ПЕРШАЕ МЕСЦА – У ЛАГОДНЫХ АНЁЛАЎ

Молодежный курьер

На рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладнай творчасці маленькія мастакі нашага раёна адзначаны 12-цю дыпломамі.

Абласны этап выставы-конкурсу “Калядная зорка” кожны год праводзіцца ў лістападзе. Пасля лепшыя работы адбіраюцца журы для дэманстрацыі ў палацы Рэспублікі падчас навагодніх святаў. Афіцыйныя ж вынікі творчага спаборніцтва становяцца вядомы праз некалькі месяцаў.

Так доўга журы галасуе і раіцца не выпадкова, бо з адной толькі Мінскай вобласці на конкурс у сталіцу было прывезена больш за 1200 творчых работ навучэнцаў гурткоў і студый.

Дыплом першай ступені ў намінацыі “Мастацкі роспіс” атрымала трынаццацігадовая Ірына Жабко, якая прадстаўляла раённы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Перамогу ёй прынеслі тры работы “Анёлы ў Калядную ноч”, намаляваныя на тканіне. Дзевяцігадовая Насця Арловіч заняла першае месца ў намінацыі “Навагодняя ёлка”, прадставіўшы на конкурс святочную прыгажуню, зробленую з чароту.

Юныя ганчары з Івянца – Марыя Голуб і Надзея Тачко – узнагароджаны дыпломамі другой ступені ў намінацыі “Кераміка” за адмысловых гліняных  “Казачнага снегавіка” і “Канька-гарбунка”.

Лізавета Балабан з Валожына заняла другое месца ў намінацыі “Жывапіс”. Дыпломы другой ступені за арыгінальныя работы атрымалі таксама Надзя Каваленка, Таццяна Каспяровіч, Дзіяна Стасяловіч з Валожына і Юлія Мойса з Івянца.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий