У восеньскі дождж

Культура

Раніцай звычайна цэйтнот. Быццам разблытаныя з клубка ніткі, звязваюць цябе розныя неадкладныя справы. Шмат чаго не паспяваеш зрабіць. Кубачак гарбаты так і застаецца некранутым на стале – няма калі. Дачка, прывычная да такой матчынай занятасці, акуратна запакавала бутэрброд, каб аддаць маці на рабоце, і сама неўзабаве паспяшалася на службу.

Стаяла халоднае дажджлівае надвор’е. Пад нізка апушчанымі парасонамі па сваіх справах крочылі людзі. Вецер рэзкім парывам агаляў дрэвы, на зямлі лёгкім металічным звонам шапацела ўжо добра падмерзлая лістота. Хутчэй бы схавацца ад восеньскай стыні –  такім зразумелым жаданнем  былі  заклапочаны не толькі людзі. Апусціўшы мокры хвост, адчайна глядзеў на прахожых і сабака. Ненатуральна перавальваючыся з боку на бок, ён бег услед за людзьмі. Пакалечаную лапку выцягнуў перад сабой, нібы стараючыся гэтым аблягчыць боль. Рана кроватачыла, відаць, трапіў дварняк у нейкі капкан і так сур’ёзна траўміраваўся. Дачка не магла без спачування глядзець на гэтага бедака. Чым падтрымаць  дрыжачую ад холаду і болю істоту?! “Бутэрброд, узяты раніцай для мамы!” – імгненна зрэагавала дзяўчына і хуценька палезла ў сумку. Адламала кавалачак, затым другі… Бачна было, што сабака рады быў бы і голай костцы. Прыйшлося скарміць яму ўсё, што было ўзята з сабой. Сабака быццам прыклеіўся да дзяўчыны. Ці то аддзячыць такім чынам хацеў, ці то жадаў, каб поўнасцю задаволілі яго апетыт. Але дачка мала звяртала ўвагі на свайго чатырохногага падарожніка. Яна думала пра тое, што вінавата перад маці, якой так і не данесла бутэрброд…

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий