ПАБЫВАЛІ Ў РОЛІ ДЭГУСТАТАРАЎ

Общество

Заручыўшыся падтрымкай райспажыўтаварыства, некаторыя айчынныя вытворцы харчовай прадукцыі правялі ў раёне рэкламныя акцыі.

Напярэдадні каталіцкага Вялікадня наведвальнікаў магазіна “Гасцінец” у райцэнтры сустракалі юнакі ў форменных камбінезонах з надпісам “Чырвоны харчавік”. Яны прапаноўвалі ўсім жадаючым паспытаць на смак навінкі Бабруйскай кандытарскай фабрыкі: фруктовы зефір, мармелад, глазураваныя цукеркі. Пасля кожны дэгустатар мог пісьмова выказаць свае меркаванні наконт якасці, а таксама набыць гэтыя тавары са скідкай у 20 працэнтаў.

На суд івянчан былі прадстаўлены малочныя вырабы Слуцкага сыраробнага завода. Як запэўніваюць прадаўцы магазіна № 115, пасля дэгустацыі попыт на цвёрдыя сыры, тварог, смятану значна вырас.

Падобная акцыя прайшла і ў Ракаўскім універсаме, дзе сваю прадукцыю рэкламаваў Валожынскі філіял Маладзечанскага малочнага камбіната. Адкрыццём для пакупнікоў стаў сыр “Ракфор”.

Праз месяц, перад праваслаўным Вялікаднем, на непасрэдную сувязь з пакупніком выйдуць Мінскія малочныя заводы №№ 1 і 2, а таксама кандытарская фабрыка “Камунарка” і СП “Івкон”.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий