АСАЛОДА АД ГУЛЬНІ З ЛІТОЎЦАМІ

Официально

Больш за 15 гадоў таму зарадзілася традыцыя таварыскіх баскетбольных сустрэч паміж юнымі спартсменамі Валожына і іх аднагодкамі з суседняй Літвы. Не стаў выключэннем і бягучы год.

Нядаўна ў спартыўнай зале гімназіі №1 г. Валожына адбылася матчавая гульня, падчас якой гаспадары пляцоўкі прымалі каманду вядомай баскетбольнай школы Каўнаса. Стваральнікам і адным з кіраўнікоў яе з’яўляецца славуты баскетбаліст, чыё імя не адно дзесяцігоддзе было на слыху ўсіх аматараў баскетболу, – Арвідас Сабоніс.

Як расказаў трэнер нашай гімназіі Леанід Хвядчэня, ідэя падобных сустрэч нарадзілася менавіта на валожынскай зямлі больш за пятнаццаць гадоў таму. Спачатку нашы юныя баскетбалісты наведваліся ў госці да сваіх літоўскіх сяброў. Пасля ж уваходжання Літвы ў Шэнгенскае пагадненне, значныя сумы, якія трэба выдаткоўваць на атрыманне віз, прымусілі змяніць правіла. Цяпер літоўская каманда прыязджае да нас. У апошнія гады праграма стала пашырацца. Адзіная гульня перарасла ў невялікі міжнародны турнір, у якім таксама прымаюць удзел іншыя маладзёжныя каманды Беларусі.

Гульня, якая адбылася напрыканцы сакавіка, парадавала ўсіх аматараў баскетболу і тых, хто проста прыйшоў падтрымаць сваю каманду. Не патрэбна было лічыцца вялікім знаўцам папулярнай гульні, каб адчуць усю тую энергічнасць, мэтанакіраванасць, вытрыманасць і адданасць любімай справе, якія прадэманстравалі абедзве каманды. Было відавочна, што незалежна ад вынікаў усе спартсмены атрымалі асалоду ад самой гульні. Вынікі ж больш парадавалі гаспадароў пляцоўкі. Наша каманда перамагла з лікам 65:45. Нягледзячы на тое, што госці часта дэманстравалі крыху вышэйшы тэхнічны ўзровень, валожынскія хлопцы здолелі пастаяць за сябе. Імкненне да перамогі, уменне гуляць камандай і выдатныя валявыя якасці нашых спартсменаў прынеслі заслужаны поспех.

Сустрэча, што адбылася ў Валожыне паслужыла адкрыццём трохдзённага міжнароднага маладзёжнага турніру, які працягнуўся на іншых баскетбольных пляцоўках з удзелам юнацкіх каманд Маладзечна і Гродна.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий