Общество

Штораніцы Вольга Баляславаўна ВАШКЕВІЧ з роднай вёскі Міхалова спяшаецца ў Ракаўскі дзіцячы садок. Тут маладая выхавальніца працуе па размеркаванні другі год. Энергічная і ветлівая, з усмешкай на твары – сваёй  добразычлівасцю яна адразу прывабіла да сябе маленькіх непасед. Працуецца Вользе лёгка, творча і цікава, мабыць, таму, што ў прафесію яе паклікала шчырая любоў да дзяцей. 

Яшчэ студэнткай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка В. Вашкевіч прагна цягнулася да ведаў, імкнулася разабрацца ва ўсіх тонкасцях дзіцячага свету, узросту сюрпрызаў і адкрыццяў. Як вынік руплівай вучобы на факультэце дашкольнай адукацыі і фізічнай культуры

– павышаная стыпендыя.

Кожны дзень выхавальніца распрацоўвае план работы з маленькімі гарэзамі, які дазволіць ім авалодаць граматай, развіць мову і камунікатыўнасць перад пачаткам вучобы ў школе.

У Вольгі нямала захапленняў. Яна нядрэнна іграе на акардэоне, вырошчвае кактусы, з якіх ужо сабралася зайздросная калекцыя. Прымяненне свайму хобі яна знайшла і ў рабоце з дзеткамі. Малышам вельмі падабаюцца яе музычныя хвілінкі-весялінкі і цікавыя расповеды пра экзатычныя расліны.

Ініцыятыўнасць і эрудыцыю маладога спецыяліста цэняць і ў педагагічным калектыве. Загадчыца садка нават прызналася, што мае на прымеце кандыдатуру Вольгі, як будучай пераемніцы ў кіраўніцтве гэтай дашкольнай установай.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий