КАНТРАКТ НА КАХАННЕ

Закон и порядок

Няма аднадумства па праблеме прастытуцыі ў сучасным грамадстве: хтосьці гатоў на самыя радыкальныя меры ў барацьбе з гэтай ганебнай з’явай, іншыя агітуюць за легалізацыю “жрыц кахання”. Ёсць і такія, хто на чужых грахах прагне лёгка зарабіць грошай. Судом Валожынскага раёна нядаўна разгледжаны дзве крымінальныя справы, фігурантамі ў якіх выступалі дамы лёгкіх паводзін (сведкі) і іх рэкеціры (падсудныя).

…Маладых правінцыялаў, якія толькі вырваліся з-пад бацькоўскага даху, сталіца спакусліва прываблівае шыкоўнымі машынамі, дарагімі буцікамі і рэстаранамі, канцэртамі зорак эстрады. А імунітэт ад зайздрасці да чужога багацця прывіты не кожнаму. Вось і двое хлопцаў-студэнтаў з Валожыншчыны замест таго, каб карпець над кнігамі, пакутліва разважалі, як займець шмат грошай. А тут яшчэ, на тое ліха, у адной вясёлай кампаніі падхапілі “далікатную” хваробу, лячыць якую сябрам параілі тайком і ў платнай клініцы.

Засмучаных хлопцаў, што бадзяліся па гарадскіх вуліцах, угледзіла цыганка. Яна ласкава загаварыла з імі і прапанавала паваражыць.

– Ой, бачу, што сурочылі вас, псоту навялі! Чакае вас і казённы дом, і турма, і хварэць будзеце! Але я дапамагу, вазьму танна – усяго па мільёну з кожнага!

Ледзь адчапіліся студэнты ад назойлівай жанчыны. Толькі настрой яшчэ больш непрыемным зрабіўся.

– Вось баба маладзец! Хоць з нас ёй і не ўдалося на грошыкі разжыцца, але за дзень, пэўна, нейкага дурня развядзе. Можа і нам у цыганоў пераапрануцца? – пачаў разважаць адзін. Сябра тут жа падхапіў ідэю:

– Навошта так экстрэмальна! Давай лепш міліцыянерамі прыкінемся і прастытутак на трасе “пасвіць” пачнём! Кіцель жа ёсць дзе ўзяць!

Расказваць, дзе махінатарам удалося набыць форму, не будзем. А то раптам камусьці яшчэ захочацца прымераць на сябе ролю праваахоўніка…

Падрыхтоўка да афёры шмат часу не заняла, і хутка «новаспечаныя міліцыянеры» на пазычаным аўтамабілі рулілі па аўтадарозе Мінск-Гродна. Як толькі ў поле іх зроку трапіліся зазыўна размаляваныя дзяўчаты ў кароткіх спаднічках, крымінальная інтэрмедыя “Пярэваратні ў пагонах” стартавала.

Хлопцы нядрэнна ўжыліся ў вобраз, на чыны для сябе, любімых, не паскупіліся. Адзін казырнуў перад прастытуткамі званнем капітана крымінальнага вышуку, другі прадставіўся як старшы лейтэнант. Юныя прайдзісветы шчодра вешалі локшыну на дзявочыя вушы:

– Ды мы ў падраздзяленні міліцыі нораваў працуем! Заўсёды ведаем пра запланаваныя аблавы на прастытутак. Маем магчымасць з-за кратаў і ад штрафаў вызваліць! Калі неабходна, то і кліентаў можам прыстрашыць. Гарантуем, што працаваць вам будзе – адно задавальненне… Толькі кожная плаціце нам штодня па 50 долараў! (Потым, праўда, стаўка паменшылася. Сышліся на 25-ці).

Прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва не без цікавасці слухалі. Кантракт тут жа і замацавалі. Не на паперы, а так… “у ложку”…

Дзяўчаты, хоць ім зязюля ледзьве васямнаццаць гадкоў паспела накукаваць, на справе аказаліся не такімі ўжо і “лахушкамі”. Толькі развеяўся выхлапны дым за аўтамабілем новых “дзелавых” партнёраў, як асобы “няцяжкіх” паводзін пацокалі высокімі абцасамі ў будынак бліжэйшага РАУС паведаміць пра незаконную здзелку.

У дзяржаўнай установе дзяўчатам выдалі дыктафоны, памечаныя купюры, і спецаперацыя, якую звычайна называюць “лоўля на жыўца”, пачалася.

Хлопцы былі далёка не прастакамі, сітуацыю ацэньвалі рэальна і не загадвалі, што ім удасца доўга вадзіць за нос прастытутак. Але магчымасць так раптоўна аказацца за кратамі нават у разлік не бралася.

Не зманіла, аказваецца, праклятая цыганка! Людзі з казённага дома завялі на хлопцаў крымінальную справу па артыкуле “махлярства”. Паперы з абвінаваўчымі доказамі склалі тры тоўстыя тамы. Следства цягнулася амаль год. А на турэмнай баландзе за такі час жыцейскай навукі спасцігнуць можна, як на волі – за дзесяцігоддзе!

Суд, улічыўшы малады ўзрост падсудных, шчырае раскаянне і перажыванні іх бацькоў, вынес даволі мяккі прыгавор – чатыры гады пазбаўлення волі кожнаму, але ўмоўна.

Замест эпілога. Можа і нядрэнна, што незаконны бізнэс у маладых людзей “накрыўся” ў самым пачатку. Хто ведае, куды завяла бы іх крывая дарожка? Рана ці позна, расплата за ўчыненае чакае кожнага. Дарэчы, яшчэ адзін валожынец, асуджаны па падобнай справе (праўда, ён “курыраваў” больш элітных прастытутак) зараз адбывае рэальнае пазбаўленне волі.

А для тых блудніц недзе ўжо іншыя хціўцы лёгкіх грошай ткуць сваё павуцінне. Бо нашы героі, на жаль, не першыя і, напэўна, не апошнія…

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий