ІМ ТАКСАМА ТРЭБА ДАЦЬ ШАНЦ…

Закон и порядок

Бываюць у жыцці грамадства праблемы, вырашыць якія бязбольна амаль што не ўдаецца. Часцей за ўсё падобныя сітуацыі здараюцца тады, калі патрабаванні практычнай мэтазгоднасці ўваходзяць у супярэчнасць з нормамі маралі, гуманізму, імкнення дапамагаць слабейшаму. Ёсць сферы, дзе спраўляцца са складанымі жыццёвымі дылемамі даводзіцца ледзь не кожнаму з нас. Адна з іх – праблема бяздомнай хатняй жывёлы.

Некалькі разоў на год вуліцы, падвалы, пад’езды атрымліваюць чатырохногае папаўненне. Расце «кашлатае войска» невялікіх, несвядомых, але жывых і вартых нашага клопату істот, якія, з аднаго боку, пакутуюць ад холаду і захворванняў, з другога – паступова дзічэючы і ператвараючыся ў рассаднік небяспечных хвароб, становяцца рэальнай пагрозай.

Часта не падумаўшы, не ацаніўшы ўласныя сілы, сем’і бяруць шчанят. Праз некалькі месяцаў высвятляецца, што трымаць сабаку ў кватэры значна цяжэй, чым здавалася спачатку. І апынаецца няшчасны сабака на сметніку альбо ў прыгарадным ляску. Здараецца і так, што ўлетку людзі, селячыся на дачы, з радасцю бяруць да сябе чатырохногага сябра. Цёплы сезон поўніцца ўзаемным шчасцем, але ж з надыходам восені забіраць вясёлага дачнага гадаванца ў гарадскую кватэру чамусьці так не хочацца…

Калі размова ідзе аб дзікіх жывёлах, то праблема кантролю іх папуляцый ужо доўгі час паспяхова вырашаецца паляўнічай гаспадаркай. Але ж тое, што добра ў лесе, на жаль, не зусім прымальна на вуліцах населенага пункта. Адна справа – добра наладжанае паляванне, арганізаванае прафесіяналамі для прафесіяналаў і схаванае ад вачэй іншых людзей, якія не да канца разумеюць асалоды пазбаўлення жыцця. Зусім іншая – паселішча.

Зразумела, што некантралюемая сабачая зграя на ўскрайку горада мусіць быць нейкім чынам ліквідавана. І калі адстрэл – адзіны сродак, то яго трэба скарыстаць. Але ж адбывацца непрыемная працэдура павінна за межамі населенага пункта і так, каб не трапляць на вочы жыхарам. Калі ж законны адстрэл ператвараецца ў сабачую «Варфаламееўскую ноч», калі людзі са стрэльбамі забіваюць усё, што рухаецца на чатырох лапах, прама на вачах дзяцей і жанчын, ранячы ўражлівыя сэрцы, то гэта ўжо яўнае маральнае безгранічча.

Кот, здавалася б, не настолькі небяспечная жывёла, як сабака, таму і праблем мусіць выклікаць менш. Але ж і тут не ўсё так проста. Коцік, які шкодзіць альбо брудзіць, вельмі часта таксама аказваецца на вуліцы. Выжыць маленькаму драпежніку прасцей, чым сабаку, і ў выніку падвалы і пад’езды гарадскіх дамоў паступова ператвараюцца ў непрыемную сумесь кацінага гадавальніка і прыбіральні. Спіс жа хвароб, што пераносяцца здзічэлымі катамі, дастаткова вялікі і таксама не дужа прыемны.

Як вырашаецца гэта пытанне ў свеце? Існуе сетка прытулкаў для хатніх жывёл. Калі жыццё гадаванца ў сям’і па нейкіх прычынах не задалося, яго можна аддаць у прытулак. Нейкі час ён будзе жыць там, чакаючы новага гаспадара. І часцей за ўсё ён знаходзіцца. Калі ж не, то жывёліна будзе ўсыплена з выкарыстаннем сучасных бязбольных прэпаратаў. Падобная працэдура чакае і бяздомных сабак, якіх спачатку адлоўліваюць, нейкі час трымаюць у чаканні новага месца жыхарства і толькі пасля ўсыпляюць.

Падобныя гадавальнікі існуюць у Мінску, Віцебску, Смалявічах. Вось толькі і пальцаў адной рукі хопіць, каб пералічыць іх. Зразумела, што дзве-тры валанцёрскія суполкі не могуць вырашыць праблемы ў дзяржаўным маштабе.

Што ж рабіць? Перад тым, як браць чатырохногага сябра да сябе ў дом, трэба сур’ёзна абдумаць гэты крок, уявіць, ці па сілах акажацца «цяжар». У выпадку, калі ўсё ж такі была зроблена памылка альбо жыццё прымушае пазбавіцца ад жывёліны, трэба паспрабаваць адшукаць ёй новы прытулак у доме сярод сяброў, сваякоў, знаёмых. Можна таксама зрабіць спробу даць гадаванцу шанец, уладкаваўшы яго ў прытулак.

Вырашэннем праблемы незапланаванага патомства можа стаць стэрылізацыя ці кастрацыя. На жаль, гэту аперацыю не ўдасца зрабіць у раённай ветэрынарнай лячэбніцы, а прыйдзецца ехаць у Маладзечна альбо Мінск, дзе яна абыдзецца ў суму ад 120 да 350 тысяч рублёў. У некаторых выпадках адзіным выйсцем можа стаць усыпленне. Гэтую паслугу аказваюць у ветлячэбніцы ў вёсцы Ганчары пад Валожынам, менш чым за 10 тысяч рублёў. Вось толькі сучасных бязбольных прэпаратаў тут, на жаль, пакуль што няма…

У вёсцы Родзеўшчына жыве спагадлівая жанчына Ларыса Васільеўна Гобрыс. Ледзь не штодня збірае яна хоць нешта ядомае на сваім не дужа багатым двары, каб падкарміць бяздомных сабак, зрабіць іх жыццё хаця б крыху лепшым. У сэрцы гэтага чалавека знаходзіцца месца для многіх кінутых гаспадарамі рэксаў, шарыкаў, мухтараў і іх безыменных сародзічаў. Хтосьці справядліва скажа, што гэта зусім не вырашэнне праблемы. Магчыма, гэта сапраўды так. Вось толькі, каб кожны чалавек ставіўся з падобным клопатам да калісьці прыручаных намі «братоў меншых», непрыемныя, але ж неабходныя рэйды па знішчэнні былых сяброў маглі б стаць непатрэбнымі.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий