КАБ СПЫНІЦЬ РАСПАЎСЮДЖВАННЕ ХВАРОБЫ

Общество

24 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам. Па даных Сусветнай Арганізацыі Аховы Здароўя ў год у сярэднім выяўляецца каля 9,4 мільёна новых выпадкаў туберкулёзу. 1,77 мільёна чалавек памерлі ад гэтай інфекцыі. Асноўным “пастаўшчыком” хваробы з’яўляюцца краіны Афрыкі і Азіі. Каля 10 працэнтаў хворых прыходзіцца на еўрапейскі рэгіён, але ў краінах Усходняй Еўропы захворваемасць у два разы вышэйшая. У нашай краіне гэты паказчык застаецца на ўзроўні сярэднееўрапейскага. У Валожынскім раёне, пачынаючы з 2001 года, гэты паказчык ніжэйшы за сярэднерэспубліканскі і абласны. Зніжэнне захворваемасці ў параўнанні з 2005 годам склала 21,2 працэнта, а смяротнасці – 30,6 працэнта. Бактэрыі туберкулёзу надзвычай устойлівыя да асноўных супрацьтуберкулёзных лекавых сродкаў. Існуючыя прэпараты нярэдка не могуць вылечыць гэту хваробу. У асноўным гэта тычыцца асоб, якія вядуць няправільны лад жыцця, злоўжываюць алкаголем. Шанцы на выздараўленне ў іх значна ніжэйшыя, чым у астатніх. Сучасны цэнтр па вывучэнні лекаваўстойлівага туберкулёзу знаходзіцца  ў Рызе. Пад эгідай СААЗ вучоныя ўсяго свету распрацоўваюць новыя метады барацьбы з небяспечнай хваробай у сучасных умовах, ствараюць новыя схемы лячэння, спрабуюць сінтэзаваць новыя лекавыя прэпараты. Укаранёныя ў Латвіі новыя метады барацьбы з туберкулёзам за 20 гадоў паказалі добрыя вынікі, а пачынаючы з 2005 года яны ўкараняюцца ў нашай краіне. На гэтыя мэты выдаткаваны значныя фінансавыя сродкі. Да неспрыяльнай сітуацыі з захворваннем на туберкулёз прыводзіць і распаўсюджванне эпідэміі ВІЧ-СНІД. Інфіцыраванне вірусам імунадэфіцыту чалавека павялічвае больш чым у 10 разоў успрымальнасць да інфіцыравання туберкулёзам, стымулюе рэактывацыю спячых мікробабактэрый, ускладняе ход захворвання, якое развіваецца. У нашай рэспубліцы туберкулёз з’яўляецца прычынай смерці 50 працэнтаў усіх пацыентаў з ВІЧ-інфекцыяй. Жыхарам раёна важна  пастаянна клапаціцца пра прафілактыку гэтай небяспечнай хваробы. Асновай прафілактыкі з’яўляюцца здаровы лад жыцця, пазбаўленне ад шкодных звычак. Валерый ГАЎРЫЛАЎ, урач-фтызіятр.



Добавить комментарий