Сябры са старонак кніжных

Общество

Літаратурнай сустрэчай з вядомым дзіцячым пісьменнікам, лаўрэатам многіх літаратурных прэмій М. П. Пазняковым адкрыўся Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі ў Валожынскай дзіцячай бібліятэцы. Міхась Паўлавіч упершыню наведаў Валожыншчыну, чым вельмі парадаваў сваіх чытачоў. Першая сустрэча адбылася ў СШ № 2 горада. Настаўнікі школы на чале з дырэктарам Л. В. Петрашкевіч гасцінна сустрэлі пісьменніка і прадстаўнікоў выдавецтва “Народная асвета”.

З цікавасцю слухалі дзеці аповед Міхася Паўлавіча пра яго жыццёвы і творчы шлях. Гучалі вершы ў аўтарскім выкананні. Спадабаліся прысутным загадкі, лічылкі, смяшынкі. Удзельнікі сустрэчы з задавальненнем адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні і выконвалі займальныя заданні. Найбольш актыўныя атрымалі прызы ад аўтара.

Увазе прысутных быў прадстаўлены фільм, прысвечаны Міхасю Паўлавічу Пазнякову.

Былі ўзнагароджаны лепшыя чытачы бібліятэкі, пераможцы конкурсу “Мы з кнігаю сябруем!”. Яны атрымалі пасведчанні “Лепшы чытач Валожынскай дзіцячай бібліятэкі” і кнігі ў падарунак, якія мы папрасілі ўручыць нашага ганаровага госця.

Алена Сугака,

загадчыца Валожынскай дзіцячай бібліятэкі.

 



Добавить комментарий