Горкія травы адзіноты

Культура

У метафізічным вымярэнні старасць невялікіх вёсачак, як мне падаецца, больш нагадвае жаночую старасць. Фасады многіх хат даўно не абнаўляліся, фарба абцерушылася, і глыбокія шэрыя прожылкі на дошках нагадваюць маршчынкі на твары. Вокны, як і вочы, патухлі, фіранкі-матылькі больш не соўгаюць гарэзлівыя дзеці, пільна ўзіраючыся на вуліцу. Сыны і дочкі даўно падаліся ў вялікія гарады. Вёска сцішылася, прытаілася. Нібы чакае нейкіх навін-павуцінак з будучага: колькі ёй яшчэ наканавана пратрымацца на зямлі? Галоўны дэфіцыт у такіх малых вёсках – мужчынскія рукі. Жанчыны, каб наладзіць свой быт у адзіноце, хутка навучыліся спраўляцца і з пілой, і з сякерай. І самі дзівяцца, колькі спрыту ў сялянскай працы багата займелі.

…Здаля чую, як шоргае лязо касы па агрубелай густой траве. З-за дамоў адразу і не разгледзець: хто ж так заўзята працуе? Мінаю адну хату, другую. І вось ужо выразна бачна: пачцівага ўзросту кабета працуе на бульбянішчы. Грубыя сцёблы не зусім лёгка паддаюцца касе. Каб хутчэй адужаць бульбоўнік і густую лебяду, жанчына нахіляецца ўсёй сваёй постаццю – тады лягчэй слухаецца каса. Яна стараецца, каб не было “халастых” замахаў на такой “сенажаці”. Але каса падводзіць – затупілася. Жанчына распраўляе змораную спіну, нешта намацвае ў кішэні рабочай світкі. Аказваецца, шукае брусок. Дастала, прымерваецца, якім бокам лепш прыкласці інструмент, што месцамі сцёрся да ледзь трывалай таўшчыні. Жаночая рука напрактыкавана шморгае бруском па касе. Звонкі халодны гук падае ў няскошаную, астуджаную восенню, траву. Бачна, што і за сёння, і за заўтра ёй  ніяк не ўправіцца. Агарод цяпер чамусьці здаецца  куды большым, чым некалі, калі ўся сям’я была ў поўным складзе, калі муж, як бы сам заняты не быў, з джэнтльменскіх памкненняў ніколі не дазваляў жонцы браць у рукі касу і працаваць. А цяпер адзінота і старасць з натугай круцяць па кругу стрэлкі жыцця, і толькі хвіліны ўспамінаў пра былое расквечваюць сумны восеньскі дзень. Шмат гадзін правядзе гаспадыня ў працы, косячы горкія травы сваёй удовінай адзіноты…

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *