З ДОБРЫМ НАСТРОЕМ ПА ЛЫЖНІ

Спорт

Свята зімы і спорту адбылося нядаўна на тэрыторыі спартыўна-аздараўленчай базы “Галактыка”, размешчанай на тэрыторыі Ракаўскага сельсавета.

Самых лепшых лыжнікаў для ўдзелу ў спаборніцтвах выставілі Ракаўская СШ, цэнтр медыцынскай рэабілітацыі “Пралеска”, санаторый “Іслач”, ААТ “Л-Біт-Груп”, ЗААТ “Алідзі-Вест”, а таксама гаспадары трасы. Праграма спаборніцтваў складалася з трох этапаў: індывідуальны спрынт, масавы старт для ўсіх жадаючых і змешаная эстафета, у якой разыгрываўся галоўны прыз спаборніцтваў — пераходны кубак “Ракаўская лыжня”.

У жаночай спрынтарскай гонцы самай хуткай аказалася Наталля Шумская (база “Галактыка”). Лепшым сярод мужчын-спрынтараў стаў прадстаўнік ЗААТ “Алідзі-Вест” Максім Туслаў. Дарэчы, яму дастаўся і яшчэ адзін тытул – пераможцы ў масавым старце.

Кубак «Ракаўская лыжня» заслужана атрымалі гаспадары – каманда спартыўна-аздараўленчай базы “Галактыка”. Другое месца ў камандным заліку ўзялі лыжнікі санаторыя “Іслач”, трэцяе – каманда Ракаўскай СШ. Асобным прызам “За волю да перамогі” ўзнагароджана Алена Русецкая (Ракаўская СШ), якая прыняла ўдзел у масавым старце нароўні з мужчынамі.

І ўдзельнікаў спаборніцтваў, і гасцей свята ўвесь дзень радаваў жывой музыкай заслужаны аматарскі калектыў “Гасцінец”. Тыя ж, хто не прымаў удзелу ў стартах, мелі магчымасць стаць канкурсантамі творчага спаборніцтва на лепшую снежную скульптуру.

Наталля ШЫБАЛОВІЧ.

 



Добавить комментарий