СМАК ЖЫТНЯГА ХЛЕБА або Мой шлях у навуку

Люди и судьбы

Колькі часу таму рэдакцыя атрымала пісьмо. Наш сталы чытач і аўтар, у мінулым настаўніца Пяршайскай сярэдняй школы, Данута Шаўлоўская прапаноўвала размясціць у рубрыцы «Славутыя асобы» звесткі аб адным са сваіх колішніх вучняў, а цяпер вядомым беларускім вучоным, доктары сельскагаспадарчых навук, намесніку генеральнага дырэктара па навуцы РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве», загадчыку лабараторыі селекцыі, насенняводства і тэхналогіі вырошчвання азімага жыта Эроме УРБАНЕ. Каб удакладніць скупыя біяграфічныя звесткі, мы звярнуліся да самога навукоўца. Атрыманая вусна інфармацыя напоўніла адну з «галінак» рубрыкі, а праз нейкі час у рэдакцыйнай электроннай паштовай скрыні з’явіўся аўтабіяграфічны нарыс самога Эромы Пятровіча, з якім мы сёння з радасцю знаёмім нашых чытачоў.

Нарадзіўся я ў вёсцы Бурбаўшчына Пяршайскага сельсавета 30 ліпеня 1954 года, хаця бацькі сцвярджаюць, што на самой справе адбылося гэта двума месяцамі раней – 31 мая. У выніку па сённяшні дзень даводзіцца атрымліваць віншаванні двойчы – у маі ад сваякоў і сяброў і ў ліпені ад тых, хто знаёмы са мной больш афіцыйна.

Маці Антаніна Канстанцінаўна і бацька Пётр Канстанцінавіч усё жыццё працавалі ў калгасе імя К. Маркса, яна – у паляводстве, ён – у жывёлагадоўлі. Людзі іх пакалення стаялі ля вытокаў зараджэння новага тыпу гаспадарання. Усё сваё жыццё і здароўе яны прысвяцілі служэнню зямлі, калгасу. Уручную жалі жыта, на вазах звозілі снапы ў сховішча і абмалочвалі на перасовачных малатарнях. Церабілі лён, вымочвалі трасту, на прымітыўных калгасных машынах атрымлівалі льновалакно. Даглядалі за «дзялкамі» цукровых буракоў і іншых палявых культур. За добрасумленную працу бацькоў неаднаразова адзначала кіраўніцтва гаспадаркі, на чале якой стаяў тады Канстанцін Вікенцьевіч Захарэвіч.

Праблемы з выбарам прафесіі ў мяне не было. Ужо з 12 гадоў разам з іншымі аднагодкамі я ўлетку абганяў на конях калгасную бульбу, вазіў сена, палоў буракі, малаціў на малатарні жыта. Як прыемна было на школьнай лінейцы атрымаць з рук старшыні калгаса падарунак за дапамогу падчас уборкі ўраджаю! Да таго ж з самага ранняга дзяцінства запомніўся водар і смак свежага жытняга хлеба – духмянага, з храбусткай скарыначкай, спечанага маці на хатняй заквасцы ў печы на дубовым лісці.

Яшчэ падчас вучобы ў Пяршайскай сярэдняй школе вызначыўся са сваімі інтарэсамі. З года ў год удзельнічаў у школьных, раённых і абласных алімпіядах па батаніцы і біялогіі. Таму пасля заканчэння ў 1969 годзе васьмі класаў без сумненняў абраў прафесію агранома і паступіў на вучобу ў Марьінагорскі саўгас-тэхнікум, які скончыў у 1973 годзе. Адразу ж пасля заканчэння вучобы быў накіраваны на працу памочнікам брыгадзіра ў саўгас «Праца» роднага Валожынскага раёна.

Сярод сваіх школьных настаўнікаў з пачуццём глыбокай пашаны і ўдзячнасці хачу сёння ўзгадаць Д. В. Шаўлоўскую (беларуская мова і літаратура), Н. П. Бялькевіч (руская мова), К. М. Зянько (батаніка, біялогія), А. І. Макрыцкую (матэматыка) і шматлікіх іншых. Дзякуючы іх старанням, я набыў той неабходны пачатковы запас ведаў, які вельмі спатрэбіўся мне ў наступным.

Адслужыўшы ў арміі, у 1975 годзе я працягнуў вучобу ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Скончыўшы яе з адзнакай у 1980 годзе, быў накіраваны на працу малодшым навуковым супрацоўнікам ў Беларускі навукова-даследчы інстытут земляробства.

Усё наступнае маё жыццё звязана з селекцыяй раслін, у прыватнасці – азімага жыта. Працуючы пад кіраўніцтвам вядомага селекцыянера, Героя Сацыялістычнай працы, прафесара М. Д. Мухіна, я паспяхова асвоіў селекцыйны працэс, методыку закладкі палявых вопытаў, адчуў усю высокую культуру вопытнага поля. Займацца селекцыяй – справа цікавая, але ж і клапатлівая, адказная. Толькі ўявіце – з тысяч і нават з дзясяткаў тысяч раслін даследчык мусіць вылучыць і адабраць менавіта тую, якая ў будучым можа даць пачатак новаму сорту!

У 1982 годзе я паступіў у аспірантуру, у 1987-м абараніў дысертацыю на атрыманне навуковай ступені кандыдата сельскагаспадарчых навук.

Праз дзесяць гадоў быў абраны па конкурсе загадчыкам лабараторыі селекцыі, насенняводства і тэхналогіі вырошчвання азімага жыта. У 2006 годзе абараніў дысертацыю на атрыманне навуковай ступені доктара сельскагаспадарчых навук. З 2010 года з’яўляюся намеснікам Генеральнага дырэктара па навуцы РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве».

Вынікам шматгадовай працы ў рэчышчы селекцыі стаў 21 сорт азімага жыта, уключаны ў Дзяржаўны рэестр Рэспублікі Беларусь і дапушчаны да выкарыстання. Яшчэ чатыры новыя сарты праходзяць дзяржаўнае сортавыпрабаванне. Пасевы ўсіх гэтых сартоў займаюць сёння ў Беларусі больш за 400 тыс. га альбо 98,6% плошчаў, адведзеных пад азімае жыта. Чатыры сарты ўключаны ў Дзяржаўныя рэестры замежных краін: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы. Распрацавана тэхналогія апрацоўкі новых сартоў азімага жыта, якая забяспечвае ураджайнасць на ўзроўні 55-65 ц/га. Больш таго, упершыню ў Беларусі створаны гібрыды азімага жыта (Галінка, Пліса, Лабел 103) з патэнцыялам ураджайнасці звыш 100 ц/га. Вынікі даследаванняў увасобіліся ў больш за 90 навуковых публікацыях, сярод якіх 2 манаграфіі.

Доўгія гады ў навуцы прывучылі здабываць усё ўласнай працай. Але ж адным з галоўных жыццёвых правіл для мяне заўсёды было – ніколі не забывацца, што ўсім дасягнутым у навуцы і жыцці ты абавязаны ў першую чаргу настаўнікам-педагогам, бацькам, сям’і, сваякам, калегам па працы і сябрам.

У нас выдатная сям’я. Клапатлівая, спагадлівая жонка Галіна Іванаўна, з якой мы пражылі разам у міры і згодзе 32 гады, працуе бухгалтарам. Сям’я ж дачкі Іны нядаўна падаравала нам унучку Ульяну, якая стала нашым маленькім сямейным сонейкам. Жывём і працуем у горадзе Жодзіна.

Завяршаючы сваю кароткую жыццёвую справаздачу, хачу пажадаць сваім землякам – працаўнікам Валожынскага краю – выдатнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях, штодзённага дастатку і дабрабыту ў сем’ях.

Эрома УРБАН.

 



Добавить комментарий