ЭКСКЛЮЗІЎНЫЯ ЛЯЛЬКІ НА ЛЮБЫ ГУСТ…

Общество

Майстрыха з Сакаўшчыны асвоіла выраб сувенірнай прадукцыі, якая карыстаецца вялікай папулярнасцю.

У вёсцы Наталля Феліксаўна ХАВАНСКАЯ – вядомая асоба: яркая артыстка і таленавітая мастачка.

За тры гады працы мастацкім кіраўніком у мясцовым Доме культуры яна здолела раскінуць дзівосна багаты веер сваіх магчымасцей. Акрамя песень і выступленняў у мастацкай самадзейнасці Наталля Феліксаўна творча рэалізавала сябе і праз ручную работу: вышывае, вяжа, шые, тчэ, малюе, пляце з саломкі – яе рукі і палёт фантазіі не ведаюць перашкод. Але галоўная творчая знаходка і “канёк” сакаўшчынскай мастачкі – пацешныя лялькі, вырабам якіх яна захапілася два гады таму.

Лялькі Наталлі Феліксаўны – чароўная сумесь традыцыі і сучаснасці. Тут і гасцінная беларусачка, і ўвішная гаспадынька, і яркая модніца, і вясёлая паварыха, і ва ўсіх – нязменна спагадлівыя і добрыя вочы.

…На выраб адной такой прыгажуні ў жанчыны ідзе два дні. Матэрыял у рабоце выкарыстоўваецца няхітры: кольцы кардону служаць тулавам, забаўныя і лагодныя тварыкі атрымліваюцца з сінтэпону, абцягнутага капронам, а для прычосак ідэальна падыходзяць ільняныя ніткі і валакно.

Наталля Феліксаўна стварыла ўжо каля сотні лялек. Ёсць у яе творчай калекцыі лялькі-“спецыялісты” – прадстаўнікі шматлікіх прафесій: шафёр, пажарны, настаўніца, слесар, урач і нават банкір. Аднак такія арыгінальныя персанажы на паліцах шафы доўга не затрымліваюцца. Наталля Феліксаўна дорыць іх сябрам і знаёмым. Многія просяць зрабіць ляльку на заказ. Напрыклад, шчаслівая парачка маладых карыстаецца вялікай папулярнасцю ў вясельны сезон.

Людзі кажуць: без навукі і лапця не спляцеш. Але прыклад Наталлі Феліксаўны гэту прымаўку з лёгкасцю аспрэчвае. Дзіўна, але ніякай спецыяльнай адукацыі, акрамя дзесяці класаў сярэдняй школы, майстрыха не мае.

…Пасля заканчэння школы сэрца Наталлі пакарыў адважны хлопец, салдат і герой, які толькі-толькі вярнуўся з Афганістана, дзе ён выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак. За яго выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей. Працягваць вучобу далей не рашылася. Уладкавалася загадчыкам гаспадарчай часткі ў дзіцячы сад, дзе працавала пятнаццаць гадоў.

Але прага творчасці, якая з’явілася яшчэ ў дзяцінстве, не знікала. Наталля Феліксаўна наталяла яе адмысловымі вырабамі ручной работы. Нечакана хобі перарасло ў прафесію, стала асноўнай справай у жыцці. Здольнасці да хэнд-мэйду ў Наталлі Феліксаўны, мабыць, перадаліся ў спадчыну ад маці, Алімпіяды Андрэеўны, вялікай рукадзельніцы.

Сакаўшчынская мастачка Н. Ф. Хаванская – яркі прыклад таму, што талент не заўсёды трэба пацвярджаць дыпломам.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий