СПАДЧЫНА ДУДАРА…

Общество

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч калісьці пісаў:  «…Вырашыў я праз творы на роднай мове заахвоціць беларускі народ да роднага слова…». Словы яго аказаліся прарочымі: і сёння чытаюць, вучаць на памяць, інсцэніруюць напісанае класікам, дакранаючыся тым самым да жывога беларускага слова.

Цікавасць да творчасці Дуніна-Марцінкевіча пацвердзіў і раённы конкурс выканаўцаў «Па творчай спадчыне паэта, драматурга…», прымеркаваны да 205-годдзя з дня яго нараджэння. У ім прынялі ўдзел вучні з 8 школ раёна, а таксама ўдзельнікі гуртка «Шарада» Івянецкага ГПДК. У выкананні юных прыхільнікаў творчасці Дуніна-Марцінкевіча прагучалі вершы «Літвінка», «Галубкі», «Хіба я стары», «Літаратурныя клопаты», «Благаславёная сям’я», вершаваная аповесць «Гапон». Вучні з Сакаўшчыны, Каменя і Івянца прадставілі інсцэніраваныя ўрыўкі з «Пінскай шляхты», а ўдзельнікі тэатральнай студыі «Паралель» з Вішнева ўдала раскрылі на сцэне вобразы герояў «Залётаў».

Дыплом за лепшае ўвасабленне мужчынскага вобраза атрымаў адзінаццацікласнік Багданаўскага НПК Яўген Бярнацкі, які чытаў урывак з «Гапона», жаночага – Ганна Абрамчык з Сакаўшчынскага НПК за ролю Марысі ў «Пінскай шляхце». Гімназістка-пяцікласніца Алена Южык – самая малодшая ўдзельніца конкурсу — удастоена дыплома за артыстызм, з якім выконвала верш «Літвінка». Дыпломам «За лепшае музычнае афармленне» ўзнагароджаны Вішнеўскі НПК, «За лепшае мастацкае афармленне» – Сакаўшчынскі НПК, «За лепшую рэжысуру» – гурток «Шарада».

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *