САМАГОННЫ «БІЗНЭС»: ПА СПРАВАХ І АДКАЗНАСЦЬ

Закон и порядок

Як лічаць гісторыкі, працэс атрымання этылавага спірту шляхам дысцыляцыі альбо перагонкі вынайшлі яшчэ ў дзявятым стагоддзі ці то арабскія натуралісты, ці то еўрапейскія алхімікі. Спачатку дастаткова слабы алкаголь выкарыстоўвалі ў якасці… вочных капель з нагоды яго дэзінфіцыруючых уласцівасцяў. Але ж ужо праз колькі стагоддзяў «заліваць вочы» сталі куды больш грунтоўна.

Не пераводзяцца аматары гэтага занятку, на жаль, і сёння. Ледзь не кожны дзень у міліцэйскіх зводках мільгаюць паведамленні аб знішчэнні чарговай падпольнай міні-вытворчасці, але ж самагонаварэнне, нібыта той Фенікс з попелу, адраджаецца зноў і зноў. Дадалі новых старонак у бясконцую гісторыю змагання закону з самагонам на Валожыншчыне і першыя месяцы бягучага года.

Найбольш значнай знаходкай аказалася наладжаная вытворчасць, што размяшчалася ў закінутым будынку ў вёсцы Лужаны Дорскага сельсавета. Акрамя самагоннага апарата праваахоўнікі знішчылі там рэкордную колькасць брагі – каля дзесяці тон. Крыху меншы размах меў незаконны промысел, ліквідаваны міліцыяй недалёка ад вёскі Букатова Вішнеўскага сельсавета, дзе ў дадатак да перагоннай «лініі» было знойдзена 700 літраў самагоннай брагі. Тлумачыць прадстаўнікам закону паходжанне і прызначэнне адпаведнага «агрэгата» і 150 літраў «сыравіны» да яго давялося і жыхару вёскі Вялікае Поле Яршэвіцкага сельсавета. 60 літраў брагі знайшлі міліцыянеры ў адным з двароў вёскі Ласокіна Сугваздаўскага сельсавета.

Не толькі паўфабрыкаты самагоннай вытворчасці, але і яе незаконныя вынікі можна адшукаць у некаторых дварах. Так 60 літраў «вогненнай» знаходзілася ў падвале жыхаркі вёскі Паморшчына Ракаўскага сельсавета. Крыху меншыя «запасы» знойдзены і канфіскаваны ў жыхароў вёскі Старынкі Гародзькаўскага сельсавета і райцэнтра. У абодвух выпадках міліцыяй быў спачатку зафіксаваны факт продажу самаробнага алкаголю. Далейшае расследаванне прывяло да выяўлення адпаведна 20 і 4,5 літраў гатовага прадукту.

Не толькі самагон мясцовай вытворчасці трапляе на «чорны» алкагольны рынак раёна. Нядаўна падчас рэйдавай праверкі на аўтадарозе Вішнева-Подберазь супрацоўнікі міліцыі спынілі аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся жыхар горада Маладзечна, які – паводле яго слоў – ехаў у госці да сваякоў. У багажніку машыны знаходзілася 35 літраў самагону. Заставалася б толькі здагадвацца аб будучым лёсе напою, каб ён не быў у час канфіскаваны.

Дзяржаўная манаполія на выраб і продаж алкаголю – з’ява, характэрная для значнай колькасці краін свету. Акрамя таго, што яна – значная крыніца бюджэтных паступленняў, не менш важным з’яўляецца і пытанне бяспекі насельніцтва. Не сакрэт, што няякасны алкаголь вельмі часта прыводзіць да моцных атручванняў і нават смерці аматараў таннага самаробнага «пітва».

Задумацца аб тым, ці «варта аўчынка вырабу», дапамогуць і звесткі аб адказнасці, якую паводле закону нясуць «самагоншчыкі». Як паведамілі ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, любыя дзеянні звязаныя з вырабам, захаваннем і рэалізацыяй незаконнага алкаголю цягнуць за сабой адміністрацыйную адказнасць. Памер штрафаў можа даходзіць да 30 базавых велічынь. Пры гэтым самагон, абсталяванне і матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца для яго вытворчасці, канфіскуюцца.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий