галоўная задача такога ноу-хау ў сістэме дашкольнай адукацыі – дапамагчы малышу адаптавацца ў новым калектыве. Бо пасля трох гадоў дзіцяці тут прыйдзецца знаходзіцца цэлы дзень, а незнаёмае акружэнне – гэта заўсёды стрэс.

Групу наведваюць дзеці, якім няма трох гадоў. Цяпер тут запісана шэсць малышоў. З імі працуе педагог першай кваліфікацыйнай катэгорыі Надзея Трафімаўна Койпіш. Заняткі праходзяць ў форме развіваючых гульняў.

Мамы і таты, пры жаданні, таксама могуць прысутнічаць на занятках. Калі ж маленькі падапечны Надзеі Трафімаўны хварэе ці па іншых прычынах не можа наведваць садок, выхавальніца па запрашэнні бацькоў прыходзіць да выхаванцаў дахаты.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий