МАНІТОРЫНГ СІТУАЦЫІ

Общество

У межах дзяржаўнай праграмы па ўкараненні лічбавага тэлевізійнага вяшчання спецыялістамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва праведзена анкетаванне малазабяспечаных грамадзян.

Вывучалася забяспечанасць найменш абароненых слаёў насельніцтва неабходным абсталяваннем для пераходу на новы фармат тэлебачання.

Даследаванне закранула шматдзетныя сем’і, адзінокіх пенсіянераў, сем’і з дзецьмі-інвалідамі, у якіх месячны бюджэт меншы за ўстаноўлены пражытачны мінімум. Завіталі сацыяльныя работнікі і да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінокіх непрацуючых інвалідаў 1 і 2 груп, а таксама да выпускнікоў інтэрнатных устаноў з ліку дзяцей-сірот.

Высвятлялася забяспечанасць рэспандэнтаў лічбавымі тэлевізійнымі прыстаўкамі, антэнамі для прыёму сігнала і адпаведнымі тэлевізійнымі прыёмнікамі. Сабраныя даныя будуць прааналізаваны з мэтай прыняцця рашэння аб аказанні неабходнай дапамогі тым, хто не здольны самастойна падрыхтавацца да пераходу на новы фармат тэлевізійнага вяшчання.

Поўны пераход на лічбавае эфірнае тэлебачанне ў межах Валожынскага раёна адбудзецца да 1 лютага 2015 года.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий