ЗА ЛІДАРСКІ ТЫТУЛ

Молодежный курьер

Самага энергічнага, ініцыятыўнага і крэатыўнага актывіста маладзёжнай грамадскай арганізацыі выбралі на раённым этапе абласнога конкурсу “Лідар года-2013”.

Арганізатарскія і творчыя задаткі найбольш ярка, па меркаванні журы, праявіла Вольга Батракова, адзінаццацікласніца Дорскага ВЛК СШ. Дзяўчына разам з групай падтрымкі прадстаўляла школьную валанцёрскую арганізацыю Беларускага аб’яднання Чырвонага Крыжа. Менавіта іх дружная каманда адправіцца на фінальны конкурсны этап у Мінск.

Другое месца падзялілі паміж сабой каманды піянеркі Марыі Гаўрыс з гімназіі № 1 горада Валожына і юнага эколага Анастасіі Сенюць з Яршэвічаў. Дыплом трэцяй ступені атрымала Алеся Русіновіч, лідар дзіцячага грамадскага аб’яднання “Юныя выратавальнікі” з СШ № 2 райцэнтра.

У творчым маладзёжным спаборніцтве ўдзельнічалі лідары з 11 школ раёна. За гонар звацца маладзёжным лідарам раёна змагаліся ў тры этапы. Першы з іх – візітоўка ўдзельніка “Вось якія мы!” Тут маладым актывістам прыйшлося адсунуць сціпласць убок і як мага ярчэй прадэманстраваць свае таленты і захапленні.

Карысныя праекты маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў канкурсанты прадстаўлялі ў другім туры “Ініцыіруем, прапаноўваем, дзейнічаем”.

На трэцім этапе конкурсу “Незакончаная сітуацыя” лідарам было прапанавана на працягу 2-х хвілін знайсці выйсце з нестандартнай сітуацыі, вырашыць канфлікт, пры гэтым праяўляючы аратарскія здольнасці.

Па выніках конкурсу ў намінацыі “Лідар-арганізатар” лепшай стала Крысціна Петрашко, якая прадстаўляла дзіцячае аб’яднанне “Вішнеўскае школьнае лясніцтва”. Лідарам-эрудытам журы назвала Вікторыю Сцяльмацкую, актывіста БРСМ з Ракаўскай СШ. Лідар піянерскай арганізацыі з Подберазі Наталля Іванчык перамагла ў намінацыі “Ініцыірую, мяркую, дзейнічаю”. Сафонава Анастасія, актывістка дзіцячага грамадскага аб’яднання “Юныя інспектары дарожнага руху” СШ № 1 райцэнтра, перамагла ў намінацыі “Я – лідар”.

Самых яркіх канкурсантаў чакалі прыемныя сюрпрызы. Пераможцам падарылі насценныя гадзіннікі, багаты канцылярскі набор. Штотыднёвікі, фотаальбомы і яркія кружкі ўручылі лепшым у намінацыях.

Арганізатарам конкурсу па традыцыі стаў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Валожына. У ролі спонсара выступіў аддзел па справах моладзі райвыканкама.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий