ТУРЫСТЫЧНЫ БІЗНЭС СА ШКОЛЬНАЙ ПАРТЫ…

Общество

На базе Ракаўскай школы ўжо два гады дзейнічае бізнэс-кампанія, якая паспяхова праводзіць экскурсіі па культурных і гістарычных мясцінах аграгарадка Ракаў.

Кіраўнік бізнэс-праекта – настаўнік гісторыі і кіраўнік краязнаўчага музея Алена Валер’еўна Грыбоўская больш падрабязна на гэту тэму:

— Раскажыце, калі ласка, у чым сутнасць праекта?

— Асноўная задача праекта заключаецца ў тым, каб сфарміраваць у вучняў веды па прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэта навучанне праз практыку.

— Як усё пачыналася?

У мінулым навучальным годзе ў Мінскай вобласці быў аб’яўлены конкурс інавацыйных ідэй навучэнскай моладзі. У школе адразу гэтым зацікавіліся. Ідэя ўзнікла не на пустым месцы. Ужо чатыры гады ў школе працуе перасоўны палатачны лагер “Задора”, каб вучняў зацікавіць турызмам. За пазабюджэтныя сродкі школа набыла палаткі, спальныя мяшкі, іншы турыстычны інвентар. У школе ёсць краязнаўчы музей імя В. П. Налецкага, тут сабрана шмат цікавых экспанатаў.

Экскурсаводы школьнага музея даследавалі рынак турыстычных паслуг, распрацавалі бізнэс-план. Распрацаваны праект праграмы выхаднога дня “Ракава сівыя камяні”. Ён трапіў у фінал конкурсу інавацыйных ідэй навучэнскай моладзі і атрымаў спецыяльны прыз аргкамітэта.

— Віншую! У якім стане знаходзіцца сёння ваша бізнэс-кампанія?

— На сённяшні дзень у складзе школьнай бізнэс-кампаніі шэсць чалавек. Акрамя ўдзелу ў бізнэс-кампаніі, усе яны наведваюць факультатыўныя заняткі па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці.

— Алена Валер’еўна, раскажыце больш падрабязна пра асаблівасці экскурсій?

— Экскурсія разлічана на групу да 30 чалавек. Яна можа быць аднадзённай або двухдзённай, пешай ці веласіпеднай. Ёсць і магчымасць дастаўкі групы да месца экскурсіі транспартам арганізатара. Экскурсантам будзе прапанаваны турыстычны абед на свежым паветры, удзел у фальклорных звычаях і спартыўных гульнях, а таксама выраб сувеніраў сваімі рукамі.

Агульная працягласць экскурсіі – 6 гадзін. Мы прымаем турыстаў па суботах і нядзелях. Ужо правялі сем экскурсій.

Акрамя экскурсійнай праграмы, наша кампанія вырабляе сувеніры: лялькі ручной работы і календары розных фарматаў.

— Дзякуй за цікавую інфармацыю, спадзяюся, што многія зацікавяцца вашым бізнэс-праектам, і вы паспяхова прадоўжыце правядзенне экскурсій.

Кацярына ЗАБЕЛА,

вучаніца 11 “Б” класа Ракаўскай СШ.

 



Добавить комментарий