АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА САКАВІК 1968 ГОДА

Культура

ЛЕПШЫЯ ПЕДАГОГІ БЕЛАРУСКАЙ СССР.

Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР прысвоіў ганаровае званне Заслужанага настаўніка Беларускай ССР групе работнікаў народнай асветы, у тым ліку па нашым раёне:

Галіне Васільеўне Кароль – дырэктару Узбалацкай васьмігадовай школы,  Валянціне Іосіфаўне Шніп – намесніку дырэктара Пугачоўскай васьмігадовай школы.

Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР узнагароджаны:

Ганна Дзмітрыеўна Гарбачова – арганізатар пазакласнай і пазашкольнай работы Івянецкай сярэдняй школы, Наталля Сцяпанаўна Навіцкая – намеснік дырэктара СШ № 2 г. Валожына, Лідзія Мікалаеўна Каспяровіч – выхавацель Сакаўшчынскай сярэдняй школы.

Калегія Міністэрства асветы БССР узнагародзіла значком “Выдатнік народнай асветы”:

Лідзію Міхайлаўну Быкоўскую – настаўніцу Забрэзскай СШ, Ніну Яфімаўну Гарановіч – в. а. загадчыка раённага аддзела народнай асветы, Людмілу Іванаўну Ефіменку – загадчыцу педкабінета раённага аддзела народнай асветы.

АЎТАМАБІЛІСТЫ-ВЫДАТНІКІ

Калектыў раённага аб’яднання “Белсельгастэхніка” па выніках працы ў другім паўгоддзі ўтрымлівае пераходны Чырвоны сцяг Савета Міністраў БССР і рэспубліканскага Савета прафсаюзаў.

Лепшым вадзіцелям Уладзіміру Пашкоўскаму, Антону Іоду, Міхаілу Бітэлю, Леаніду Бацяну, Пятру Спічаку, Антону Лужынскаму і Антону Гідлеўскаму прысвоена ганаровае званне “Выдатнік аўтамабільных перавозак сельскагаспадарчых прадуктаў ураджаю 1967”.

СТАРШЫНЯ КАЛГАСА – АДЗІНАЦЦАЦІКЛАСНІК

У калгасе “Краіна Саветаў” працуюць гурткі агратэхнічных ведаў і зааветгурток. У іх займаецца звыш 80 жывёлаводаў і паляводаў.

У Гародзькаўскім філіяле Маладзечанскай сярэдняй школы цяпер займаецца звыш 20 членаў сельгасарцелі. Паспяхова спалучаюць працу з вучобай паляводы Віктар Гіль, Міхаіл Юдыцкі, Фёдар Паўлоўскі. У калгасе склаліся такія абставіны, што ў многіх кіраўнікоў не было нават няпоўнай сярэдняй адукацыі. Таму ў завочную школу паступілі брыгадзіры В. В. Станкевіч, В. А. Станкевіч, І. М. Кузьміцкі. Цяпер яны закончылі васьмігодку. Працягвае вучобу ў завочнай школе старшыня калгаса У. К. Жамойдзін. Ён займаецца ў 11 класе. Брыгадзіры К. І. Лявіцкі і А. В. Бартош вучацца ў 10-ым.

ІВЯНЕЦКІЯ ВЫНАХОДНІКІ

Носьбітамі творчай думкі зарэкамендавалі сябе на Івянецкім кансервавым заводзе механік Сцяпан Койра і рабочы кансервавага цэха Франц Карачун. Яны падалі некалькі рацыяналізатарскіх прапаноў, якія вытрымалі выпрабаванні і паспяхова ўкараніліся ў вытворчасць.

Для вырабу цукерак прымяняецца стол з падагрэвам. Рацыяналізатары прапанавалі, каб на падагрэў выкарыстоўвалася не электрычная энергія, а пара. Гэта дало значную эканомію электраэнергіі.

Доўгі час гатовая прадукцыя са склада выгружалася ўручную. Сцяпан і Франц сканструявалі ролікавы транспарцёр. З дапамогай гэтага механізма прадукцыя з падвала падаецца адразу ў аўтамашыны. За мінулы год эканомія ад укаранення рацыяналізатарскіх прапаноў склала 1600 рублёў.

ЗА ЛІЧБАМІ, ЯК ЗА ШЫРМАЙ

На справаздачным сходзе ўпаўнаважаных пайшчыкаў, старшыня праўлення райспажыўтаварыства назваў нямала станоўчых лічбаў. Аднак у сваім дакладзе ён указаў і на недахопы ў дзейнасці спажывецкай кааперацыі.

Гаварылася аб перабоях у гандлі таварамі першай неабходнасці, аб нізкай якасці кулінарных вырабаў прадпрыемстваў грамадскага харчавання, але крытыка была павярхоўная.

Пайшчыкі ж заўважылі, што тавары ў магазіны завозяцца з баз без папярэдняй адборкі. У магазінах раёна стала праблемай набыць сталовы воцат, соду. Абмежаваны і асартымент селядцоў. З боку асобных кааператараў дапускаецца грубасць у адносінах да пакупнікоў, недысцыплінаванасць. Яна не толькі ў парушэнні правіл гандлю і санітарыі, у адсутнасці абгортачнай паперы, але і ў тым, што замест дабраякаснага тавару прыходзіцца купляць іншы раз няякасны.

У прэзідыум паступіла пытанне: чаму ў продажы абмежаваны асартымент каўбасных вырабаў, а тыя, што ёсць, нізкаякасныя. Дырэктар нарыхтоўчай канторы, якой належыць каўбасны цэх, адказ на пытанне ператварыў у жарт. Аб чым гэта сведчыць? Толькі не пра клопат аб пакупніку.

ЗГНІЛО 9 ТОН ІЛЬНОТРАСТЫ

У саўгасе “Багданаўскі” летась не поўнасцю скошана з 20 гектараў сырадэла аўсяная, а на плошчы 14 гектараў яна зусім не ўбіралася – была скормлена жывёле на корані.

Сем гектараў спелага лубіну былі таксама аддадзены на выпас. З-за нераспараджальнасці дырэктара саўгаса і брыгадзіра згніло каля 9,5 тоны льнотрасты.

Падобнае адбылося і ў калгасе “Запаветы Ільіча”. У выніку безгаспадарчага захоўвання льнотрасты ў поўную нягоднасць прыведзены ўраджай з 10 гектараў.

Раённы камітэт народнага кантролю пастанавіў: у мэтах частковага пакрыцця страт зрабіць грашовы налік на брыгадзіра саўгаса “Багданаўскі” ў размеры месячнага акладу – 120 рублёў, а таксама на агранома і брыгадзіра калгаса “Запаветы Ільіча”. Кіраўнікам гаспадарак указана на адсутнасць з іх боку кантролю за работай брыгадзіраў і аграномаў.

“МАСКВІЧ” – ЗА АДЗІН ЛАТАРЭЙНЫ БІЛЕТ

Падведзены вынікі другой аўтамоталатарэі  ДТСААФ СССР.

Уладальнікам шчаслівага білета з нашага раёна аказаўся В. А. Залатар – шафёр калгаса “Беларусь”. Ён выйграў аўтамашыну “Масквіч-408”. Настаўнік Шчалканаўскай васьмігадовай школы А. М. Зенька выйграў матаролер. Сярод выйгрышаў былі мапеды і іншыя каштоўныя рэчы.

Хутка адбудзецца трэцяя аўтамоталатарэя. Атрыманыя ад распаўсюджвання білетаў сродкі пойдуць на развіццё абаронча-масавай работы, будаўніцтва вучэбных устаноў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы добраахвотнага таварыства садзеяння арміі, авіяцыі і флоту. Кожны 53-і білет – шчаслівы. Разыгрываюцца 3360 аўтамашын розных марак, 22240 матацыклаў і матаролераў, 13760 мотавеласіпедаў і мапедаў, а таксама лодачныя маторы, радыёпрыёмнікі і грашовыя выйгрышы.

РАСКАЗАЛА “КНІГА ПРАПАНОЎ”

“Кніга прапаноў” з’яўляецца ў нейкай меры люстэркам працоўнай біяграфіі калектыву.

Радасць нараджаецца ў сэрцы, гордасць за тых, хто працуе ў Вішнеўскім камбінаце бытавога абслугоўвання, хто сваімі ўмелымі рукамі ўпрыгожвае наша жыццё. Гэта ім: рабочаму абутковага цэха Іосіфу Браткоўскаму, швачцы Уладзіславе Садоўскай, майстру па індывідуальным пашыве Іосіфу Карзюку, загадчыку камбіната бытавога абслугоўвання Міхаілу Касабуцкаму і ўсяму калектыву швейнага цэха – адрасуюць у “Кнізе прапаноў” цёплыя словы падзякі сельскія заказчыкі.

Вось, напрыклад, радкі з запісу таварыша Яцыновіча: “Ад усяго сэрца выношу падзяку і жадаю ўсяго найлепшага ў жыцці і працы загадчыку КБА таварышу Касабуцкаму, майстру па індпашыве таварышу Карзюку і ўсяму калетыву…”

ПОЛЕ АХОЎВАЮЦЬ КУРАПАТКІ

Аб гэтым пісала наша газета па звестках ТАСС.

Гадавальнікі курапатак вырашана арганізаваць у адным-двух буракаводчых саўгасах Цэнтральнага раёна краіны. Мэта эксперымента: праверыць, наколькі надзейна ў нашых умовах курапаткі змогуць ахоўваць пасевы ад шкоднікаў. У Чэхаславакіі яны гэта робяць выдатна. Адна птушка ахоўвае цэлы гектар, абясшкоджваючы такога небяспечнага ворага, як каларадскі жук.

У ролі санітараў курапаткі выйгралі спрэчку з самой хіміяй, абараняючы бураковыя пасевы.

Цікава: за 34 жывыя курапаткі ў Даніі можна набыць пародзістую карову. У Францыі цана 120 гэтых птушак роўна цане легкавой аўтамашыны.

НА РАЁННАЙ АРБІЦЕ

Трое лепшых з лепшых рабочых Івянецкага міжкалгасбуда за шматгадовую і старанную працу ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі галоўміжкалгасбуда пры Савеце Міністраў БССР. Гэта брыгадзір будаўнічай брыгады А. К. Паплаўскі, майстар І. Б. Бурак і будаўнік І. Ф. Навіцкі.

Ганаровая грамата Мінскага абкама партыі і аблвыканкама ўручана Івянецкай птушкафабрыцы. Калектыў удастоены яе за поспехі  ў сацыялістычным спаборніцтве. Лепшай птушніцы Еве Баляславаўне Янушкевіч і шафёру Пятру Міхайлавічу Янушкевічу ўручаны пераходныя Чырвоныя вымпелы.

Шафы, наматрацнікі, аконныя рамы – такая прадукцыя выпускаецца ў сталярным цэху Валожынскага камбіната бытавога абслугоўвання. Цяпер да гэтых відаў далучыліся яшчэ два – сталы і стэлажы шавецкія.

У раённым Доме культуры адбыліся чарговыя заняткі ўніверсітэта культуры па тэме “Харавая музыка”. Перад прысутнымі выступіла Дзяржаўная Акадэмічная харавая капэла Беларускай ССР пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Рыгора Шырмы. У яе выкананні прагучалі беларускія народныя акапэльныя песні.

“Пакой шчасця” абсталёўваецца ў памяшканні выканкама Ракаўскага сельсавета. Для яго набыта новая мэбля, маляўніча аформлены стэнд “Урачыстае святкаванне залатога вяселля мужа і жонкі Дубрынскіх”.

Пункт па запраўцы шарыкавых аўтаручак адкрыты ў Валожынскім камбінаце бытавога абслугоўвання. Калі ў вас спісалася шарыкавая аўтаручка і вы не ведаеце, дзе яе заправіць, звяртайцеся на гэта прадпрыемства.

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий