АДЧЫНЯЦЬ ТАМУ, ХТО СТУКАЕЦЦА

Общество

Другі па ліку з моманту абрання прыём грамадзян правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С. Ф. Кулеш.

На гэты раз народны абраннік вырашыў адысці ад звыклага графіка: ён сустрэўся са сваімі выбаршчыкамі не толькі ў райвыканкаме, але і пабываў у Сакаўшчынскім, Вішнеўскім і Багданаўскім сельскіх Саветах раёна. Такі крок аказаўся досыць выніковым, бо людзі са сваімі пытаннямі чакалі яго ў кожным сельвыканкаме. Па словах Станіслава Францавіча, калі ў Валожыне ў асноўным прыходзілі пажылыя грамадзяне з асабістымі праблемамі, разабрацца з якімі было больш проста, то вяскоўцы звярнуліся да дэпутата з запытам. У прыватнасці, жыхары Сакаўшчыны папрасілі дапамагчы правесці вадаправод, а вось вішнеўцы і багданаўцы – аказаць садзейнічанне ў газіфікацыі іх населеных пунктаў. З вадой у дамах сакаўшчынскія насельнікі будуць у 2014 годзе. Ужо рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя. А вось з газам трэба пачынаць са стварэння кааператыва і ўсяго астатняга, што адсюль вынікае. С. Ф. Кулеш паабяцаў садзейнічанне ў выдзяленні сродкаў і хутчэйшым уключэнні ў праграму газіфікацыі. Бо сам былы кіраўнік буйнога прадпрыемства заўсёды працаваў па прынцыпе: адчыняць таму, хто стукаецца.

Да дэпутата звярнуліся 12 чалавек, дарэчы, некаторыя звароты былі калектыўныя. У далейшым народны абраннік мае намер пабываць ва ўсіх сельсаветах раёна на працягу чатырох гадоў.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.





Добавить комментарий