СПАБОРНІЧАЛІ ГІРАВІКІ…

Спорт

Ужо другі раз запар Валожын становіцца сталіцай гіравога спорту. У мінулую суботу на базе сельскагаспадарчага прафтэхліцэя адбыўся чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па доўгім цыкле, арганізатарамі якога выступілі ГА «Беларуская федэрацыя гіравога спорту» і аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.

У райцэнтр з’ехаліся 50 спартсменаў-аматараў амаль з усіх абласцей. Яны прадстаўлялі вышэйшыя навучальныя ўстановы, арганізацыі, прадпрыемствы, аматарскія клубы. У спаборніцтвах прынялі ўдзел і навічкі, і ўжо добра вядомыя спартсмены, сярод якіх чатырохразовы чэмпіён свету Аляксандр Варановіч з Лельчыцаў Гомельскай вобласці і трохразовы чэмпіён свету Андрэй Лагунскі з Баранавічаў. Яны ў чарговы раз паказалі добрыя вынікі і сталі пераможцамі ў абсалюце.

Спаборніцтвы праходзілі па 9 вагавых катэгорыях і доўжыліся тры гадзіны. На працягу дзесяці хвілін кожны спартсмен павінен быў максімальную колькасць разоў падняць дзве гіры вагой па 32 кілаграмы кожная. Няцяжка падлічыць, што тыя, хто выступаў у шасцідзесяцікілаграмовай вагавой катэгорыі, паднімалі вагу нават большую за сваю ўласную. Безумоўна, гэта вынік шматлікіх трэніровак, шматгадовай напружанай працы над сабой і сваімі магчымасцямі.

На гэтым жа мерапрыемстве ва ўрачыстай абстаноўцы было аб’яўлена, што інструктару-метадысту ФАЦ «Надзея» Мікалаю Мікалаевічу Рабцаву прысвойваецца званне «суддзя нацыянальнай катэгорыі па гіравым спорце». Ён неаднаразова дагэтуль судзіў падобныя спаборніцтвы, а сёлета быў прызначаны галоўным суддзёй чэмпіянату. У судзейскую калегію ўвайшлі знакамітыя ветэраны-гіравікі, члены федэрацыі гіравога спорту. Спартсмены-пераможцы былі ўзнагароджаны медалямі і дыпломамі федэрацыі, а таксама памятнымі падарункамі аддзела спорту і турызму. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі і іх трэнеры. У камандным заліку лепшыя вынікі паказалі спартсмены РУП «МТЗ», ЗАТ «Атлант» і Белдзяржуніверсітэта.

Госцем чэмпіянату стаў яго мінулагодні ўдзельнік валожынец Яўген Вайніцкі,  які выступаў за Ваенную акадэмію. А вось сёлета сярод удзельнікаў не аказалася ніводнага нашага земляка. Гэта гаворыць аб тым, што гіравы спорт, ды і некаторыя іншыя, у нашай моладзі перайшлі ў разрад непапулярных. А яшчэ дзесяцігоддзе таму валожынскія юнакі славіліся сваімі перамогамі і па гірах, і па армрэстлінгу. У многіх і зараз на слыху прозвішчы Генадзь Адамовіч, Іван Катлярэвіч, Ягор Каляда, Ігар Лоўчы. Асабліва шмат гіравікоў было сярод ліцэістаў і ваеннаслужачых мясцовай воінскай часці.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий