У НЯДЗЕЛЮ, ПРАЗ 54 ГАДЫ…

Культура

Здараецца так, што лёс зводзіць людзей. Зусім незнаёмыя дагэтуль, яны раптам робяцца блізкімі, звязанымі нябачнымі ніткамі сяброўства. Мінае зусім няшмат часу, і гэтак жа нечакана і, здаецца, выпадкова, лёс зноў раскідае іх па вялікім свеце. І толькі ўспаміны – прыемныя, цёплыя, злёгку прыпраўленыя горыччу расставання – застаюцца ў чалавечых сэрцах.

Праходзяць доўгія гады, людзі пражываюць цэлае жыццё, старэюць, але ж захоўваюць іскрынку блізкасці дзесьці ў глыбінях памяці. Зусім рэдка, але здараецца ў такіх жыццёвых сюжэтаў нечаканы і радасны працяг. Калі такое даводзіцца бачыць на кінаэкранах, то ў гледачоў часта па-здрадніцку вільгатнеюць вочы. Але ж падобная гісторыя насамрэч, а не па мудрагелістай гульні фантазіі сцэнарыста, здарылася ў жыцці нашага чытача і аўтара Эдуарда Доваля з вёскі Запур’е. Сёння ён дзеліцца ўспамінамі:

– У другой палове пяцідзясятых гадоў мінулага ўжо стагоддзя я выконваў воінскі абавязак на далёкай поўначы, у горадзе Севераморску. У агромністай казарме, дзе мне давялося жыць большую частку тэрміну службы, размяшчалася каля 180 чалавек. Аснову гэтай немалой грамады складалі ўкраінцы. Было таксама некалькі дзясяткаў ленінградцаў, і літаральна жменька – на пальцах рук можна пералічыць – нас, беларусаў.

Усе былі абсалютна розныя людзі са сваімі інтарэсамі і жыццёвым вопытам, але жылі мы дружна. Не магу меркаваць аб іншых месцах, але ж у нас і блізка не было нічога нават падобнага на тую ганебную «дзедаўшчыну», аб якой цяпер часта даводзіцца чуць. Ставіліся мы адзін да аднаго з павагай. Але ж так ужо створаны чалавек, што заўсёды прыемна яму мець побач земляка. Трымаліся мае сябры беларусы заўжды разам, адзін за аднаго стаялі сцяной.

Служыў разам са мной хлопец, якога звалі Іван Хоміч. Ён прызываўся з Мінскай вобласці, я – з суседняй, тагачаснай Маладзечанскай. І так ужо сталася, што сталі мы шчырымі сябрамі, усе радасці і нягоды дзялілі на дваіх. Аднойчы мне не пашанцавала, з-за атрыманай траўмы мяне змясцілі ў ваенна-марскі шпіталь у Севераморску. Чамусьці ў шпітальных сценах заўсёды так хочацца ўбачыць знаёмы твар, пачуць родны голас. Вось толькі якія сваякі за некалькі тысяч кіламетраў ад дому? Але ж на трэці дзень лячэння мне паведамілі, што ў фае мяне чакае наведвальнік. Я ні на імгненне не сумняваўся, што гэта мой сябрук Іван Хоміч.

Дагэтуль памятаю, як бязмерна я быў рады яго візіту. Ужо на развітанне ён сказаў, што зноў прыйдзе да мяне ў нядзелю. Як аказалася, ні ён, ні я не маглі тады ведаць, калі тая нядзеля настане…

Не дачакаўшыся абяцанага візіту, праз тры тыдні я выпісаўся са шпіталя і рушыў у казарму. Тое, што там убачыў, нагадвала кадры ваеннага кіно – сярод голых сцен гуляў вецер, пустая будыніна стаяла кінутая. Сустрэты знаёмы паведаміў, што ўвесь батальён тэрмінова перавезлі ў Архангельск. Я рушыў у штаб Паўночнага флоту. Там мне прапанавалі выбар – альбо таксама ехаць у Архангельск, альбо застацца ў Севераморску.

Пытанне было прынцыповым. На новым месцы давялося б служыць на год больш. Не задумваючыся, адкуль такая палёгка севераморцам, не ведаючы нават слова «радыяцыя» (ад рэдакцыі: у гэтым раёне ў той час знаходзілася першая савецкая база атамнага падводнага флоту), я вырашыў застацца. Рэшта службы прайшла хутка, і толькі памяць пра згубленага сябра раз-пораз засмучала мяне. Не ведаючы аб такім хуткім расставанні, мы нават не абмяняліся адрасамі. Адзінае, што я запомніў – гэта тое, што быў ён ці то са Смілавіцкага, ці то са Смалявіцкага раёна…

Праз нейкі час пасля вяртання на радзіму я пачаў пошукі. Памятаючы расказ Івана аб дзяўчыне з Ашмяншчыны, з якой ён разам працаваў на будоўлі ў Мінску і нават планаваў ажаніцца, я з’ездзіў у вёску Міхалоўшчына – гэтая назва чамусьці запомнілася добра. Але ж мясцовыя людзі сказалі, што дзяўчына з’ехала з вёскі, і ніхто не ведаў куды. Звяртаўся ў сталічную гардаведку, пісаў у смалявіцкую ды смілавіцкую раёнкі, дасылаў запыты ў раённыя пашпартныя сталы. Паўсюды адказ быў адмоўны. Нібыта знік мой Іван Хоміч.

На нейкі час пошукі спыніліся. Я амаль што страціў надзею. І вось аднойчы, ужо пасталелы, я паехаў да сваякоў у Ашмяны. І там у рукі трапіў нумар «Камсамольскай праўды». Рубрыка «Шукаю цябе» падаравала новае спадзяванне. Не марнуючы, я напісаў пісьмо ў рэдакцыю, прыклаўшы адзіную фатаграфію, дзе мы з Іванам у абдымку пазіруем перад камерай.

…Жанчына ішла па горадзе. Праходзячы каля газетнага кіёска раптам захацела купіць «Камсамолку». Сама здзівілася гэтаму жаданню – немаладая ўжо, здаецца, каб маладзёжныя газеты чытаць. Але ж захацелася так моцна, што не ўтрымалася, набыла. І ледзь разгарнула жаўтаватыя лісты, як убачыла знаёмы яшчэ з маладосці фотаздымак – брат у абдымку з сябрам-севераморцам. У той жа вечар у мяне дома зазваніў тэлефон. Якім жа было маё здзіўленне, а ўслед за ім і радасць, калі незнаёмы жаночы голас прамовіў: «Добры вечар. Я сястра Вашага колішняга сябра Івана Хоміча»…

Даведаўшыся, што сябрук жывы і здаровы, я кінуўся распытваць. Аказалася, што жыве ён у Польшчы, у горадзе Шчэцін. Стала зразумелым, чаму мае пошукі на радзіме нічога не далі. Праз пару дзён тэлефонная лінія звязала нарэшце старых сяброў. Іван расказаў, што ў далёкім 57-м годзе яго будучы лёс вызначыў… цяжкі архангельскі клімат. Ужо праз кароткі час пасля пераводу з Севераморска здароўе пачало відавочна слабець. Адзіным выратаваннем, магчымасцю датэрмінова пакінуць службу, быў пераезд сям’і за мяжу. Ратуючы сына, бацькі Івана пайшлі на гэты складаны крок. Так і аказаліся Хомічы ў Польшчы.

Праз нейкі час ён пазваніў зноў, цяпер ужо з Валожына. «Ну, расказвай, куды цяпер», – пачулася ў трубцы. Спаткаць сябра я выйшаў на дарогу за вёску. Была нядзеля. «Наступны раз прыеду да цябе ў нядзелю», – узгадалася фраза, сказаная палову жыцця таму ў фае севераморскага шпіталя. «Бачыш ты, стрымаў слова…» – падумаў я, з заміраннем сэрца чакаючы хуткай сустрэчы. Сустрэчы праз 54 гады.

Эдуард ДОВАЛЬ,

жыхар в. Запур’е.

 



Добавить комментарий