НА ХВАЛІ ПОСПЕХУ І ЗАСЛУЖАНАЙ СЛАВЫ

Официально

Чарговая Ганаровая грамата за дасягненне найвышэйшых эканамічных паказчыкаў папоўніла нядаўна ўнушальны спіс узнагарод філіяла ДП “Мінаблпаліва”. Дырэктар прадпрыемства М. І. Радына атрымаў яе на абласным мерапрыемстве па падвядзенні вынікаў працы за 2012 год. Пацвярджэннем прафесіяналізму валожынцаў стала і Падзяка райвыканкама.

 

Трэба адзначыць, што поспех спадарожнічае прадпрыемству ўжо восьмы год запар. Нездарма філіял ДП “Мінаблпаліва” лічыцца лепшым сярод дваццаці двух адпаведных структур на Міншчыне. Яго дзейнасць стабільная і ідзе з нарастаючым эфектам. За мінулы год выручка ад рэалізацыі паслуг склала амаль 13 мільярдаў рублёў. Атрыманы чысты прыбытак у памеры 1 мільярда 437 мільёнаў рублёў. У мінулым годзе ўпершыню прадпрыемства адправіла выпушчаныя пілеты на экспарт, гэты від дзейнасці прынёс дадатковыя 62 тысячы долараў у эквіваленце. Сёння асноўным імпарцёрам паліўнай валожынскай прадукцыі выступае Польшча, краіны Балтыі.

Дзякуючы мадэрнізацыі вытворчасці ўдалося істотна знізіць узровень энергетычных і паліўных затрат і дасягнуць 29,7-працэнтнай рэнтабельнасці. У 2012 годзе філіял рэалізаваў насельніцтву 9056 тон брыкету і 702 кубаметры дроў, акрамя гэтага ўдалося выйграць тэндары на пастаўку паліўнай прадукцыі ў воінскія часці Мінскага, Маладзечанскага, Дзяржынскага раёнаў, а таксама ў дзве часці на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Гэта таксама дадатковыя даходы.

Істотную ролю ў росце эканамічнага складальніка сыграла актыўная дапамога сельгаспрадпрыемствам раёна падчас уборачнай кампаніі. Транспарт філіяла летась перавёз 22 тысячы тон цукровых буракоў, амаль 7,5 тысячы тон зерня, даставіў у сельгаскааператывы 3 тысячы тон угнаенняў. Спраўна пералічвае сродкі на рахунак прадпрыемства ТАА “Рапс” – сельскагаспадарчая арганізацыя з Мінскага раёна, якая арандуе вагавую ўстаноўку філіяла і наймае тут пагрузчык. Плённая работа наладжана з дарожнымі арганізацыямі раёна, якім работнікі філіяла дапамаглі завезці ў патрэбныя месцы 11 тысяч тон пясчана-гравійнай сумесі.

Вядома, добрыя вынікі дзейнасці не замарудзілі адбіцца і на заработнай плаце. Апошнім часам сярэдні заробак тут перавышае 4 мільёны рублёў.

Высокімі эканамічнымі паказчыкамі прадпрыемства абавязана самаадданай працы галоўнага бухгалтара Т. М. ЛЯШКЕВІЧ, дырэктара М. І. РАДЫНЫ, вядучага эканаміста Г. М. РУБАЦКАЙ, вадзіцеля МАЗа М. Ф. ГУТАРА і ўсяго астатняга дружнага працоўнага калектыву.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий