У СУЗОР’І СПАГАДЫ І МІЛАСЭРНАСЦІ

Культура

Гэта сціплая жанчына за гады сваёй працы фельчарам-акушэрам у радзільным пакоі прыняла тысячы немаўлят…

За сваю высакародную працу яна магла і сапраўды атрымаць мільён пунсовых руж, калі б парадзіхі, іх удзячныя сваякі ў адзін момант прынеслі ветэрану медыцынскай справы па сціплым букеце кветак. Лідзія Мікалаеўна Кавалеўская з Вішнева за гады сваёй працы прыняла ў час родаў у жанчын больш за 8 тысяч дзяцей. Гэта насельніцтва амаль цэлага горада! Амаль сорак гадоў працавала жанчына ў бальніцы. Яна ўжо даўно на пенсіі. Але мясцовыя жыхары і цяпер на вагах удзячнай памяці беражліва ўзважваюць прафесіянальны ўклад сваіх аднавяскоўцаў, і лічаць, што пра такога чалавека абавязкова трэба расказаць на старонках раёнкі. Спецыяльна вішнеўцы прыехалі ў рэдакцыю, каб папрасіць карэспандэнтаў аб гэтым. Таму адна з нашых чарговых камандзіровак і прывяла ў дом, дзе жывуць Кавалеўскія.

КАЛІ ПРАЦА Ў ПРЫЯРЫТЭТАХ…

У былыя 70-я гады пра дэмаграфічную сітуацыю ніхто не гаварыў з трывогай. Нараджальнасць была высокая. У Вішнеўскай участковай бальніцы спачатку былі толькі тры ложкі для будучых маладых мам. Але часам здаралася да 14 родаў за суткі. І тады ўсе аддзяленні мясцовай бальніцы ахвяравалі “свае квоты” для патрэб радзільні. Ляжалі пацыенткі нават на кушэтках у калідорах. А калі астатнім хворым патрэбна была тэрапеўтычная дапамога, урачы і медсёстры з разуменнем сітуацыі праводзілі лячэнне ў доме сваіх пацыентаў. Неўзабаве ложкаў у радзільным аддзяленні дабавілі амаль у два разы. Але гэта ўсё роўна не выратоўвала становішча.

Лідзія Мікалаеўна часам суткамі не была дома. Муж працаваў трактарыстам у калгасе. Таксама быў вельмі заняты. Але ён, шкадуючы жонку, часта насіў падмацунак прама ў бальніцу. Калі надыходзіла пара афіцыйнага адпачынку, Л. М. Кавалеўская афармляла працоўны водпуск, купляла авіябілет да горада Сочы, дзе звычайна і адпачывала ад працоўных будняў у санаторыі. Родныя разумелі, што яна заслужыла такі шыкоўны водпуск, ніколі не папракалі, не пярэчылі ў паездцы, хоць у сям’і падрастала трое дзяцей.

Аднойчы яна вярталася дадому самалётам. Сцюардэса з трывогай прабеглася па салоне пасажырскага лайнера. Яна цікавілася, ці ёсць сярод прысутных медыцынскія работнікі. Пачуўшы гэта пытанне, Лідзія Мікалаеўна вырашыла сціпла прамаўчаць. Бо сама пра сябе падумала: “Які ж я кваліфікаваны ўрач, я ўсяго толькі сельскі акушэр”. Але неўзабаве набралася рашучасці і нарэшце прадставілася, што гатова пасадзейнічаць. Аказалася, што менавіта яе веды і былі патрэбны ў тую хвіліну. Адну з пасажырак прывялі ў кабіну пілотаў, дзе ў жанчыны пачыналіся перадродавыя схваткі. Кваліфікаваная аператыўная дапамога Лідзіі Мікалаеўны прыйшлася вельмі дарэчы. Са сваёй задачай вішнеўская акушэрка справілася бліскуча, бо за плячыма мела вялікі працоўны вопыт. Потым тая незнаёмая жанчына з самалёта “Сочы – Мінск” не раз са сваім мужам прыязджала да Кавалеўскіх, каб аддзячыць сваёй выратавальніцы за  добрыя роды.

Падобныя сітуацыі не раз паўтараліся ў біяграфіі маёй гераіні. Яна заўсёды з’яўлялася ў вызначаным месцы і ў патрэбны час. Аднойчы праходзіла практыку ў Ракаўскай бальніцы. У выхадны дзень паехала па асабістых справах у Мінск. Пасажырскі аўтобус быў перапоўнены. Яна прымасцілася ля кабіны вадзіцеля. Натрэніраванае вока акушэркі запеленгавала адну пасажырку з вялікім жыватом, якая ўсю дарогу то прысядала, то ўставала нервова ўздыхаючы. Дапамогі яна ні ў каго не прасіла. Відаць, саромелася. Але тут было не да сентыментаў. Лідзія Мікалаеўна па-камандзірску строга загадала вадзіцелю тэрмінова спыніць аўтобус. Пасажыраў з першага месца папрасілі хуценька падняцца. Пакідаць перапоўнены аўтобус усім астатнім не было часу, бо заўчасныя роды ў пасажыркі ўжо пачаліся. Некаторыя слабахарактарныя сведкі гэтай  экстраардынарнай падзеі нават пачалі страчваць прытомнасць. Ім патрабавалася медыцынская дапамога. Але найперш сваю ўвагу маладая акушэрка  скіравала на парадзіху. Аптэчкі ў салоне аўтобуса, як на тое ліха, не аказалася. Таму абышлася толькі адэкалонам і касметычнымі нажніцамі, якія ляжалі ў сумачцы. Спавіць народжанае дзіця таксама не мелі ў што. Лідзія Мікалаеўна зняла з галавы хустку, спрактыкавана закруціла немаўля, а потым перадала жывы клуначак разгублена-шчаслівай маладой маці. А праз некалькі месяцаў аналагічны выпадак паўтарыўся ў вагоне цягніка, калі Л. М. Кавалеўская ехала ў Казахстан да сваякоў мужа.

ЖЫЦЦЁ САТКАНА З РОЗНЫХ ФАРБАЎ

Лідзія Мікалаеўна скончыла Баранавіцкае медыцынскае вучылішча. Лёс жорстка абышоўся з ёй. Расла сіратой, таму пра далейшую вучобу ў медінстытуце марыць не прыходзілася. А жаданне паступіць мела вялікае. Практычны вопыт, дапамога медыкаў, самаадукацыя  сталі для яе сапраўдным універсітэтам. Дзясяткі цяжкіх родаў са станоўчым вынікам прыняла гэта ўмелая, надзвычай увішная акушэрка. Шмат чаму навучылася яна ў сваіх старэйшых калег. З вялікім піетэтам успамінае  Л. М. Кавалеўская колішняга галоўнага ўрача Вішнеўскай участковай бальніцы, былога ваеннага хірурга А. М. Грыцука. Гэта быў урач ад Бога. Яна многаму навучылася ў гэтага высокакваліфікаванага спецыяліста і чалавека шырокай, чулай душы.

Але ў яе прафесіянальным жыцці сустракаліся і медыцынскія работнікі, якія без таго, каб не зазірнуць у шпаргалку, не маглі нават правільна выпісаць патрэбны рэцэпт. Лідзія Мікалаеўна не іранізуе з гэтай горкай прычыны, але яна цвёрда пераканана, што ў медыцыне павінны працаваць толькі прафесіяналы, толькі людзі па прызванні. Бо яны маюць справу з тонкай субстанцыяй – з жыццём і здароўем людзей.

З непрыхаваным болем не выпадкова яна гаворыць пра “людзей у белых халатах,” якія, на жаль, не змаглі выратаваць яе маладога сына. Ён памёр у 34 гады ад ускладнення, якое ўзнікла пасля аперацыі на банальны апендыцыт. Боль гэтай цяжкай страты глыбока свідруе матчына сэрца. Яна ў думках і ўспамінах заўсёды са сваім любімым сыночкам Леанідам, які, дарэчы, працаваў вадзіцелем у абласной бальніцы.

У дні цяжкай хваробы матчына сэрца адчула, што яна са сваім родным дзіцем будзе развітвацца назаўсёды. Паехала праведаць у абласную бальніцу. Папрасіла ўрачоў, каб пусцілі да сына ў рэанімацыю. Яе ўмольным просьбам строгія ўрачы не маглі не ўступіць. Дзве ночы сядзела ў скрусе маці пры ложку цяжкахворага сына. Ён знаходзіўся ў коме. І нават слова “мама” не дачакалася яна, ласкава гладзячы яму рукі. З невыносным болем і адчаем у сэрцы вярнулася ў вёску. Праз дзень сын памёр…

Былі выпадкі неспадзяванай смерці і ў радзільным аддзяленні. Вядома, да гэтай з’явы немагчыма ніколі прывыкнуць. Лідзія Мікалаеўна расказвае, што смерць немаўлят у час родаў прыходзілася канстатаваць толькі тады, калі жанчыны паступалі ў бальніцу з ужо мёртвым плодам. А па віне медработнікаў такіх выпадкаў у яе практыцы не здаралася…

ДАПАМОГА – НА ПЕРШЫМ МЕСЦЫ

Аднойчы яна і сама трапіла ў крытычную сітуацыю. Пасля снежнай зімы рэзка наступіла разводдзе. Праз Заходнюю Бярэзіну трэба было тэрмінова дабрацца ў вёску Сіняя Гара да парадзіхі. На той бераг плылі ў чоўне. Вялікая льдзіна, якую па рацэ неслі імклівыя патокі вады, з усёй сілай ударыла ў човен, транспарт перакуліўся. Пасажыры аказаліся ў ледзяной вадзе. Мужчына, які ў адрозненні ад Лідзіі Мікалаеўны, умеў плаваць, схапіў яе за  руку і паціху падаўся да берага. Нягледзячы на такі перажыты экстрым, дапамога парадзісе была своечасова аказана. Тут ім далі пераапрануцца ў сухое адзенне, напаілі гарачай гарбатай. Плаваць і пасля таго выпадку Л. М. Кавалеўская так і не навучылася, хоць аж 7 разоў адпачывала на Чорным моры…

Калі радзільнае аддзяленне ў Вішнеўскай бальніцы зачынілі, Лідзія Мікалаеўна яшчэ доўга працавала па спецыяльнасці ў раённай бальніцы. Штодзень дабіралася да месца прызначэння амаль за 25 кіламетраў. Яе вопыт і веды цанілі і пацыенты, і медработнікі. Прасілі папрацаваць яшчэ і пасля  афіцыйнага выхаду на пенсію. Аднак яна на гэтым этапе свайго жыцця канчаткова паставіла кропку. Бо лічыла, што хопіць працаваць: прафесіі медработніка аддала амаль сорак гадоў. Працавала з максімальнай аддачай. Не выпадкова Лідзія Мікалаеўна ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі ганаровымі граматамі, памятнымі знакамі.

ШАНЦАВАЛА НА ДВОЙНІ…

У свае амаль 76 гадоў яна мае добрую памяць. Да гэтай пары не забылася многіх, у каго прымала роды.  Асабліва запомніліся двойні, была і адна тройня.

Расказвае, як прыняла другое дзіця ў Марфы Колышкі з Вайганаў. Хлопчык заважыў больш за 6 кілаграмаў. Акушэр аж не паверыла: тры разы клала малога асілка на чашу вагаў. Думала, што тэхніка дае збой. Але сумненні ўсе як рукой зняло, калі парадзіха радасна пахвалілася: “Не хвалюйцеся, вагі не падманваюць! Першынец мой таксама ладненькі быў!”

У ліку многіх пытанняў задала сваёй субяседніцы і наступнае: “Якім чынам Вы вялі скрупулёзны падлік дзяцей, якіх прымалі ў радзільным пакоі. Гэта ж заблытацца можна – больш за 8 тысяч немаўлят з Вашай непасрэднай медыцынскай дапамогай з’явіліся на свет?!”

У адказ пачула: “Статыстыка дакладная! Не сумнявайцеся! Праз кожныя пяць гадоў мне прыходзілася пацвярджаць сваю першую кваліфікацыйную катэгорыю. Тады заўсёды патрабавалі стос розных падрабязных справаздач. У ліку неабходных былі і дэмаграфічныя паказчыкі ў рэгіёне”.

З ДОБРЫМ СЭРЦАМ ДА ЎСІХ ЛЮДЗЕЙ

Медыцына – доля міласэрных, добразычлівых людзей. Без гэтага ў такой прафесіі нельга. Такіх вызначальных рыс нямала ў характары гераіні сённяшняй публікацыі. Яна не толькі са спагадай і ўвагай адносілася да сваіх шматлікіх пацыентак, а і ў асабістым жыцці, можна сказаць, здзейсніла подзвіг дабрыні. У сваёй вясковай хаце дагледзіла аж да адыходу ў вечнасць пяць састарэлых сваякоў свайго мужа. Адна з цётак была паралізаваная і дзесяць гадоў праляжала ў ложку. Цяпер, калі і саму здароўе вельмі падводзіць, Лідзія Мікалаеўна акружае клопатам і падтрымкай свайго мужа-інваліда, які перамяшчаецца па пакоі толькі на калясцы.

…Я доўга размаўляла з гэтай гаваркой і шчырай жанчынай. Яна расказвала пра сваю высакародную прафесію так захоплена, так кампетэнтна. Здаецца, калі і цяпер у сваім пачцівым узросце Лідзія Мікалаеўна апынулася б у палаце, дзе прымаюць складаныя роды, то справілася б са сваёй адказнай місіяй толькі на выдатна.

Амаль сорак гадоў бліскуча трымала Л. М. Кавалеўская гэты няпросты экзамен. І заўсёды мела высокую адзнаку. Бо гэта праца – яе прызванне і прызнанне.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий