ПАСПЯХОВЫ ПАЧАТАК КАР’ЕРЫ

Молодежный курьер

Па выніках мінулага года, упершыню за гісторыю існавання, стаматалагічнае аддзяленне райпаліклінікі адзінае ў вобласці атрымала Ганаровую грамату Беларускага рэспубліканскага аб’яднання стаматолагаў.

Сёння мы пазнаёмімся з загадчыцай стаматалагічнага аддзялення райпаліклінікі Марыяй Вячаславаўнай ЖЫГАЛА.

Узровень майстэрства ўрача зваротна прапарцыянальны магчымасці кліента трапіць да яго на прыём. Дык вось М. В. Жыгала за чатыры гады працы на Валожыншчыне заваявала неверагодную папулярнасць, і ад недахопу наведвальнікаў не пакутуе.

— Марыя Вячаславаўна, а Вы не баяліся ў маленстве наведваць зубнога ўрача?

— Вельмі баялася! Мяне заўсёды тата вадзіў, з ім адчувала сябе пад надзейнай абаронай.

— Раз загаварылі пра тату, то раскажыце больш падрабязна пра сваю сям’ю.

— Нарадзілася ў Мінску. Трэцяе дзіця ў сям’і, маю дзвюх старэйшых сясцёр. Мама і тата не карэнныя мінчукі, выхадцы з  Гродзенскай вобласці, са Шчучынскага і Навагрудскага раёнаў. Пазнаёміліся падчас вучобы ў БДУ на біялагічным факультэце. Вельмі розныя па характары, мама – халерык, тата – флегматык. Што зусім не перашкаджае ім выдатна ладзіць між сабой. У сваім характары я заўважаю рысы бацькоў. Назвалі мяне ў гонар прабабулі Марыянны, якую я, на жаль, ужо не застала. Так як імя Марыянна Вячаславаўна ўсім паказалася вельмі доўгім, то рашылі трошкі скараціць. Так я стала проста Марыяй.

— У сталіцы культурнае жыццё віруе поўным ходам. Не сумуеце па тэатрах, музеях, выстаўках?

— Самы любімы мой тэатр –  Купалаўскі доўгі час знаходзіўся на рамонце. Так што ў любым выпадку сумаваць давялося б. З хваляваннем чакаю, калі ён зноў запрацуе. Хацелася б, каб у ім захаваліся тыя ж самыя камернасць, утульнасць. Атрымліваю асалоду ад прыгожага гучання беларускай мовы з вуснаў любімых артыстаў. За рэпертуарам купалаўцаў сачу, але ўсё ж заядлым тэатралам не з’яўляюся. Фанатызму ў любых праявах пабойваюся. Нельга ствараць сабе куміра.  У мяне любімага пісьменніка ці выканаўцы няма. Любімага артыста таксама не магу з ходу вызначыць. Хіба што песню Ігара Крутога “Мой друг” заўсёды слухаю з задавальненнем. Усё залежыць ад настрою. Неяк адзін час на душу ляглі творы Шэкспіра. Нядаўна ўзялася чытаць “Майстра і Маргарыту” Булгакава, але пакуль што гэты твор мне не раскрыўся. Адклала на потым. Чытаю шмат спецыяльнай літаратуры па стаматалогіі. Склала сабе неабходны спіс і цяпер “ганяюся” за рэдкімі кнігамі. Калі набываю, то моцна радуюся. Ужо, дарэчы, і неблагую бібліятэку сабрала. У свой час скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, наведвала студыю выяўленчага мастацтва, але зараз гэта закінута, усе інтарэсы замкнуліся на прафесіі.

—  Якое значэнне мае для Вас тэлебачанне?

— Толькі як фон, калі нешта гатую на кухні.

— Гатаваць любіце? Ці ўмееце ствараць для сябе камфортныя ўмовы жыцця?

— Гатую з задавальненнем, асабліва нязвыклыя стравы, накшталт жульена з грыбамі і курыцай, канелоні, чабурэкі. Дарэчы, у цеста дабаўляю трохі гарэлкі. Упэўнена, што харчавацца неабходна правільна, без “хіміі”.

— Чым сёння палуднавалі?

— Прынесла з сабой суп з фрыкадэлькамі. Работа ўрача адбірае шмат фізічных сіл. Таму перавагу аддаю каларыйнай ежы.

— Дыеты не прытрымліваецеся?

— Не, ды і іншым не раю абмяжоўваць сябе, асабліва на доўгі тэрмін. Заўсёды па стане зубоў, касцей можна сказаць, “сядзіць” чалавек на дыеце, альбо не. Асабліва прыкметна гэта ў жанчын. Падчас дыет, посту траціцца шмат кальцыю, жалеза. У такі перыяд нават зубныя імплантанты лепш не ставіць.

Вы яшчэ пыталіся пра ўмовы жыцця. Галоўнае – чысціня, якая не толькі залог здароўя, але і добрага настрою. Парадак павінен быць і на рабочым месцы, і ў паперах, і ў галаве. Як і для кожнай жанчыны, эстэтычны бок таксама вельмі важны.

— Чым запаўняеце вольны час?

— У маладосці чым менш вольнага часу – тым лепш. Гэта перыяд назапашвання ведаў, уменняў. Цэйтнот мяне не палохае. Калі праходзіла інтэрнатуру ў Мінскай абласной клініцы, то паспявала і на курсы англійскай мовы, і ў аўташколу. У Валожыне занялася спортам. Ахвотна наведваю тры разы на тыдзень заняткі ў клубе “Надзея”. Дарэчы, наш трэнер, Аня Хількевіч, вельмі крэатыўна падыходзіць да сваёй справы. Люблю пасядзець з добрай кампаніяй у рэстаране, асабліва радуе кухня кафэ “Пяршаі”.

— Вы кампанейскі чалавек ці любіце адзіноту?

— Адпрацаваўшы цэлы дзень з людзьмі, хочацца пабыць адной, паслухаць цішыню. А вось на выхадныя вясёлых кампаній не цураюся.

— Пра што марыце?

— Цяпер на першым плане – кар’ера. Мару ў будучым рэалізавацца, як жонка і маці. Хочацца пяшчотнага, клапатлівага мужа, каб ён разумеў мяне. Добра было бы мець уласны, утульны дом…

— Сабачку ці коціка заведзіцё?

— Ні ў якім разе! Я не супраць жывёлы, але і на сябе часу не заўсёды хапае. Абыйдуся без лішніх клопатаў.

— Падзяліцеся з чытачамі, які самы памятны падарунак Вы атрымалі ў жыцці.

— Самае любімае свята – Каляды. Ёлка, а пад ёй – падарункі. Неяк, калі яшчэ была малая, вельмі марыла пра часопіс “Барбі”, гэта была навінка, але ўсе мае аднакласніцы яго ўжо мелі. Так хацелася ад іх не адстаць! Як толькі старэйшая сястра пераступіла парог кватэры, то я адразу запыталася, ці купіла яна часопіс. А тая сказала, што не, нідзе не бачыла. Настрой у мяне сапсаваўся імгненна. Назаўтра ж пад ёлкай я ўбачыла жаданы часопіс. Гэта, здаецца, найпершае ў жыцці маё адчуванне шчасця. Цяпер рабіць падарункі люблю нават больш, чым атрымліваць. Стараюся кожнаму падабраць індывідуальна.

— Бацькам дапамагаеце?

— Не атрымоўваецца. Тата ў нас вялікі аматар дачы, вырошчвае ўсё, што толькі можна, мама займаецца выключна кветкамі. А я выступаю ў якасці дэгустатара і ацэншчыка гатовай прадукцыі.

— Любіце падарожнічаць?

— Напэўна, люблю, але пакуль што мала дзе пабывала. Вось Польшчу ведаю выдатна, скалясіла ўсю. Часта на канікулах там адпачывала. Пры магчымасці абавязкова з’езджу ў ЗША. Там зараз жывуць мае сёстры. Хочацца пабываць у якой-небудзь экзатычнай краіне. У Індыі, напрыклад. Галоўнае, каб там нідзе на вочы не трапіліся змеі. Я іх нават на малюнку бачыць не магу!

— На якую тэму заўсёды ахвотна гаворыце?

— Уборы! Ніколі не стамляюся абмяркоўваць фасоны, колеравую палітру, фурнітуру. Нават па скайпе з сёстрамі дэманструем адна адной абноўкі: сумачкі, туфлі…

— Ці памятаеце свайго першага пацыента?

— Безумоўна. На трэцім курсе, без папярэджвання, выкладчык даў у рукі інструмент і сказаў: “Лячы!”. Хвалявалася вельмі, крыўдзілася на прафесара, што не прадаставіў магчымасці псіхалагічна настроіцца. А ўжо на пятым курсе мы ўсе адчувалі сябе сапраўднымі ўрачамі.

— Хто больш баіцца лячыць зубы – жанчыны ці мужчыны?

— Адназначна, мужчыны!

— Не шкадуеце, што Вас размеркавалі ў Валожын?

— Ды не. Сталічным снабізмам не хварэю. Да таго ж мне вельмі хацелася займацца артапедыяй, а ў Мінску ўладкавацца па такой спецыяльнасці амаль немагчыма. А тут і калектыў падабраўся добры, і на сучасным абсталяванні працую.

— Мадэрнізацыя зараз на слыху. А хто галоўны ў тандэме “машына-чалавек”?

— Машына павінна працаваць безадказна, а чалавек, у нашым выпадку ўрач, павінен думаць. Зараз у паліклініцы ёсць магчымасць мець самае найноўшае абсталяванне, матэрыялы. Не хапае кадраў. Таму нават даводзіцца адмаўляцца ад набыцця той ці іншай тэхнікі. Працаваць на ёй няма каму. А ў артапедычнай практыцы тандэму “машына-чалавек” мала. Патрэбен яшчэ адзін чалавек – талковы тэхнік. Калі ў яго залатыя рукі, то можна кожнаму жадаючаму забяспечыць галівудскую ўсмешку!

— Праз два месяцы ў школах заканчваюцца заняткі. Можа нехта з выпускнікоў захоча стаць стаматолагам. Што яго чакае?

— Вучыцца ў медінстытуце цяжка, асабліва першыя тры курсы. Не думайце, што на заняткі прыйдзеце непадрыхтаванымі, “а вось пракоціць”. Гэта немагчыма. Нас у групе было ўсяго восем чалавек, кожны – як на далоні. Але калі паставіў мэту стаць добрым урачом, то ўжо няхай ніякія цяжкасці не палохаюць, ніякія спакусы не саб’юць з выбранага шляху.

— Ці не адчувае сябе ўрач перад пацыентам, як абслуга?

— Я вельмі не люблю словазлучэнне “медыцынскія паслугі”. У ім сапраўды ёсць нешта лакейскае, ад абслугі. Наша ж прызванне – дапамагаць.

— Кажуць, рука дапамогі больш святая, чым вусны, якія моляцца. Вы як лічыце?

— Тут цяжка параўноўваць. Мяне заўсёды вучылі, што думаць, марыць неабходна толькі пра добрае і прыгожае, бо думкі матэрыялізуюцца. Не выключаю, што малітва іншы раз дапамагае больш, чым самая ўмелая рука. Нездарма ж у хвіліны адчаю, калі, здаецца, чакаць дапамогі ўжо няма адкуль, мы молімся. Прынамсі, так паступаю я, хоць і не з’яўляюся прыкладнай каталічкай.

— Закон бумеранга ў адносінах паміж людзьмі існуе?

— Вядома. Калі лячу пажылога пацыента, то заўсёды думаю, што нехта і маіх маму і тату будзе лячыць гэтак жа старанна. Веру, што дабро вяртаецца дабром, а зло – злом.

— Якія людскія заганы лічыце самымі непрыемнымі?

— Зайздрасць і абгаворы за спінай. Ніколі не саромеюся выказаць чалавеку ўсё ў вочы. Але трэба дараваць людям іх слабасці. Калі пра цябе гавораць за спінай, то ты нечага варты, ты – асоба. Як гаварыла Людміла Гурчанка, пляўкі ў спіну робяць нас мацнейшымі і штурхаюць уперад.

— Адчуваецца, што сваю працу Вы любіце. А ці ёсць тое, што Вы змянілі б?

— Пісаніна. Столькі трэба падрыхтаваць тлумачальных запісак і адказаў! Гадавая справаздача патрабуе недзе тыдзень карпатлівай работы. Але без дакладнай статыстыкі цяжка было бы забяспечыць парадак у рабоце. Ды і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы патрабуе дакладных лічбаў.

— Напрыканцы размовы хочацца пачуць ад урача слушныя парады.

— 80-90 працэнтаў здароўя зубоў залежыць ад таго, як і колькі разоў вы іх чысціце. Рабіць гэта неабходна абавязкова вечарам і раніцай, па вертыкалі. Мяняйце зубную шчотку адзін раз на месяц. Дзецям можна мяняць радзей – два разы на год.

— Марыя Вячаславаўна, заўсёды хвалююся, калі пастаўлена задача разгаварыць незнаёмага чалавека.  Сустракаюцца часам вельмі некантактныя. З Вамі ж было прыемна і лёгка пагутарыць. Дзякуй за размову, і ад імя ўсіх прыхільнікаў нашай газеты жадаю Вам здароўя, каб мары здзяйсняліся, а на гарызонце з’яўляліся новыя і толькі прыемныя перспектывы.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий