ХАТЫНЬ – ЗНАК ВЕЧНАЙ ПАМЯЦІ І СМУТКУ

Общество

Адзіны дзень інфармавання насельніцтва, які прайшоў учора, прысвячаўся наступнай тэме: “Хатынь: знак вечнай памяці і смутку беларускага народа. Да 70-годдзя трагедыі”.

Назва гэтай невялікай беларускай вёскі стала знакам трагедыі ўсяго народа Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны. У гады Другой сусветнай вайны ў Беларусі было разбурана 209 гарадоў і гарадскіх мястэчак, спалена больш за 9 тысяч вёсак. 628 беларускіх вёсак падзялілі лёс Хатыні. 186 з іх – не адроджаны дагэтуль. І гэта далёка не поўная статыстыка вайны. Знакам жорсткасці гітлераўскіх акупантаў у стаўленні да мірных людзей стала вёска Хатынь.

22 сакавіка 1943 года на шашы Мінск-Віцебск у шасці кіламетрах ад Хатыні партызаны абстралялі аўтакалону фашыстаў у складзе адной легкавой і дзвюх грузавых машын. У выніку быў забіты афіцэр паліцыі, шэф-камандзір 1-й роты 118 паліцэйскага батальёна і трое паліцэйскіх. Партызаны, якія здзейснілі напад, схаваліся ад фашыстаў у лесе.

У другой палове дня, выклікаўшы падмацаванне з Лагойска, дзе дыслацыраваўся батальён СС, карнікі накіраваліся ў Хатынь. Фашысты ўварваліся ў вёску і акружылі яе. Людзі яшчэ нічога не ведалі, але ім ужо быў вынесены смяротны прысуд. Жыхароў вёскі – старых, жанчын, дзяцей –  выганялі з хат і гналі ў калгасны свіран.

Калі ўсё насельніцтва вёскі апынулася там, фашысты замкнулі дзверы, абклалі будынак саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Драўляныя сцены імгненна загарэліся. Старэйшыя спрабавалі выратаваць дзяцей.  Пад напорам дзясяткаў чалавечых целаў не вытрымалі і паваліліся дзверы адрыны. У падпаленым адзенні, ахопленыя жахам, людзі кінуліся на ўцёкі, але тых, хто вырываўся з полымя, фашысты расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. У агні згарэлі 149 жыхароў вёскі, з іх 75 дзяцей да 16-гадовага ўзросту. Вёскі не стала…

Толькі двое хлопчыкаў з тых, хто знаходзіўся ў свіране, засталіся жывыя – аднаго закрыла целам смяротна параненая матуля, другому разрыўная куля трапіла ў нагу і гітлераўцы палічылі яго мёртвым. Дзяцей падабралі і выхадзілі жыхары суседніх вёсак.

Пасля вайны яны выхоўваліся ў дзіцячым доме. Сталы сведка хатынскай трагедыі, 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі, абгарэлы і паранены, прыйшоў у свядомасць позна ўночы, калі фашыстаў ужо не было ў вёсцы. Яму прыйшлося перажыць яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў і свайго сына. Хлопчык быў смяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Ён памёр на руках у бацькі. Гэты трагічны момант з жыцця Іосіфа Камінскага пакладзены ў аснову стварэння адзінай скульптуры мемарыяльнага комплексу «Хатынь – Непакораны чалавек». Урачыстае адкрыццё гэтага помніка адбылося 5 ліпеня 1969 года.

Сёння мемарыяльны комплекс «Хатынь» з’яўляецца архітэктурна-мастацкім збудаваннем з сусветным іменем. За 43 гады існавання мемарыял наведалі больш 36 мільёнаў чалавек – прадстаўнікі больш 100 краін свету з усіх кантынентаў. За 2011-2012 гады на комплексе пабывалі звыш 380 тысяч чалавек з Беларусі і краін блізкага і далёкага замежжа. Выява мёртвай вёскі раскрывае сутнасць фашызму, з вялікай сілай уздзейнічае на гледачоў.

За кароткі час мемарыяльны комплекс «Хатынь» атрымаў усенароднае прызнанне. Да 60-годдзя вызвалення Беларусі па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2004 годзе была праведзена рэканструкцыя комплексу з элементамі рэстаўрацыі, створана і адкрыта для наведвальнікаў фотадакументальная экспазіцыя. Мемарыяльны комплекс заўсёды будзе нагадваць пра ахвяры фашызму на беларускай зямлі, пра тыя вёскі, якія спалілі гітлераўцы разам з жыхарамі, пра кожнага героя, хто загінуў за волю і незалежнасць нашай Радзімы…

 

 

 



Добавить комментарий