СНІД НЕ ІДЗЕ НА СПАД

Общество

Гэтаму небяспечнаму захворванню ва ўсім свеце ўдзяляецца шмат увагі. Таму што яно не лечыцца, але ад яго можна засцерагчыся.

Хвароба развіваецца пры пападанні вірусу імунадэфіцыту чалавека ў кроў. СНІД – канчатковая стадыя ВІЧ-інфекцыі, пры якой адбываецца поўнае паражэнне імуннай сістэмы і арганізм перастае супраціўляцца любой інфекцыі.

Вірус СНІДу пры пападанні ў кроў чалавека прымацоўваецца да клетак крыві, якія адказваюць за імунітэт, актыўна размнажаецца і распаўсюджваецца па ўсяму арганізму.

Пры заражэнні сімптомы праяўляюцца рэдка і не з’яўляюцца спецыфічнымі. Часам падымаецца тэмпература да 38 градусаў, павялічваюцца лімфавузлы, чырванее горла, з’яўляюцца чырвоныя плямы на скуры, расстройства жывата. Але сімптомы хутка праходзяць, а хвароба развіваецца далей. Часам ВІЧ-інфекцыя застаецца незаўважанай 10-12 гадоў, аж пакуль не перарасце ў СНІД.

Адзіны спосаб выявіць ВІЧ-статус – прайсці тэст. Пры гэтым неабходна памятаць, што антыцелы хваробы праяўляюцца толькі праз 1-3 месяцы пасля заражэння.

У інфіцыраванага чалавека паступова пачынае аслабляцца імунітэт, так што даволі хутка любая, нават самая лёгкая хвароба прыводзіць да лятальнага выніку. Хваробы “чапляюцца” адна за другой: пнеўманіі, туберкулёз, герпес і інш. ВІЧ-інфекцыя часам спалучаецца з інфекцыямі, што перадаюцца палавым шляхам, а гэта ўскладняе лячэнне.

Своечасовая дыягностыка і лячэнне ВІЧ-інфекцыі надоўга прыпыняе развіццё СНІДу і захоўвае жыццё хвораму.

Зараз у рэспубліцы зарэгістраваны больш 14 000 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Найбольшая колькасць асоб з ВІЧ жывуць у Гомельскай вобласці, на 2-ім месцы Мінская вобласць.

Большасць хворых – гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў. Летась зафіксаваны рост захворвання ў Салігорскім раёне, што напрамую звязана з ростам у гэтым рэгіёне наркаманіі.

Вольга СЯЛІЦКАЯ,

урач-эпідэміёлаг ДУ “Валожынскі райЦГіЭ”.

 



Добавить комментарий