ВАСІЛІСА ПРАМУДРАЯ…

Культура

Усе, хто знаёміцца з Васілісай Фёдараўнай ТАНЮКЕВІЧ, дзівяцца не толькі яе рэдкаму імені, але і яе бойкай мове.

Васіліса Фёдараўна – адна з тых, хто за словам у кішэню не палезе. Яе мова багатая на “чырвонае” слоўца. У гутарцы гэта жанчына раз-пораз сыпле трапнымі жартамі, але галоўнае, чым яна праславілася ў Вішневе і яго ваколіцах – простымі, але ў той жа час “вострымі” і ўдалымі вершамі ўласнага сачынення.

Васіліса Фёдараўна родам са Смаргоншчыны. У вёсцы Жукаўшчына, што каля Вішнева, яна жыве з таго часу, як дзеўкай пайшла замуж за тутэйшага хлопца. Тут нарадзіла трох сыноў. Больш за дваццаць гадоў жанчына працавала санітаркай у Вішнеўскай бальніцы. Кожны дзень бачыла чужыя немач і пакуты, перажыла і ўласнае гора – боль страты роднага сына і ўсё ж не страціла аптымізму і любові да жыцця.

Нашай гераіні хутка споўніцца восемдзясят пяць гадоў. Вершы, якія яна выкарыстоўвае ў час гутаркі з людзьмі – не толькі “ізюмінка” і “соль” яе каларытнай, жывой мовы. Яны – своеасаблівая таблетка ад самоты, салодкая “пілюля” ад журбы. Прачытае бабуля Васіліса адзін са сваіх твораў, якія па працягласці хутчэй нагадваюць паэмы, – і ў слухачоў міжволі ўзнімаецца настрой, а твары расплываюцца ва ўсмешках.

Свае паэтычныя эксперыменты Васіліса Фёдараўна паэзіяй не лічыць. Вершы часам складае і на “трасянцы”. Рыфмы нараджаюцца хутка і нават на хаду. Усё прыдуманае бабуля не запісвае, а надзейна трымае ўвесь рыфмаваны скарб у галаве.

Адкуль у яе з’явіліся гэтыя паэтычныя здольнасці – жанчына не ведае. Усе ўніверсітэты Васілісы Фёдараўны – тры класы польскай школы і перажытае ліхалецце вайны.

Творчасць бабулі Васілісы – што называецца “на злобу дня”:

Дарагія вы жанчыны,

Вы не піце, як мужчыны!

Не амрачайце сваё імя…

За гарэлкай не хадзі,

Лепш ты дзетак паглядзі.

Глядзі мужа, родну хатку,

Каб было ўсё ў парадку.

*   *   *

…Ты сыночка нарадзіла,

Пакідаеш без прычын,

Аб дзіцяці ты не дбаеш,

Заглядаеш на мужчын…

Ты дзіцятка нарадзіла,

Ды са злом, не з дабратою…

У жывога бацькі й маці

Дзіця расце сіратою…

Пра вясковую паэтку

распавядала Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий