ПРАМАЯ ЛІНІЯ – МАБІЛЬНАЯ ДАПАМОГА

Общество

Даволі багатай на тэматыку званкоў і іх геаграфію была чарговая “прамая лінія” з жыхарамі раёна, якую правёў старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч НАУМОВІЧ 25 лютага бягучага года.

Першымі пазванілі з вуліцы Партызанскай горада Валожына. Сутнасць скаргі ў наступным: цячэ дах у шматпавярхоўцы № 20. Бягучыя рамонты даху перыядычна праводзяцца, але гэта не змяншае вастрыні праблемы. Пасля любога актыўнага раставання снегу ці добрага ліўня ў кватэрах апошняга паверха вільгаць назойліва напамінае пра сябе. Гэты крытычны званок узяты на аператыўны кантроль.

Далей прадоўжыў прамы тэлефонны дыялог з кіраўніком раённай вертыкалі В. В. Вайшнаровіч з Вішнева. Яго вымусіў звярнуцца на “прамую лінію” нездавальняючы стан дарог. Снегаачышчальная тэхніка несвоечасова выконвае патрэбны аб’ём работ, таму і здараюцца нечаканыя снежныя “пасткі” на дарогах. Многія жыхары Вішнева працуюць у Подберазі, іншых вёсках, а з-за дарожных перашкод нярэдка прыходзіцца спазняцца на працу.

Наступнае тэлефанаванне закранала камунальную сферу. Жыхарка пад’езда № 5 дома № 6а па вуліцы Партызанскай райцэнтра дакарала за нядбайнасць будаўнікоў. Яны працавалі на рамонтных работах у суседнім доме, а спецінвентар, іншы рыштунак складвалі ў “падсобцы” названага жылога дома. Пасля сябе пакінулі такія “сляды” нядбайнасці: сапсавалі дамафон, паламалі дзверы ў “падсобцы”, адкуль цяпер свідруе холад. Кватэраўладальнікі першага паверха справядліва патрабуюць вярнуць усё ў ранейшае “звыклае русла”.

Звярнулася на “прамую лінію” і жыхарка Каменя Г. Ф. Княжэвіч. Яна ўжо на пенсіі. Але па-ранейшаму непакоіцца пра лёс некалі цэнтральнай вёскі аднаго з буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў раёна. З настальгіяй успамінае пенсіянерка, як некалі поўнілася вучнямі школа, пастаяннымі наведвальнікамі – мясцовы клуб, не пуставалі і ФАП, іншыя сацыяльна-культурныя, бытавыя аб’екты. Вёска за апошні час прыкметна памізарнела, абязлюдзела. Але мясцовым жыхарам хочацца, каб усе ўстановы па-ранейшаму функцыянавалі.

Вырашана правесці ў Камені сход грамадзян з удзелам кіраўніцтва раёна, адпаведных службаў, на месцы абмеркаваць мэтазгоднасць далейшага выкарыстання некаторых аб’ектаў.  Падобнае тэлефанаванне паступіла з вёскі Проўжалы ад Р. К. Сайкоўскай. Дарэчы, яна ў названым населеным пункце з’яўляецца старастай. Жанчыну непакоіць будучы лёс ФАПа.

Мяркуем, што пытанне, якое задаў І. Р. Такушэвіч з Ракава, хвалюе не толькі яго. Аптэка ў цэнтры сельсавета абслугоўвае наведвальнікаў па распарадку, які нельга назваць зручным для працуючых вяскоўцаў і нават для пенсіянераў. У выхадныя дні яна зачынена. Як быць, калі тэрмінова спатрэбіліся лекі?! А гэта часта і здараецца ў зімовы эпідэміялагічны перыяд. Аўтар званка спадзяецца на карэкціроўку рэжыму работы гэтай сацыяльна значнай установы. І. Р. Такушэвіч прасіў падкарэкціраваць і графік работы рынку ў Ракаве.

Рэзананснай у пэўным сэнсе слова можна назваць скаргу, якую адрасавала на “прамую лінію” Я. І. Пятруцік з Івянца. Жанчыне ўжо за 70, але нядаўна ёй прыйшлося патраціць нямала сіл, каб знайсці спецыяліста, які змог бы праверыць стан электралічыльніка ў кватэры. Калі ў жылым пакоі з’явіўся спецыфічны пах, гаспадыня кінулася шукаць кампетэнтнай дапамогі. Званіла ў жылкамунгас, звярталася ў раён электрычных сетак, у Энерганагляд, Энергазбыт, каб за любы кошт прыехалі па выкліку і зрабілі прафілактычныя мерапрыемствы. З адной інстанцыі яе раўнадушна накіроўвалі ў іншую: маўляў, гэта не наша справа займацца рамонтам. У  рэшце рэшт “хуткая тэхнічная” дапамога прыйшла аж са Стаўбцоўскага раёна. Старшыня райвыканкама запэўніў аўтарку звароту: цяпер гэты від паслугі, нягледзячы ні на якія адгаворкі і ўмовы, у абавязковым парадку будзе аказваць камунальная служба. Матывацыя такая: жыхары раёна павінны атрымліваць своечасовую, аператыўную кваліфікаваную дапамогу, калі ў гэтым ёсць неабходнасць.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий