Общество

Упэўненага ў сваіх ведах адзінаццацікласніка Аляксея ЖАЛНЯРОВІЧА не хвалюе будучае паступленне ў ВНУ, хоць ужо не за гарамі кампанія “Абітурыент-2013”. Бестурботнасць і спакой “мудраца” шаснаццацігадоваму гімназісту прынёс поспех на рэспубліканскай алімпіядзе па геаграфіі.

Некалькі дзён таму з гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва юнак прывёз у гімназію № 1 Валожына дыплом трэцяй ступені. Гэта перамога дае яму права паступіць па-за конкурсам на бюджэтнае аддзяленне геафака вядучай ВНУ краіны – Белдзяржуніверсітэта.

Аляксею сёлета не прыйдзецца здаваць ЦТ, яго чакае бясплатнае студэнцкае жыллё і стыпендыя спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адоранай моладзі.

…Як казалі старажытныя філосафы: “Перамога любіць старанне!” Да гэтага трыумфу А. Жалняровіч рыхтаваўся тры гады пад умелым кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Святланы Вітольдаўны ФЕДАРАКА. Любімаму прадмету гімназіст аддае ўвесь вольны час, нават на перапынках не выпускае падручнікі з рук, а дома заседжваецца перад атласамі і картамі да 12 гадзін ночы. Не выпадкова ў Аляксея па геаграфіі толькі дзясяткі, ды і па астатніх прадметах агульны сярэдні бал – 9,2.

Такая карпатлівая праца і дазволіла яму стаць трэцім  сярод 39 адзінаццацікласнікаў з розных куткоў краіны, якія ўдзельнічалі ў алімпіядзе. Інтэлектуальны “рынг” юных географаў праходзіў у Гомелі на працягу трох дзён. Самымі складанымі заданнямі былі здымка мясцовасці, састаўленне карты і абарона праекта па арганізацыі на дадзенай тэрыторыі аздараўленчага цэнтра.

Парасткі працавітасці Аляксея ўжо далі першыя карані. Калі яны будуць глыбокімі, то мара юнака – стаць у будучым аўтарытэтным вучоным – абавязкова спраўдзіцца.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *