ПАЎЗА ДЛЯ БАЦЬКОЎ…

Общество

У сям’і нярэдка здараюцца сітуацыі, калі трэба адлучыцца з дому, а хворае дзіця няма з кім пакінуць. Напрыклад, трэба неадкладна трапіць на прыём да ўрача, ці маці чакае тэрміновая паездка па сямейных абставінах… У гэтай сітуацыі бацькам, іншым членам сям’і ў нашым раёне дапаможа Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця.

Сёлета тут стартаваў праект “Сацыяльная перадышка”. Ужо сама назва сведчыць пра тое, што дом-інтэрнат прадастаўляе бацькам кароткі перапынак па доглядзе за дзіцем, які з’яўляецца інвалідам ці хварэе, а таму патрабуе пастаяннага клопату з боку блізкіх яму людзей.

Івянецкі дом-інтэрнат прыме на часовае ўтрыманне дзіця, нават і тады, калі маці, бацька проста захацелі адпачыць. У прыватнасці, запланавалі экскурсійную паездку, ці хочуць заняцца рамонтам у кватэры, або працуюць пазменна на вытворчасці, а графік нечакана прыйшлося падкарэкціраваць.

Сацыяльная перадышка практыкуецца з гэтага года. Магчыма, названы праект яшчэ не атрымаў шырокай вядомасці, хаця карысць ад яго вялікая.

З пачатку года ў Івянецкі дом-інтэрнат звярнуліся па дапамогу толькі дзве сям’і.

Напомнім, што вельмі зручнай сацыяльнай паслугай могуць карыстацца бацькі, якія гадуюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Такія дзеці, як правіла, патрабуюць спецыяльнага медыцынскага догляду. Дзіця можа знаходзіцца ў доме-інтэрнаце ў рамках праграмы кругласутачнага абслугоўвання ад аднаго да чатырнаццаці дзён і нават больш (у залежнасці ад патрэб пэўнай сям’і). Такая паслуга аказваецца бясплатна. Максімальны тэрмін сацыяльнай перадышкі абмежаваны – да 28 дзён на працягу года.

Ва ўстанове, якая становіцца часовым прытулкам, кожнаму дзіцяці гарантаваны клопат і догляд, адэкватны яго патрэбам і магчымасцям.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий