ДЗЕНЬ З ВОДАРАМ МІМОЗЫ…

Общество

Другі год раённую арганізацыю “Беларускі саюз жанчын” узначальвае З. М. Дубіна. Прыход новага кіраўніка гэта, як правіла, і свежыя ідэі, і цікавыя задумы. Зоя Мікалаеўна ў сваёй паўсядзённай практыцы пацвердзіла гэта меркаванне. У сакавіку па ініцыятыве старшыні БСЖ жанчыны-кіраўнікі розных устаноў, арганізацый, ведамстваў раёна, лідары грамадскіх арганізацый збіраюцца разам на святочную імпрэзу, якая праходзіць у Валожыне.

На гэты раз галоўнае свята вясны “Дзень, які пахне мімозай…” сабрала разам 45 прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва з нашага раёна. Усе жанчыны – добра вядомыя на Валожыншчыне. Кожная з іх без выключэння дастойна не толькі ў свята слоў шчырай падзякі за тое, што разам з падначаленымі калектывамі прафесіянальна робіць сваю справу.

З будзённых заслуг і працоўных здабыткаў кожнай жанчыны можна сплесці сімвалічны вянок славы роднай Валожыншчыны. Кіраўніцкі корпус раёна таксама сёння пераважна жаночы. Здзіўляешся толькі, як жанчыны, нягледзячы на сваю службовую дзелавітасць, вялікую прафесіянальную загружанасць, знаходзяць сілы, каб ствараць утульнасць у доме, каб клапаціцца пра дзяцей, блізкіх людзей, і пры гэтым застаюцца такімі прывабнымі, абаяльнымі, жыццярадаснымі… У пераліку эпітэтаў я не выпадкова паставіла шматкроп’е. Бо ў адрас мілых жанчын за святочным “круглым сталом” у райвыканкаме 7 сакавіка прагучала столькі цёплых слоў, столькі шчырых віншаванняў, сардэчных зычэнняў, што ў пакоі, дзе праходзіла гэта мерапрыемства, здаецца, міжволі паплыў водар вясны…

Шаноўнай жаночай аўдыторыі вітальныя словы адрасаваў старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч Наумовіч, а таксама яго саслужыўцы. Цеплынёй былі прасякнуты і выступленні старшыні РГА “Беларускі саюз жанчын” З. М. Дубіны, кіраўніка ГА “Белая Русь” Н. А. Чарнышовай. Гучалі і пранікнёныя віншаванні ў вершаванай форме ад імя В. Краўневіч і В. Русакевіч. Не саромеліся быць эмацыянальнымі і чулымі ў той сакавіцкі дзень і многія мужчыны, якія прыйшлі на ўрачыстасць.

Яркія ноткі ў святочную праграму ўнеслі работнікі культуры, зоркі мастацкай самадзейнасці горада У. Данчанка, А. Барыгін, А. Рцішчаў і многія іншыя.

Падобныя сустрэчы напярэдадні 8 Сакавіка, дарэчы, праходзяць далёка не ва ўсіх рэгіёнах вобласці. А на Валожыншчыне гэта ўжо становіцца добрай традыцыяй. Вядома, каб арганізаваць любое мерапрыемства на належным узроўні, патрэбна патраціць нямала і сіл, і часу. Спонсарамі сёлетняга святочнага агеньчыка выступілі ГА “Белая Русь”, а таксама прадпрымальнікі Я. І. Грыбоўскі, С. Д. Саевіч.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий