ПРАПАГАНДАВАЛІ ПЕСНЮ…

Официально

У чарговым раённым фестывалі-конкурсе ваенна-патрыятычнай песні “Вікторыя” прымалі ўдзел 19 канкурсантаў у дзвюх узроставых  катэгорыях – з 15 да 18 і з 19 да 30 гадоў.

Паспрабаваць свае творчыя здольнасці на раённай сцэне пажадалі ўдзельнікі клубнай мастацкай самадзейнасці, ваеннаслужачыя, настаўнікі ДШМ, вучні школ.

Як і заўсёды, па добрай традыцыі,  адкрыў фестываль-конкурс “Вікторыя-2013” начальнік аддзела культуры райвыканкама В. М. Адамовіч, ён і ўзначаліў фестывальнае журы.

Распачала праграму фестывалю вучаніца гімназіі № 1 г. Валожына Марыя Пракопчык  песней “Васільковае неба”. Поспех спадарожнічаў дзяўчыне, яна стала пераможцай  і  атрымала дыплом “За выканальніцкае майстэрства” ў малодшай узроставай катэгорыі. Сярод старэйшых у гэтай намінацыі перамагла  выкладчыца Гародзькаўскай ДШМ Анастасія Шугля. Дыпломам адзначыла журы вакальнае трыо Дорскага СДК у складзе Алы Ванслаў, Вольгі Батраковай і Ірыны Квач за песню “Рисуют мальчики войну” і  Вольгу Папкову, выкладчыцу Вішнеўскай ДШМ за песню  “Памяць”, аўтарамі якой з’яўляюцца  У. І. Гаркуша і паэт А. Пісарык.

У намінацыі “За яркае адлюстраванне тэмы Радзімы” перамогу святкавалі вучаніца СШ № 1 райцэнтра Лізавета Самахвастоўская  і выхаванка Івянецкага дома-інтэрната Марыя Грынкевіч. Дарэчы, песню  для Марыі Грынкевіч “Журавы над Івянцом ляцяць”  напісаў настаўнік  Д. Г. Краскоўскі. Дзмітрый Геранімавіч па рашэнні журы ўзнагароджаны дыпломам за творчы аўтарскі ўклад у развіццё песеннага жанру, патрыятычнае выхаванне дзяцей і падлеткаў і актыўны ўдзел у фестывалі.

Кожны год удзельнікамі фестывалю-конкурсу з’яўляюцца ваеннаслужачыя вайсковай часці 30695. Вайскоўцы Дзмітрый Тарабука і Сяргей Селюжыцкі выканалі пад гітару песню “Сіняя рака” і атрымалі дыплом пераможцаў у намінацыі “За прапаганду афганскай песні”. Радавы Аляксандр Шаўчэнка атрымаў дыплом “За прапаганду армейскай песні”. Дыпломам глядацкіх сімпатый узнагароджана салістка Падбярэзскага СДК Ксенія Гурбан.

Пераможцы ў пералічаных намінацыях у дадатак да дыпломаў атрымалі падарункі ад аддзела па справах моладзі райвыканкама. Астатнія  канкурсанты  атрымалі дыпломы за ўдзел у конкурсе.

Ірына Мандрык,

метадыст РЦК.

Фота Святланы Бабровіч.

 



Добавить комментарий