РАЗВІЦЦЁ Ў ФАРМАЦЕ СТАБІЛЬНАСЦІ

Общество

Яшчэ ў многіх рэпарцёраў не астыў, як кажуць, напал экстранных паведамленняў, якія гучалі ў эфіры, друкаваліся ў газетах у сувязі з нядаўнім цыклонам. Таму, звяртаючыся да кіраўніка вобласці, у пачатку прэс-канферэнцыі журналісты пацікавіліся, як спрацавала сталічная вобласць у тыя складаныя дні. Б. В. Батура зазначыў, што асноўны цяжар нядаўняй стыхіі прыйшоўся акурат на сталічны рэгіён краіны. І тут жа дадаў, што рэпарцёры чамусьці экстранныя паведамленні рабілі з іншых абласцей: Брэсцкай, Гомельскай, а сталічнай надалі мала ўвагі. Хаця гэта, можа, і добра, сказаў ён, бо ўсе пытанні на працягу некалькіх сутак у Мінскай вобласці вырашаліся і сапраўды арганізавана і зладжана, а таму падстаў для сенсацыйных рэпартажаў не было. Усе службы, улада на ўсіх узроўнях, адзначыў старшыня аблвыканкама, справіліся з няпростымі і маштабнымі задачамі, якія нечакана падкінула капрызнае надвор’е. Праўда, стыхія дала і ўрокі, якія трэба ўлічыць у будучым. У прыватнасці, калі б ўсюды ўздоўж трас, прасёлкавых дарог стаялі штучныя засцерагальныя шчыты, то не было б такіх заносаў. Важную ролю іграюць і алеі дрэў ля дарог, якія стрымліваюць снежны наступ.

… Калі  ў прыродзе і назіраліся штармавыя з’явы, то ў эканамічным моры, наадварот, сёлета штыль і ўпэўненасць, тут не здараецца ніякіх катаклізмаў. За 2 месяцы бягучага года Міншчына ўдала справілася з даведзенымі прагнознымі паказчыкамі. Галоўнае дасягненне, як было зазначана на прэс-канферэнцыі, гэта паспяховае выкананне  генерыруючага паказчыка – валавога рэгіянальнага прадукту. Паспяхова забяспечаны паказчык па росце заработнай платы, спрыяльна склалася сітуацыя і з прыцягненнем прамых і замежных інвестыцый. У нашай вобласці асвоены выпуск новай мадыфікацыі вялікагрузу “БелАЗ», пачнуць выкарыстоўвацца і новыя руднікі складаных мінеральных угнаенняў, адкрыюцца новыя вытворчасці.

Надзённай тэмай у час сустрэчы кіраўніка вобласці з журналістамі стала пытанне аптымізацыі сельскіх Саветаў дэпутатаў. У некаторыя рэспубліканскія СМІ паступае нямала званкоў і пісьмаў на гэты конт. Старшыня аблвыканкама сказаў, што пытанне аптымізацыі мясцовых органаў улады яшчэ ў рабочай стадыі, вывучаюцца ўсе прапановы, пажаданні насельніцтва. Галоўнае ў гэтай справе – узважаны,  удумлівы падыход. Паўнавартасны сельсавет – гэта той, у якім пражываюць ад 2-х да 4-х тысяч чалавек. Таму па шляху ўзбуйнення трэба ісці, але так, каб людзі не адчувалі потым ніякіх цяжкасцей, у тым ліку і з атрыманнем рознага роду даведак. Калі за імі трэба будзе дабірацца аж за 20-30 кіламетраў, то, магчыма, будуць функцыянаваць спецыялізаваныя пункты па рабоце з дакументамі.

У ліку шматлікіх пытанняў абмяркоўвалася і развіццё турызму. Тут  ёсць неблагія напрацоўкі, але многаму яшчэ трэба ўнікліва вучыцца. Турызм звычайна канцэнтруецца ў вялікіх кампаніях, якія добра ведаюць гэту справу. Турысты павінны знаходзіцца, вобразна кажучы, у зоне клопату ад пасадкі ў цягнік, самалёт да месца яго адпачынку, аздараўлення. Трэба развіваць і прыдарожны сэрвіс з поўным наборам паслуг: аўтазапраўка, гасцініца, СТА, кафэ і інш. Сёлета на Міншчыне плануецца ўзвесці 20 такіх аб’ектаў.

Прагучала і тэма будучага абласнога свята хлебаробаў. Сёлета яно пройдзе ў горадзе Узда.

У святле нядаўніх патрабаванняў кіраўніка дзяржавы да работы спажыўкааперацыі журналісты цікавіліся і меркаваннем старшыні аблвыканкама на гэты конт. Пазіцыя кіраўніка сталічнага рэгіёна такая: спажыўкааперацыя перш-наперш павінна наладзіць нарыхтоўку, закупку сыравіны і яе якасную перапрацоўку, выпуск прадукцыі па нізкіх цэнах. У вобласці больш за 2 тысячы гандлёвых кропак, аднак доля ў агульным аб’ёме тавараабароту спажыўкааперацыі пакуль нязначная. На Міншчыне налічваецца 3 тысячы населеных пунктаў, дзе няма стацыянарных магазінаў. Таму стаўку трэба рабіць на аўталаўкі. Гэта даходная справа, калі яе наладзіць адмыслова.

У час прэс-канферэнцыі абмяркоўвалася таксама важнасць укладу супрацоўнікаў навуковых і акадэмічных цэнтраў у аграрны сектар. Гучалі і пытанні наконт далейшага лёсу праваднога радыё, пераводу вяшчання на УКХ. Абмяркоўваліся і некаторыя перспектыўныя пытанні аховы здароўя.

Расказаў старшыня аблвыканкама і пра вынікі прыёму грамадзян у мінулым годзе, а таксама пра работу ў гэтым накірунку ў бягучым годзе. Летась, напрыклад, Барыс Васільевіч правёў 21 прыём грамадзян з удзелам 357 чалавек, 4 “прамыя” тэлефонныя лініі.  На ўсіх узроўнях улады скарацілася колькасць скаргаў, зваротаў грамадзян. Такая тэндэнцыя сведчыць пра стабільнасць у грамадстве, эфектыўную работу структур улады.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий