ФАРТУНА ЎСМІХАЛАСЯ ЛЕПШЫМ

Спорт

Спартыўны год для маладых івянчан – выхаванцаў трэнераў Валожынскай ДЮСШ АФП Аляксандра Чарняўскага і Анастасіі Паталей – пачаўся паспяхова. Старты на першынстве Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы вылучылі нашых маладых землякоў у прызёры і прынеслі ім заслужаныя ўзнагароды.

Сяргей Халапук і яго маладзейшы “калега” Уладзімір Княжэвіч сталі сярэбранымі прызёрамі на дыстанцыі 1500 метраў і атрымалі залатыя медалі за хуткаснае пераадоленне 800 метраў. Каця Альхімовіч пакарыла 2000 метраў з другім вынікам, бронзавы медаль прывезла са спаборніцтваў Сняжана Бурачэўская.

Другі прабег арганізавала сама Валожынская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Ён меў назву “Івянецкае кальцо” і ладзіўся на дыстанцыі 1 кіламетр. Гасцямі легкаатлетычнага спаборніцтва сталі юныя спартсмены з вёсак Суднікі і Цеснавой суседняга Стаўбцоўскага раёна. Перамогу ў сваіх узроставых групах святкавалі івянчане Уладзімір Княжэвіч, Сняжана Бурачэўская, Аляксей Чорненькі, Вольга Шчарбінская, Вераніка Карачун, Павел Бадак, Ксенія Бібік і юны ўраджэнец Стаўбцоўшчыны Мікіта Ліпніцкі.

Самы, бадай, галоўны старт адбыўся ў пачатку сакавіка. У Міжнародных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, дзе прымалі ўдзел лепшыя бегуны з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і Літвы, удзельнічалі і нашы землякі Сяргей Халапук і Уладзімір Княжэвіч. У першы дзень Сярожа паказаў трэці вынік у бегу на 400 метраў. Трэба адзначыць, юнак прывык да больш доўгіх маршрутаў, таму назаўтра, калі ён заступіў на сваю “рабочую” дыстанцыю, то не толькі заняў першае месца, але і пабіў рэкорд спартыўнай школы, прабегшы 800 метраў за 1.59,5 хвіліны. Уладзімір Княжэвіч таксама стаў лепшым на дыстанцыях 1500 і 800 метраў. Віншуем нашых пераможцаў!

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий