ЖАНЧЫНА. МАЦІ. ГЕРАІНЯ…

Культура

Месца для подзвіга ёсць у жыцці кожнага з нас. Толькі гераізм розны бывае. Аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы малочна-таварнага комплексу ААТ “Сакаўшчына-Агра” Эвяліна Станіславаўна Ганько нарадзіла і выгадавала пяцёра дзяцей! Чым не падстава для ўхвалення і не прыклад для пераймання?..

Занятая штодзённымі працоўнымі клопатамі жанчына ўсё ж знайшла хвілінку для размовы. І яе гісторыя аказалася сапраўды жывой, цікавай. Як, напрыклад, расцаніць той факт, што Эвяліна Станіславаўна шчыруе на ферме, маючы паўнавартасны дыплом агранома? А ўсё проста – “перакваліфікавацца” давялося выключна дзеля дзяцей. “Разважце самі, які графік у агранома? – кажа Э. С. Ганько. – Ранні пад’ём, і да позняга вечара на полі. А тут справіўся з работай, і хоць часу стае на сямейныя пытанні”.

Сапраўды, у Эвяліны Станіславаўны некалькі спецыяльнасцяў і безліч працоўнага вопыту. Пасля школы вучылася ў Валожынскім ПТВ агародніцкай справе, затым скончыла Смілавіцкі аграрны тэхнікум, вярнулася ў родную гаспадарку. Як прызнаецца, не думала, што сям’я будзе такой вялікай, але шчыра радавалася з’яўленню на свет кожнага дзіцяці. Уразіў мацярынскай мудрасцю адказ: “Не трэба баяцца нараджаць. Бог ніколі не пакіне ў бядзе ці нястачы. Галоўнае – выхаваць з малечы добрага чалавека, а цяжкасці – перажывуцца”. Усявышні і насамрэч даў жанчыне магчымасць радавацца за крывінак. Старэйшыя Павел і Ганна пайшлі па сцежцы медыцыны і сёння абодва ўзначальваюць фельчарска-акушэрскія пункты ў Адамове і Пральніках. Пётр нядаўна вярнуўся з арміі. Мікалай вучыцца ў педагагічным універсітэце на фізіка-інфарматыка. Хутка прыспешыць час вызначыцца з будучай прафесіяй і самаму малодшаму сыну – Антону, які цяпер вучыцца ў 9 класе Сакаўшчынскай школы-сада.

Не схлушу я, калі назаву гэту жанчыну сапраўднай гераіняй. Яе мацярынскі подзвіг ушанаваны на вышэйшым узроўні, у канцы дзевяностых гадоў Эвяліну Станіславаўну ўзнагародзілі ордэнам Маці. Дарэчы, гэта святая ўзнагарода і пашпарт да яе – адны з нешматлікіх рэчаў, якія не зачапіла полымя ўспыхнуўшага ў доме ў 2002 годзе пажару… Сёння вялікая і дружная сям’я Ганько жыве ў новай, пабудаванай у пасёлку, хаце. Вядома, багаццем унутранага інтэр’ера сядзіба пахваліцца не можа, рэчы тут купляюцца толькі па неабходнасці. Яно і зразумела: матуліна сэрца гарыць не па тым, каб купіць, напрыклад, сервант ці набор фарфоравага посуду, а па тым, каб дзецям, якія толькі падымаюцца на ногі, ставала грошай на іх патрэбы. Тыя, дарэчы, таксама добра разумеюць і шкадуюць бацькоў, таму ніколі не прасоўваюць на пярэдні план выключна асабістыя інтарэсы, па магчымасці стараюцца абыходзіцца ўласнымі сіламі. Вось і будуюць усе сямёра Ганько свой быт на маралі, унутранай дысцыпліне і вялікай павазе адзін да аднаго. У святочны жаночы дзень пажадаем, каб так працягвалася і далей, каб трапяткой і чулай душы Эвяліны Станіславаўны спаўна было прызнання тых, каму дала жыццё і адкрыла шлях у вялікі свет…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий