ЁСЦЬ ЧЫМ ГАНАРЫЦЦА

Общество

Калі гутарка ідзе аб узроўні медыцынскага абслугоўвання на вёсцы, у многіх спрацоўвае стэрэатыпнае мысленне: маўляў, сельскі доктар правільны дыягназ не паставіць і ад хворасці не вылечыць, так што лепш на кансультацыю ў горад ехаць, надзейна будзе.  Магчыма, віной такім скептычным развагам чэхаўскія апавяданні, дзе правінцыяльны дантыст, напрыклад, для выдалення зубоў выкарыстоўвае небагаты арсенал інструментаў: казіную ножку, шчыпцы ды карболавы раствор…

 

Каб не проста лячыць, а лячыць добра, патрэбны адпаведныя ўмовы. Бо нават дасведчаны лекар можа не выканаць свой абавязак, не маючы пад рукой неабходнага.

Яркі прыклад якаснай медыцыны на вёсцы – Вішнеўская ўрачэбная амбулаторыя. Яна не раз станавілася пераможцай у абласных конкурсах сярод устаноў аховы здароўя. У 2007 годзе ўвогуле атрымала права называцца лепшай урачэбнай амбулаторыяй у краіне, заняўшы першае месца ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе па якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.

 

НА ВЁСЦЫ, ЯК У ГОРАДЗЕ

Вішнеўская амбулаторыя можа пахваліцца новай стаматалагічнай устаноўкай. Дзякуючы сучаснаму абсталяванню, два разы на тыдзень тут вядзе прыём зубны тэхнік з Багданава. У практыцы таксама і штотыднёвыя прыезды ўрачоў з Валожынскай паліклінікі. Па суботах мамы прыводзяць дзяцей да педыятра. Па аўторках чарга строіцца ля кабінета тэрапеўта. Звычайна ў такія дні амбулаторыю наведваюць больш за сорак чалавек.

Не выязджаючы ў райцэнтр, у амбулаторыі можна зрабіць электракардыяграму, здаць аналізы.

Ёсць тут і дзённы стацыянар на шэсць ложкаў, дзе хворыя могуць прайсці курс кропельніц і некаторыя працэдуры.

Электра-света-цеплалячэнне праводзяць у фізіятэрапеўтычным кабінеце. У вяскоўцаў “лідзіруюць” захворванні апорна-рухальнага апарату: цяжкая фізічная праца на зямлі дае аб сабе знаць болямі ў суставах. Таму цеплавая лямпа солюкс і парафін у вялікай пашане сярод пацыентаў. Сасуды тут умацоўваюць з дапамогай дарсэнвалю і электрафарэзу. Кварц выкарыстоўваюць пры скураных і запаленчых захворваннях органаў дыхання, бранхіяльнай астме, інгалятарам лечаць прастуды. Апараты хоць і не новыя, але працуюць спраўна. Фізіятэрапеўтычным кабінетам загадвае медсястра Галіна Грыбава, яна ў медыцыне з 1977-га года.

Дзякуючы ўласнай кацельні, у амбулаторыю праведзены цеплавое ацяпленне і гарачая вада. Ёсць тут і свая пральня. У будынку размясцілася і аптэка, што вельмі зручна для наведвальнікаў.

 

ЗАСЛУГА КАЛЕКТЫВУ

Усе клопаты па паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання – на плячах загадчыка амбулаторыі, урача агульнай практыкі Станіслава Уладзіміравіча Лужынскага. Пад яго кіраўніцтвам працуе дружны калектыў з 15-ці чалавек – медсёстры, акушэрка, фельчар-лабарант, санітаркі і іншы персанал.

Калі пераступаеш парог амбулаторыі, бачыш прыметы капітальнага рамонту. Унутры будынак – светлы, чысты і нават, як ні дзіўна гучыць, утульны. На двух паверхах поўна зялёных вазонаў, сцены пафарбаваныя ў прыемны воку персікавы колер, падлога з пліткі колеру слановай косці. Праўда, санітарачкі бядуюць, што на светлым фоне смецце прыкметнае. Таму, змагаючыся за чысціню, яны тут жа выціраюць натаптаныя сляды. Наведвальнікі прыходзілі і адыходзілі, а падлога ў фае па-ранейшаму зіхацела чысцінёй, дзякуючы старанным жанчынам.

Працуюць у Вішнеўскай амбулаторыі і сямейныя “тандэмы”: напрыклад, медсястра агульнай практыкі Ядвіга Клінцэвіч з мужам Эдуардам, загадчыкам гаспадаркі, або працэдурная медсястра Лілія Гурская з мужам Вячаславам, вадзіцелем машыны “хуткай дапамогі”.

Калектыў тут не толькі адказны і руплівы, але і прафесіянальны. Сярэдні працоўны стаж медперсаналу – больш за трыццаць гадоў. Дзіцячая медсястра Ірына Таўгень увогуле шчыруе на гэтай гуманнай ніве больш за сорак гадоў.

 

ДАВЕДКА: Радыус зоны абслугоўвання амбулаторыі – 20 кіламетраў, гэта – 45 вёсак Вішнеўскага, Сакаўшчынскага і Багданаўскага сельсаветаў. Медыцынская ўстанова аказвае дапамогу 2472 жыхарам. З іх працаздольных – 1307, дзяцей – 283.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий