У САСНОВЫМ БАРЫ СІЛЫ БЯРЫ

Общество

Нядаўна ў рэдакцыю нашай газеты пазваніў жыхар вёскі Крыніца Віктар Іванавіч Ляончык. Зварот яго быў не зусім звыклы. Мужчына прасіў рэдакцыю адшукаць у Мікашэвіцкім раёне свайго былога калегу Мікалая Касчука. У канцы 70-х гадоў Віктар Іванавіч жыў у тым рэгіёне Брэстчыны. Там упершыню і паспрабаваў цудадзейны мёд, прыгатаваны з пупышак сасны. А вось рэцэпт, на жаль, не запісаў…

Безумоўна, рэдакцыі няпроста аднавіць падзеі таго далёкага часу. Магчыма, нашы нават самыя вялікія спробы знайсці такую інфармацыю, аказаліся б безвыніковымі. І мы сказалі пра гэта аўтару тэлефоннага званка. Ён пагадзіўся і папрасіў нас пра прыродны гаючы прадукт пачарпнуць звесткі з інтэрнэту, а потым змясціць іх на старонках газеты, каб змаглі пачытаць усе, у каго дома няма камп’ютара.

Мы старанна вывучылі гэту тэму. У выніку падрыхтавалі да друку наступную інфармацыю.

Сасновы мёд – класічны і ўніверсальны сродак ад кашлю, ад шматлікіх захворванняў дыхальных шляхоў. Вараць яго з вельмі маладых пупышак (або з зялёных шышак).

Вясной наш арганізм аслаблены і патрабуе дадатковых мер па ўмацаванні здароўя. Неабходна павялічыць яго ахоўныя ўласцівасці. І ў лячэнні дапамогуць расліны. Высокаэфектыўнымі, карыснымі ўласцівасцямі па ўмацаванні імунітэту, а таксама ў лячэнні шматлікіх захворванняў, валодаюць сасновыя пупышкі.

У іх – скарбніца карысных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў народнай медыцыне.

Дзякуючы такому мёду можна лячыць не толькі прастудныя захворванні, але і розныя паталогіі верхніх дыхальных шляхоў. Пры дапамозе гаючага мёду можна ўмацаваць і імунную сістэму арганізма.

Мёд рыхтуецца са свежасабраных (ранняй вясной) пупышак не больш 1-2 см велічынёй ці зялёных шышак велічынёй 2-3 см.

Нам спатрэбіцца:

100 пупышак памерам 1-2 см ці 50 зялёных шышак сасны памерам 2-3 см; 1 кг цукру; 1 ч. л. лімоннай кіслаты; 2 л. вады.

Пупышкі павінны быць толькі што сабраныя. Зразаюцца ці абломваюцца пупышкі сасны, якія звычайна дружна растуць па 5-7 штучак, ад 1 да 3 см з невялікай часткай сцябла. Зразаюць акуратна, імкнучыся не пашкодзіць галіны дрэва.

Нарыхтаваную сыравіну неабходна перабраць, адкінуўшы няякасныя пупышкі, старанна прамыць пад струменем халоднай вады ў друшляку, затым высушыць. Пасля змясціць у эмаліраваны посуд і заліць адной часткай вады.

Даводзім да кіпення і пакідаем на агні на чвэрць гадзіны. Дадаём у адвар астатнюю ваду ў выглядзе кіпеню. Варым, пакуль не выкіпіць палова вады. З 2-х літраў вады ў нас павінен застацца 1 літр адвару. Гэты працэс зойме прыкладна 1,5-2 гадзіны.

Затым трэба добра расцерці пупышкі прама ў каструлі і праварыць яшчэ хвілін 30. Калі варыце мёд з шышак, то гэтага рабіць не трэба. Астуджаем адвар і працэджваем пры дапамозе дробнага сіта або марлі, вяртаем змесціва зноў у каструлю.

Цяпер засыпаем цукар у суадносінах адзін да двух. У дадзеным выпадку маецца на ўвазе адна частка адвару. На слабым агні даводзім мёд да кіпення не перастаючы памешваць.

Перад тым як выключыць агонь, дадаём чайную лыжку лімоннай кіслаты і размешваем.

Колер сіропу становіцца карычневым. Гатовы мёд трэба разліць па слоічках і захоўваць як звычайны. Сасновы мёд, гэтак жа як і мёд пчаліны, зацукроўваецца.

Прымаць яго трэба па адной сталовай лыжцы раніцай, у абед і вечарам. Эфектыўнае тэрапеўтычнае дзеянне назіраецца пры яго ўжыванні разам з гарачым малаком або чаем.

Кожны чалавек індывідуальны, таму трэба ўлічваць асаблівасці свайго арганізма пры лячэнні раслінамі, у тым ліку і сасновым мёдам.

Заўвага: перш чым выкарыстоўваць прапанаваныя рэцэпты, абавязкова пракансультуйцеся са сваім лечачым урачом!

 



Добавить комментарий