БУТЭЛЬКУ АБДЫМАЮЦЬ, А ДЗЯЦЕЙ АБМІНАЮЦЬ

Закон и порядок

Слова “аліменты” паходзіць ад лацінскага alimentum, што перакладаецца як “прадукты”, “харчаванне”. Пэўны сакральны сэнс у гэтым ёсць: раз ты пазбаўлены магчымасці штодня клапаціцца пра духоўнае ўзрастанне свайго дзіцяці, дык забяспеч яго хаця бы хлебам…

Сёлета судом Валожынскага раёна разгледжана 18 заяў аб спагнанні аліментаў. Усе дакументы перададзены на выкананне. Як паказвае практыка, у палове выпадкаў заяўніцы могуць разлічваць і на гарантаваныя па законе выплаты, і на дабравольную, звышнарматыўную дапамогу ад былых мужоў, падарункі дзецям на дзень нараджэння. А вось астатнім давядзецца або змірыцца з матэрыяльнымі праблемамі, або перамагаць іх уласнымі сіламі.

На якія грошы беспрацоўнага мужа разлічвае жанчына? Згодна з рашэннем суда ён абавязаны плаціць штомесяц на кожнае дзіця 25 працэнтаў ад сярэднерэспубліканскай зарплаты, зараз гэта 1 мільён 92 тысячы рублёў. Але як грошы перавесці з катэгорыі віртуальнай у рэальную? Бывае, абавязкі па выканаўчых лістах бяруць на сябе бацькі ці іншыя сваякі аліментшчыка. Толькі, як правіла, часцей здараецца, што даўгі вырастаюць да касмічных памераў, потым неплацельшчыка прыцягваюць да крымінальнай адказнасці, караюць яго спачатку грамадскімі работамі, праз год прысудзяць абмежаванне волі ці нават зняволенне.

Ужо сёлета разгледжана пяць падобных крымінальных спраў. Толькі вось кашалёк “развядзёнак” ад гэтага больш важкім не становіцца. З гадамі вырасце стос судовых папер, дабавяцца нулі на рахунку. Спісанне даўгоў аліментшчыку не прадугледжана.

Не трэба мець аналітычны розум, каб здагадацца, што разлічыцца пры такім раскладзе ўдасца гадоў праз сто-дзвесце.

Не шмат лепш складваюцца справы і ў некаторых працуючых даўжнікоў. Сярэднестатыстычны аліментшчык зарабляе каля трох мільёнаў рублёў. На адно дзіця ён заплоціць 25 працэнтаў ад гэтай сумы, на дваіх – 50, на траіх і больш – 70. Калі выплаты ў месяц меншыя за 50 працэнтаў базавага пражытачнага мінімуму (цяпер 462 тысячы 75 рублёў) на дзіця, то розніца таксама запісваецца ў доўг.

“Дзіўна, але многія мужчыны чамусьці ўпэўнены, што несумленныя былыя жонкі іх проста абіраюць. Пра сына ці дачку і ўспаміну няма, – кажа старшы судовы выканаўца Ж. Л. Жыліч. – Часам такім “пакрыўджаным” прапаноўваем забраць дзяцей і гадаваць самім. Жадаючых няма.”

Як тут не прыгадаць на мусульман! У іх мужчына ні ў якім выпадку не аддасць сваіх нашчадкаў жанчыне. У Ісламе ёсць паняцце “харам” – грэх, непрыстойнасць. Дык вось даўгі, нават перад багатым чалавекам, не то што перад уласным дзіцем – самы страшны “харам”.

Зараз у раёне аліменты выплачваюць 152 асобы. У паловы з іх ідзе назапашванне даўгоў. Ёсць у гэтым спісе і жанчыны. З кожным годам іх становіцца ўсё больш.

А на якія хітрыкі ідуць нядобрасумленныя аліментшчыкі, каб пазбегнуць выплат! Яны пераязджаюць з месца на месца, спадзяючыся “згубіцца”, не паказваюць рэальныя даходы, выязджаюць за межы рэспублікі, пры патуранні сваякоў спрабуюць прызнаць сябе “прапаўшымі без звестак” ці нават “памерлымі”. Толькі ўсё аказваецца дарма. Механізм “па адлове” махінатараў адладжаны надзейна. Ды і паміж судамі розных краін існуе пагадненне, згодна якому выканаўчыя лісты па аліментах абавязкова адрасуюцца неплацельшчыкам. Праўда, і тут ісцец рызыкуе замест жаданых купюр атрымаць паперу з прапісанай сумай доўгу. Зараз па канвенцыі аліменты з-за мяжы паступаюць на дванаццаць непаўналетніх жыхароў раёна.

Часам аліменты спаганяюцца і на ўтрыманне дарослага чалавека. Так, адна непрацаздольная жанчына дабілася пасля разводу штомесячных выплат ад былога мужа на сваё ўтрыманне. Сума фігуруе даволі ўнушальная, забяспечаная высокім сацыяльным статусам мужчыны.

Работнікам суда часта даводзіцца бачыць пакрыўджаных, спадманутых людзей. Асабліва крыўдна, калі яны становяцца заложнікамі складанай жыццёвай сітуацыі па ўласнай віне. Таму перад тым, як распачынаць нейкія сямейныя разборкі з далейшым візітам у суд, усё дасканала ўзважце. Магчыма, адшукаеце шляхі для прымірэння.

Не сакрэт, што там, дзе лад і згода, любыя праблемы, у тым ліку і матэрыяльныя, рашаюцца лягчэй. Ды і перад вяселлем варта дакладна абмеркаваць з мамай не фасон шлюбнай сукенкі, а характар свайго абранніка. І памятайце – нішто так не заваёўвае і не змякчае мужчынскае сэрца, як упэўненасць, што яго любяць…

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий