ЗАСТЫЎ У ДУШЫ БОЛЬ ВАЕННЫХ ВІХУР…

Культура

Вочы гэтай бабулі запомніліся мне надоўга. Быў у іх боль страт і пакут, перанесеных за нялёгкае жыццё. Боль, які немагчыма зблытаць з простымі перажываннямі і нягодамі – занадта глыбока ён пусціў свае карані. Аднак і святла ў ласкавай і мудрай усмешцы хапае… Успаміны Станіславы Паўлаўны Сцяпко з вёскі Сівіца я занатоўваў беражліва, да дробязей: не так шмат засталося сярод нас людзей, якія на сваіх плячах вынеслі цяжар вайны, а потым доўгія гады падымалі краіну з папялішча…

Пачаць трэба з таго, што імя маёй субяседніцы значыцца ў спісах малалетніх вязняў фашысцкага канцлагера. А з’явілася яно там, калі Станіславе Паўлаўне належала пайсці ў трэці клас.

Ішоў 1943-ці год. Звычайнымі былі аблавы, пасля якіх мясцовых жыхароў сем’ямі “запакоўвалі” ў машыны і вывозілі ў Германію на прымусовыя работы. Праўда, апынуцца ў гаспадароў з першага дня шчасціла не ўсім. Месяцамі яны, галодныя і халодныя, кантаваліся ў перапоўненых бараках канцэнтрацыйных лагераў… Так здарылася і з сям’ёй С. П. Сцяпко. Хто жыў бліжэй да лесу, здолеў уцячы. Астатніх вяскоўцаў сагналі ў лазню, паабстрыгалі нагала і павезлі… Вытрымаць 60 дзён здзекаў і пакут было неверагодна цяжка. “Кармежкі было роўна па тры лыжкі на кожнага, – узгадвае Станіслава Паўлаўна. – Але часта і тая заставалася, бо есці ўжо не было сіл. Звычайна, такое здаралася, калі канваіры лупцавалі нас гумавымі палкамі за самую дробную правіннасць”.  І калі, падавалася, згасла ўжо апошняя надзея на нейкія змены да лепшага, у канцлагер прыехала пажылая нямецкая пара. Выбіралі яны сабе новых рабочых доўга, але нарэшце спыніліся на героях нашага расказу. Паўла і Гунэфу (бацьку і маці маёй субяседніцы) з дзецьмі выкупілі, і неўзабаве яны прыступілі да батрацкай працы на прыгнятальнікаў.

Чаканае вызваленне прыйшло праз тры гады, ужо ў мірны час. Сэрцам маці рвалася на малую радзіму, бо тут заставаўся яе старэйшы сын: у час вайны ён разам з іншымі вяскоўцамі падаўся ў партызаны. Гарэла ў грудзях пякучая болька трывогі – як ён, ці не напаткала яго выпадкам на лясных дарожках шалёная куля?..

На месцы роднай вёскі сям’ю сустрэла папялішча. Дамамі пасля вайны для многіх сталі зямлянкі, каля рэдкіх з якіх нехта пачынаў складваць бярвенні для новага зруба. Неўзабаве маці адшукала сына – адпартызаніўшы, той перабраўся да дзядзькі ў Баравікоўшчыну і дапамагаў там пасвіць кароў. Як прыгадвае субяседніца, радасці ад той сустрэчы было безліч. З бацькам, якога часова пакінулі гаспадарыць і пачынаць узводзіць новае жытло, здарылася непрыемнасць: яго схапілі і саслалі ў Сібір. Аднак, калі цягнік толькі адправіўся ў доўгі шлях да суровых таёжных прастораў, мужчыну пашанцавала выскачыць з вагона – дзесьці пад Баранавічамі. Пешшу ён дабіраўся дадому.

Пакрыху жыццё ўвайшло ў каляіну. Праўда, добра стала далёка не адразу. Пакуль станавіліся на ногі, прадалі ўсю вопратку. Потым Стасі, як і астатнім членам сям’і, давялося спазнаць сорам жабравання. Каб зарабіць пуд жыта, мусіла наняцца на цэлае лета пасвіць кароў, ды толькі вытрымала ўсяго тры дні… Паратункам стала арганізацыя калгасаў. Калі новая структура з’явілася ў іх мясцовасці, пайшла на ферму даяркай. І дзевятнаццаць гадоў аддала гэтай справе. Бабуля прызналася, што працавала б і сёння, каб не павышаны ціск: работа аператараў машыннага даення значна аблегчылася з механізацыяй і аўтаматызацыяй працэсу. А тады… Балелі спрацаваныя рукі, але ўсе “замацаваныя” за ёй 15 кароў былі і падоеныя ў час, і накормленыя-напоеныя як след. У гаспадарцы пазнаёмілася з будучым мужам – дарэчы, родным дзядзькам беларускай спявачкі Ядвігі Паплаўскай. Майстравіты і добры быў чалавек, а як браў гармонік у рукі, можна было і ўвогуле заслухацца. Вечарынкі былі ў гэтай хаце звыклымі, часта мужа запрашалі іграць на вяселлях, куды ён ішоў нязменна з весялухай-жонкай. Яго пальцы спрытна музыку выводзяць, а яна задорна абцасамі пастуквае ды запрашае ў танец новыя і новыя пары… Тры гады яны не дажылі разам да залатога вяселля. За доўгае жыццё гадавалі дзевяць дзяцей. Праўда, яшчэ адзін несуцешны боль Станіславы Паўлаўны – чацвярых не стала маленькімі, толькі на адным леце сям’я Сцяпко ладзіла тры пахаванні.

Зжылася, змірылася са сваімі бедамі жанчына, схавала іх у самай глыбіні бяздоннага мацярынскага сэрца. А сёння, дзякаваць Богу, і парадавацца ёсць за каго: усю ласку і цеплыню дорыць унукам ды праўнукам. Тыя з ахвотай едуць да роднага чалавека: вялікіх песціць словам, малым жа за шчасце адведаць салодкіх бабуліных гасцінцаў…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *