ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

Каб не пуставала?

Нестандартна выкарыстаць стары будынак, які калісьці служыў для перамолу зерня, а апошні час стаяў кінуты, вырашылі мясцовыя «прадпрымальнікі» ў вёсцы Лужаны Сугваздаўскага сельсавета.

Дваіх мужчын, паводле дакументаў – жыхароў Маладзечна, затрымалі ў працэсе вырабу самагоннай брагі супрацоўнікі міліцыі. Там жа быў знойдзены і самагонны апарат, і запас з амаль 10 тон гатовай брагі. У дадзены момант праваахоўнікі высвятляюць асобу ўладальніка памяшкання і «падпольнага» абсталявання.

 

Усё, што дрэнна ляжыць…

Цэлая хваля крадзяжоў асабістай маёмасці ў жыхароў раёна зафіксавана супрацоўнікамі міліцыі ў лютым.

Так у вёсцы Забрэззе быў скрадзены мабільны тэлефон. У вёсцы Бурбаўшчына Пяршайскага сельсавета гаспадар не дашукаўся сваёй бензапілы, у вёсцы ж Пярэжары Ракаўскага сельсавета – ледзь не цэлага кубаметра абразной дошкі. Стратай мабільнага тэлефона скончылася і наведванне жыхаром Валожына аднаго з тутэйшых кафэ. Ва ўсіх выпадках рэчы былі скрадзены, як гаворыцца, «сярод белага дня». Для ажыццяўлення сваіх крымінальных намераў злодзеі скарысталіся простай няўважлівасцю гаспадароў.

 

Замёрз

У лясным масіве каля вёскі Ласокіна Сугваздаўскага сельсавета нядаўна быў знойдзены труп тутэйшага пяцідзесяціпяцігадовага жыхара.

Па заключэнні экспертаў цела не мела слядоў гвалтоўнай смерці. Хутчэй за ўсё мужчына загінуў ад пераахаладжэння.

 

Апамяталася ў час

Лішнім доказам старой прымаўкі «лепш позна, чым ніколі» стала гісторыя, што адбылася нядаўна ў адным з вясковых магазінаў Ракаўскага сельсавета.

Як высветлілася, яго прадавец за апошнія некалькі месяцаў прысвоіла тавараў, за якія сама несла поўную матэрыяльную адказнасць, на суму звыш двух мільёнаў рублёў. Аднак жанчына з’явілася з пакаяннем, актыўна садзейнічала расследаванню, цалкам кампенсавала нанесеныя страты. У выніку ўзбуджэння крымінальнай справы па выяўленым факце крадзяжу не адбылося.

 

Браканьерскія хронікі

Нядаўна адзін з інспектараў раённай ДАІ непадалёку ад вёскі Стайкі Сакаўшчынскага сельсавета ў прыдарожнай канаве заўважыў дзве забітыя жывёліны.

Як высветлілася, невядомы браканьер незаконна здабыў двух дзікоў, але ж па нейкай прычыне кінуў іх ля дарогі. Матэрыяльныя страты ад крымінальнага палявання ацэньваюцца ў суму больш за 100 базавых велічынь. Узбуджана крымінальная справа.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий