«НОЧ СКІДАК» ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Общество

Магчымасць набыць патрэбныя тавары па больш прывабных цэнах – заўсёды прыемная нечаканасць. Але ў апошні час гэткая магчымасць перастала быць нечаканасцю, а зрабілася добрым правілам на гандлёвых аб’ектах спажывецкай кааперацыі раёна.

Як расказала начальнік аддзела непрадуктовых тавараў райспажыўтаварыства Людміла Мандрык, ужо з канца мінулага года многія прамысловыя і гаспадарчыя магазіны ўліліся ў рэгулярныя акцыі пад назвай «Ноч скідак». Піянерам у гэтым пачынанні стаў валожынскі ўнівермаг. Акцыі тут цяпер адбываюцца штомесяц, часам нават двойчы. У «Ноч скідак» дзверы адкрыты для пакупнікоў на некалькі гадзін даўжэй, чым звычайна. У гэты час на ўсе тавары дзейнічае скідка 15%. Зрабіць пакупкі ў крэдыт па зніжаных коштах не атрымаецца, але ж разлічыцца можна не толькі наяўнымі грашыма, але і банкаўскімі карткамі.

«Ноч скідак» запатрабавана сярод жыхароў раёна. За тры гадзіны акцыі абарот тавару атрымліваецца гэткім жа, як за 3-4 звычайныя гандлёвыя дні.

Найбольшым попытам падчас акцый карыстаюцца гаспадарчыя тавары, бялізна, разнастайная бытавая тэхніка, уключаючы тэлевізары і халадзільнікі. Хаця лідарства тут даволі нязначнае – нават звычайную лямпачку людзі лічаць за лепшае купіць са скідкай.

«Ноч скідак» праходзіла ўжо ў прамысловых і гаспадарчых магазінах Валожына, Пяршаяў, Івянца, Багданава. У бліжэйшы час іх геаграфія пашырыцца на Вішнева і Ракаў. Наступная акцыя ў валожынскім універмагу чакаецца напрыканцы сакавіка. Сачыце за аб’явамі на раённым радыё і дзвярах магазінаў!

Яшчэ адна акцыя дзейнічае ў аддзеле ювелірных вырабаў універмага ў райцэнтры. У любы дзень вырабы з золата і серабра можна набыць тут са скідкай 10%. Прычым дзейнічае яна і пры пакупцы тавару ў крэдыт, які прадастаўляецца на тэрмін у 6 месяцаў па стаўцы 35% гадавых.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий