Культура

Доменная печ у Вішневе перапрацоўвала 420 кублаў руды ў тыдзень. У якасці флюсу пры гэтым патрабавалася 26 кублаў вапны. Выпуск чыгуну праводзіўся двойчы ў суткі, праз кожныя дванаццаць гадзін. Ужо ў першыя гады выплаўка чыгуну складала 600 пудоў жалеза штотыднёва, за год – 22-23 тыс. пудоў. Пры гэтым завод працаваў звычайна 40 тыдняў, а затым патрэбна было спыняць работу для замены футэроўкі ў домніцы.

 

Курганны могільнік з 40 насыпаў дыяметрам 8-10 м і вышынёй 1-2 м захаваўся за 0,2 км на захад ад в. Высокае Гародзькаўскага сельсавета. У пачатку мінулага стагоддзя адзін курган раскапаў археолаг С. Л. Яроцкі. На глыбіні 1,5 м ад паверхні ляжалі рэшткі шкілета, павернутага галавой на захад. На адным з пальцаў правай рукі выявілі бронзавы пярсцёнак з неспаянымі канцамі. Знойдзены чатыры металічныя скроневыя кольцы, якія жанчыны насілі ўплеценымі ў валасы або на павязцы вакол галавы. Канцы кольцаў заходзяць адзін за другі. З упрыгожанняў яшчэ знайшліся бронзавая літая падвеска манетападобнай формы са слядамі пазалоты і нанесеным па акружнасці арнаментам, тры маленькія бронзавыя званочкі, ажурная літая бронзавая пацерка з напаянымі на яе дробнымі металічнымі зярнятамі. Каля ног стаяў зроблены на ганчарным крузе гаршчок. Рэдкай знаходкай з’яўляецца меч даўжынёй 75 см, які паходзіць з таго ж могільніка. Меч у тыя часы каштаваў дорага, быў даступны не кожнаму воіну, і таму гэты від зброі археолагі знаходзяць не дужа часта. Датуецца меч канцом XII стагоддзя (каля 1180-х гадоў). Зярнёныя металічныя пацеркі лічыліся традыцыйным племянным упрыгожаннем дрыгавічоў.

 

1861 год. У Валожыне корчмы і шынкі не гудуць п’яным жыццём, бо тут сялянам не дазвалялася заходзіць у гасподу. Гандаль у нядзелю адбываецца тут неяк цішэй, чым у іншых нашых мястэчках; сяляне прывозяць на продаж збожжа, часам сена, калі-нікалі дрэва на апал.

 

Нярэдкія неўраджаі адбіваліся на сялянскай гаспадарцы непасільным цяжарам. Для таго, каб хоць неяк аблегчыць сялянскую долю, ствараліся хлебазапасныя магазіны. У галодныя гады запасы харчавання з іх выдаваліся насельніцтву, ва ўраджайныя – запасы папаўняліся.

Давалі прытулак “сірым і ўбогім” багадзельні. У 1897 г. іх на Валожыншчыне налічвалася 11: тры ў Валожыне, па дзве ў Забрэззі і Івянцы і па адной ў Дубіне, Камені, Ракаве і Старынках.

 



Добавить комментарий