ЖЫЦЦЁВАЯ ДОЛЯ — БЫ ЖЫТНЯЕ ПОЛЕ

Культура

З Зояй Макараўнай ЗАДОРАЙ мы сустракаліся марознай студзеньскай раніцай. Пасівелыя ад шэрані ракаўскія яліны – на зіму ардэнаносец з Анцэлеўшчыны перабіраецца да дачкі ў Ракаў – паважна ківалі галовамі над новымі катэджнымі вуліцамі старадаўняга мястэчка. А жвавая жанчына – і не падумаеш, што за плячыма ў яе восем дзясяткаў гадоў – сустракала мяне простай усмешкай, за якой так складана было ўбачыць кавалера некалькіх ордэнаў, удзельніка шматлікіх з’ездаў і прафесійных выставак, чалавека, чыё імя лёгка адшукаць у самых розных энцыклапедыях і даведніках. Менавіта з іх сухіх радкоў мне маляваўся зусім іншы вобраз – засяроджаны, халаднаваты, вельмі сур’ёзны. Але ж я памыляўся. Гутарка лілася вольна і лёгка.

– Шаноўная Зоя Макараўна, ёсць такое старое выказванне: «усе мы родам з дзяцінства». Раскажыце, калі ласка, аб сваім жыцці ў самым яго пачатку.

– Я – самая малодшая з шасці дзяцей. Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Парэчча Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. У год, калі пайшла ў школу, памерла маці. Так што гадаваў нас бацька адзін. Жылося, зразумела, вельмі нялёгка. Калі пачалася вайна, акупацыйная ўлада раздала людзям зямлю ў разліку на колькасць людзей у сям’і. Нас было сямёра, атрымаўся даволі вялікі надзел. Пасеялі, зжалі рукамі, абмалацілі, сабралі неблагі ўраджай. Але ж, як аказалася, радаваліся дарма. І да канца зімы не хапіла. Большую частку забралі немцы, нешта аддалі партызанам.

– Як сям’я перажыла вайну?

– У нас у Парэччы немцы сабралі ледзь не ўсю моладзь і прымусова запісалі ў паліцыю. Праз месяц хлопцы дамовіліся і ўсе разам уцяклі ў партызаны, стварылі свой атрад. З-за сыноў-партызанаў бацьку вельмі доўга трымалі ў турме. То адпускалі, то зноў арыштоўвалі. Партызанаў жа сапраўды шмат было «ў гасцях», нават сам Канстанцін Заслонаў спыняўся аднойчы. Старэйшы брат у партызанах і загінуў. Другі пражыў крыху больш. Трапіў у нямецкі лагер, вырваўся на волю, пайшоў на фронт. Быў вядомым снайперам, нават лістоўкі такія былі: «Страляй, як снайпер Задора!». Але ж да перамогі дажыць Бог не даў. А вось бацька вайну перажыў. Адзін год яшчэ будаваў людзям хаты. У 1946 годзе памёр. 64 гады было яму…

– Ці памятаеце першыя пасляваенныя калгасы?

– Канешне! Адразу ж пасля вайны аднавілі калгас у Парэччы. У першы год араць даводзілася на сабе. Калі дарослыя людзі, то па 6 чалавек запрагаліся, моладзь – чалавек па 8, і так чалавечай сілай і аралі зямлю. На другі год з’явіліся першыя коні, а яшчэ крышку пазней і першы трактар прыйшоў. Памятаю, як на гэтым ХТЗ трактарыстамі былі нават дзяўчаты.

– Дзе атрымлівалі адукацыю?

– Спачатку скончыла сямігодку ў Смальянах, старадаўнім мястэчку, якое знаходзілася ў 5 кіламетрах ад нашай вёскі. І адразу ж паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум, які працаваў там яшчэ з трыццатых гадоў. Правучылася тры гады, атрымала спецыяльнасць агранома. А ўся далейшая мая адукацыя была ўжо на палетках…

– Чаму выбралі такі жыццёвы шлях? Ці лёгка было вучыцца?

– Па-першае, маючы так недалёка ад дому вядомую навучальную установу, ні пра якія іншыя асабліва і не думалася. Па-другое, мы ж на зямлі ад самага нараджэння працавалі, таму прафесія земляроба заўсёды здавалася самай натуральнай. А вучылася лёгка, нават з асалодай. Адна толькі бяда – кніжак было вельмі мала. Тым, хто жыў у інтэрнаце пры тэхнікуме, было прасцей – у іх хаця б некалькі падручнікаў на ўвесь інтэрнат было. У нас жа, вясковых, уся надзея была толькі на канспекты. Першую сваю практыку праходзіла ў родным калгасе. Якраз у той час у нас спрабавалі вырошчваць такую экзатычную паўднёвую культуру, як кок-сагыз. Хацелі з яе ўласны савецкі каўчук рабіць. Толькі ў нас гэты кок-сагыз расці не хацеў зусім…

– Якім чынам трапілі на Валожыншчыну?

– Па накіраванні пасля заканчэння тэхнікума. Большай часткай моладзь накіроўвалі тады ў заходнія раёны Беларусі, дзе толькі пачыналі стварацца калгасы. Так я і стала аграномам па льну Валожынскага райсельгасаддзела. Памятаю, як Ніна Наквас, што працавала ў выканкаме, узяла мяне да сябе на кватэру. У Валожыне я прабыла ўсяго некалькі месяцаў. Потым стала працаваць у калгасе імя Аляксандра Неўскага. Крыху пазней яго аб’ядналі з суседнім калгасам імя Ракасоўскага. У выніку зліцця гаспадарак і ўзнік саўгас «Падбярэззе», які стаў для мяне родным.

– Ці не сумавалі па малой радзіме, па Віцебшчыне?

– Не сумавала. І пра вяртанне дадому ніколі нават не думала. Валожынскія людзі мне вельмі спадабаліся – усе, з кім давялося сутыкацца, аказаліся працавітымі і зычлівымі! Таму да самага сённяшняга дня лічу Валожыншчыну сваёй радзімай.

– Яшчэ ў сярэдзіне васьмідзясятых гадоў Вам удавалася атрымліваць такія ўраджаі, што часам і цяперашнія гаспадаркі з усёй іх тэхнічнай аснашчанасцю не могуць пабіць тагачасных рэкордаў. Як гэта ўдавалася?

– Паступова. Спачатку нам удавалася збіраць не больш за 3 цэнтнеры з гектара. Пачалі паляпшаць глебу. Даводзілася на вазах вывозіць гной з двароў вяскоўцаў, нават курынаму памёту не давалі прапасці. Ураджайнасць павысілася да 6-7 цэнтнераў. Калі я даведалася, што нашы суседзі ў калгасе 17 верасня намалочваюць па 17 цэнтнераў, проста не магла ў гэта паверыць. Потым мы сталі выкарыстоўваць торф, крыху пазней адкрылі першую малочна-таварную ферму на 50 галоў. Як толькі з’явілася крыніца арганічнага ўгнаення – ураджайнасць пайшла ўгору. А рэкордных намалотаў у 56 цэнтнераў з гектара мы дасягнулі ў 1987 годзе. Тады гаспадарка мела статус спецыялізаванай насенняводчай і таму тэхнікі і мінеральных угнаенняў мы атрымлівалі столькі, колькі было патрэбна. Ну, а другая складаючая поспеху – гэта людзі. Адносіны да працы тады былі крыху іншыя. Працавалі не за грошы, а па-сапраўднаму «хварэлі» за агульны поспех, шчыравалі, як на сваёй уласнай зямлі.

– Значную частку жыцця Вы жылі і працавалі ў вёсцы Анцэлеўшчына. Якім чынам лёс прывёў Вас туды?

– Спачатку я жыла на кватэры ў вёсцы Поці, а ў 57-м годзе выйшла замуж за хлопца з Анцэлеўшчыны. І пераехала туды, як аказалася – на ўсё жыццё. Муж працаваў брыгадзірам. Нарадзілі траіх дзетак. Гадаваць іх дапамагаў мужаў бацька, які да смерці жыў разам з намі. Цудоўны быў чалавек! Шкадаваў мяне заўсёды, дапамагаў, як мог – і карову падоіць, і дзяцей паглядзіць. Нават курыць кінуў, каб унукам яго слабасць на прынесла шкоды.

– Вам неаднаразова даводзілася бываць у якасці дэлегата на усесаюзных з’ездах у Маскве. Ці не адчувалі сябе там, як кажуць, «не ў сваёй талерцы»?

– Крыху саромелася, баялася выглядаць занадта па-вясковаму. Але ж з’езды цягнуліся дастаткова доўга, таму паспявала прывыкнуць. Памятаю, аднойчы сядзела на пасяджэнні побач з нашым пісьменнікам Іванам Шамякіным. Іншым жа разам, падчас XXVI з’езду КПСС, давялося нават выступаць з расказам аб самім з’ездзе. Тады пляменнікі служылі ў арміі ў Маскве, дык мяне запрасілі да іх у часць, каб расказала салдатам аб тым, што адбываецца ў Крамлёўскім палацы. Самі ж з’езды здаваліся мне карыснымі. Шмат чаму ўдавалася навучыцца.

– Ці задаволены сваім жыццём? Ці ўсё задуманае ўдалося зрабіць?

– Чаму ж не? Задаволеная. Сорамна было б на штосьці жаліцца. Хоць і працаваць давялося шмат, бо тыя «геройскія» зоркі самі з неба, вядома ж, не падалі, але ж і вынікі працы маюцца. Вось і краіна ўжо іншая, а пра мае заслугі і дагэтуль не забываюцца, прэса часта завітвае. Часам нават думаю: «Ці не зашмат мне ўвагі?»

Якія ўзнагароды маеце?

– Два ордэны Леніна, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, зорку Героя Сацыялістычнай Працы, медаль «За доблесную працу», адзін залаты і два бронзавыя медалі ВДНГ СССР.

– Як Вы сёння адносіцеся да сваіх узнагарод? Ці не змяніліся гэтыя адносіны з часам?

– Нічога не змянілася. Атрымліваць іх было вельмі прыемна, бо ведала, што гэта на самой справе за рэальныя вынікі. Хаця і разумела заўсёды, што было шмат іншых, хто працаваў не горш і не менш за мяне. Але так ужо сталася, што ў мяне працоўныя паказчыкі аказаліся лепшымі.

– Сёння колькасць закінутых вясковых хат толькі расце. Як Вы думаеце, чаму?

– Горад з’еў нашу вёску. Зразумела, там і заробкі большыя, і ўмовы лепшыя. Сённяшняй вясковай моладзі часта нічога не трэба – ні скаціны, ні гаспадаркі, ні двара дагледжанага. А такім, вядома, на вёсцы не сядзіцца. Прывыклі, што жывецца лёгка, што ўсё даецца ледзь не само сабою, вось і бягуць шукаць невядома якога шчасця. Горад жа іх усіх і прымае. Занадта лёгка прымае, як мне здаецца…

– Які перыяд у жыцці сёння здаецца Вам самым лепшым?

– Людзям часта бачыцца самым лепшым іх юнацтва. Але ж у майго пакалення юнацтва было цяжкае. Таму больш успамінаюцца гады сталасці, 70-80-я. Тады працу сялянскую цанілі высока, лічылі пачэснай і на самым вышэйшым узроўні, і сярод саміх людзей. Працаваць у сельскай гаспадарцы лічылася па-сапраўднаму прэстыжным.

– Ці любіце чытаць?

– І заўсёды любіла, і цяпер не кінула. Больш падабаюцца беларускія пісьменнікі. Дома бібліятэка заўсёды была немалая, цяпер ва ўсіх дзяцей уласныя кнігазборы – як прыязджаю да іх у госці, заўсёды знаходжу для сябе нешта цікавае.

–      Што зараз чытаеце?

–      Раман «Белая Русь» Іллі Клаза.

–      Ці глядзіце тэлебачанне? Ці падабаецца сучаснае кіно?

– Тэлевізар гляджу, але ўсё больш навіны ды канцэрты. Кіно – толькі калі старое паказваюць, пра зямлю, пра людзей працы. Сучаснае ж – неяк нецікава…

– Ці любіце гатаваць? Якія стравы – любімыя?

– Як ні дзіва, не люблю. Не было ў жыцці часу на кулінарыю. І страваў любімых няма. Нас галоднае дзяцінства прывучыла быць непераборлівымі… Ну, напэўна, беларускую бульбу люблю больш за ўсё!

– Што трэба, каб быць чалавекам?

– Трэба разумець, што ты чалавек, і памятаць, што ты не адзін на свеце, а навокал – іншыя людзі, якіх трэба паважаць, старацца кожнага зразумець.

– У чым Ваш сакрэт даўгалецця і бадзёрасці?

– Трэба па полі болей хадзіць! Абыдзеш дзясятак-другі гектараў – лепшая табе зарадка. І ўвогуле, трэба больш рухацца, быць на прыродзе. А будзеш усё жыццё ля тэлевізара сядзець, дык не будзе табе ні даўгалецця, ні бадзёрасці.

Гутарыў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий