ШТО ЯШЧЭ ТРЭБА ЗРАБІЦЬ, КАБ ПАЖАР ПРАДУХІЛІЦЬ…

Общество

Дзякуючы рабоце ўсіх суб’ектаў прафілактыкі па папярэджванні пажараў і гібелі людзей назіраецца тэндэнцыя зніжэння колькасці пажараў: з 99 у 2002 годзе да 40 у 2012. Аднак статыстыка смяротнасці на пажарах застаецца адной з самых высокіх у вобласці. Удзельны паказчык пажараў на 10 тысяч насельніцтва складае 10,72, у сярэднім па вобласці – 10,07, паказчык смяротнасці на 100 тысяч насельніцтва дасягнуў 21,45, у сярэднім па вобласці – 16.

Летась у агні загінулі 8 чалавек. Асноўнымі прычынамі пажараў сталі:

– неасцярожнае абыходжанне з агнём – 8;

– парушэнне правіл эксплуатацыі печаў – 10;

– парушэнне правіл эксплуатацыі і мантажу электраправодкі – 15;

– падпалы – 5;

– іншыя – 2.

Згодна з планам прафілактычных мерапрыемстваў у раёне ўсе аб’екты з масавым знаходжаннем людзей (за выключэннем інтэрната ПМС) забяспечаны аўтаномнай пажарнай сігналізацыяй. Адрамантавана пячное абсталяванне, электраправодка, устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ў 280 домаўладаннях нядобранадзейных катэгорый грамадзян. 18 населеных пунктаў маюць супрацьпажарнае водазабеспячэнне, адрамантаваны пажарныя гідранты і г. д.

Між тым неабходна зазначыць, што суб’екты прафілактыкі правапарушэнняў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна яшчэ не задзейнічалі ў поўнай меры патэнцыял, які змог бы павысіць эфектыўнасць прафілактычнай работы ў жылым фондзе, павялічыць надзейнасць  пажарнай бяспекі. Не створаны добраахвотныя пажарныя каманды ў СВК «Пяршаі-2003», ААТ «Агра-Вішнеўскі», ААТ «Багданаўскі”», ААТ «Суднікаўскі»;

Не прыведзены ў пажарабяспечны стан домаўладанні, якія знаходзяцца на балансе сельгаспрадпрыемстваў раёна, а таксама інтэрнат ПМС, інтэрнат райспажыўтаварыства. Сур’ёзную трывогу выклікае нездавальняючы супрацьпажарны стан ААТ «Валожынскі льнокамбінат».

Аналіз узнікнення пажараў пацвярджае недастатковую прафілактычную работу сярод грамадзян, якія злоўжываюць спіртным, недастаткова накіравана такіх грамадзян на лячэнне. Так, РАНС выяўлена 67 фактаў, а накіраваны на лячэнне ўсяго 3 чалавекі. Не садзейнічае стабілізацыі сітуацыі і адноўлены продаж забароненага раней таннага віна. Я перакананы, што гэтым наносіцца матэрыяльны ўрон эканоміцы значна большы, чым атрыманая выручка ад рэалізацыі падобнага прадукту. А дадайце сюды і маральны фактар (правапарушэнні, разбітыя сем’і, няшчасныя дзеці).

Спынюся і на такім важным аспекце. Ад пажараў у сельскіх населеных пунктах, размешчаных на аддаленні звыш 10 кіламетраў ад пажарных аварыйна-выратавальных падраздзяленняў, гіне ў сярэднім на 9,2% больш людзей, чым у населеных пунктах, размешчаных на адлегласці да 10 кіламетраў. На тэрыторыі  нашага раёна 159 населеных пунктаў знаходзяцца па-за нарматыўным радыусам выезду (10 км) пажарных аварыйна-выратавальных падраздзяленняў.

Старшыні Багданаўскага, Вішнеўскага, Узбалацкага, Пяршайскага, Ракаўскага, Яршэвіцкага, Залескага і Пральніцкага сельскіх Саветаў, на жаль, не ініцыіруюць пытанні рамонту (замены) пячнога абсталявання, электраправодкі, устаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у домаўладаннях грамадзян, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Не на належным узроўні працуюць назіральныя камісіі па выяўленні самавольнага засялення пустуючых дамоў грамадзянамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Спецыяльнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь дзяржаўным інспектарам па энерганаглядзе дадзена права патрабаваць ад спажыўцоў адключэння электрычных і цеплавых установак, калі яны пагражаюць узнікненнем аварый і пажараў, ці ўяўляюць небяспеку жыццю людзей. Гэта работа ў Валожынскім раёне праводзіцца, але патрабуе большай актыўнасці.

Раённы аддзел МНС распрацаваў на бягучы год план прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджванні пажараў і недапушчэнні гібелі людзей. Калі ўсё запланаванае ўдасца выканаць, то гэта засцеражэ нашых грамадзян ад розных вогненных трагедый, захавае іх маёмасць.

Алег СКАДОРВА,

начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

 



Добавить комментарий