За радком гісторыі

Культура

БЛІЖЭЙ ДА ПАКУПНІКА

Поспех хлебаробскай справы залежыць і ад тых, хто прызваны задавальняць культурна-бытавыя патрэбы сельскіх працаўнікоў, ствараць добры працоўны настрой. Немалую ролю ў гэтым адыгрывае гандаль.

Штодзённа для гандлю таварамі першай неабходнасці, хлебабулачнымі, тытунёвымі, кандытарскімі вырабамі, прахаладжальнымі напіткамі ў паляводчыя брыгады калгасаў і саўгасаў выязджаюць дзве аўталаўкі з базы райспажыўтаварыства і адна з Пяршайскага сельскага спажывецкага таварыства. У астатніх спажывецкіх таварыствах па прыкладу мінулых гадоў тавары ў поле будуць дастаўляцца гужавым транспартам. Для гэтага абсталявана 9 конных павозак.

У калгасах і саўгасах цяпер працуюць 197 сельскіх магазінаў. У мясцовасці, дзе магазінаў недастаткова, хлебабулачныя вырабы па заяўках калгасаў даставяць непасрэдна на поле спецыяльнай аўтамашынай. Будуць працаваць абсталяваныя на матацыклах перасоўныя буфеты.

Лепшаму абслугоўванню сельскіх працаўнікоў спрыяе таксама арганізацыя ларкоў без прадаўца. Адзін з іх ужо некалькі год працуе ў жывёлагадоўчым гарадку калгаса імя Леніна ў вёсцы Макараўка. Тут можна купіць тытунёвыя вырабы, запалкі, мыла і іншыя штучныя тавары.

НА РАДЗІМУ – У ГОСЦІ

У вайну Генуэфу Бекіш з Долевіч фашысты гвалтоўна вывезлі ў Германію. Трапіла яна ў невялічкі аўстрыйскі гарадок Феклябрук, дзе працавала на сельскагаспадарчых работах пры манастыры. Лёс склаўся так, што там яна сустрэлася з чалавекам, за якога выйшла замуж, звязала з ім сваё жыццё.

Нядаўна Генуэфа Хуфнагель разам з дачкой Тэрэзай наведала сваю родную вёску Долевічы, дзе гасцявала ў сястры Ядвігі Іосіфаўны Янушкевіч.

Аўстрыйская грамадзянка адзначыла вялікія змены, якія адбыліся на радзіме за 26 гадоў: новыя прыгожыя дамы, электрычнае асвятленне, сучасная мэбля ў дамах вяскоўцаў, моднае адзенне на людзях, прысмакі на сталах. Асабліва прыемна здзівіла яе наша бясплатная медыцына.

НЕВЫЧЭРПНАЯ КРЫНІЦА

Аддзел прапаганды і агітацыі райкама КПБ і раённая арганізацыя таварыства “Веды” распрацавалі прыкладную тэматыку лекцый, дакладаў і гутарак, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння У. І. Леніна.

У дапамогу лектарам, агітатарам і палітінфарматарам падабрана літаратура па асобных тэмах: “Ленінская тэорыя сацыялістычнай рэвалюцыі і сучаснасць”, “Ленін – майстар рэвалюцыйнай прапаганды”, “Ленін – правадыр і стратэг Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі”.

Больш за ўсё выступленняў прайшло ў калгасе імя Чапаева, саўгасах “Багданаўскі”, “Ракаўскі”. Падрыхтоўка да 100-годдзя з дня нараджэння Леніна праводзіцца ў цеснай сувязі з падрыхтоўкай да святкавання 150-годдзя з дня нараджэння Карла Маркса.

РАПАРТУЮЦЬ САНПАСТЫ

У раённым Доме культуры праходзіў злёт санітарных пастоў сярэдніх і васьмігадовых школ. 16 дзесяцігодак і 8 васьмігодак прыслалі сваіх прадстаўнікоў на здачу экзаменаў па праграме Чырвонага Крыжа і Паўмесяца.

На першым месцы санпост сярэдняй школы № 1. Яму ўручаны пераходны кубак раёна і пуцёўка на рэспубліканскі злёт, які адбудзецца ў Мінску ў час летніх канікул. На другім месцы каманда Валожынскай школы-інтэрната, на трэцім – Валожынскай СШ № 2.

ПАЧАЛАСЯ ПАСАДКА БУЛЬБЫ

У перышым аддзяленні саўгаса “Радзіма” за кароткі тэрмін падкормлены пасевы азімых, пасеена 60 гектараў лубіну, 25 гектараў ячменю і 18 – аўса. На 20-гектарным участку пасеяна сырадэля.

На значных плошчах глеба падрыхтавана пад пасадку бульбы. Першымі гэтую адказную справу пачалі трактарыст Тамаш Лапуцкі і машыніст бульбапасадачнай машыны Антон Юхнеўскі. За два дні яны пасадзілі 8 гектараў бульбы.

ПАДВЕДЗЕНЫ ВЫНІКІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАГА СПАБОРНІЦТВА

Лепшых паказчыкаў сярод прадпрыемстваў і арганізацый дабіўся Івянецкі кансервавы завод. Тут квартальны план па рэалізацыі прадукцыі выкананы на 128,8 працэнта. Добрых вынікаў дабіліся калектывы галаўнога масласырзавода, Валожынскага міжкалгасбуда і інш.

Новых поспехаў у далейшым развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці дабіліся працаўнікі сяла. Раён датэрмінова выканаў квартальныя планы па продажы дзяржаве прадуктаў жывёлагадоўлі: мяса, малака, яек. Гаспадаркі раёна поўнасцю падрыхтаваліся да веснавой сяўбы. Нарыхтавана і вывезена на палі 479 тысяч тон арганічных угнаенняў, што на 36 тысяч тон больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.

Разам з тым з боку рада партыйных, камсамольскіх і прафсаюзных арганізацый, выканкамаў Саветаў дэпутатаў працоўных, гаспадарчых кіраўнікоў прыніжана адказнасць за выкананне дзяржаўных планаў па ўсіх якасных паказчыках, слаба пастаўлена арганізатарская і палітычная работа па мабілізацыі працоўных на датэрміновае выкананне мерапрыемстваў і сацыялістычных абавязацельстваў у гонар 50-годдзя БССР і Кампартыі Беларусі.

Не выканалі квартальнага плана па нарыхтоўцы мяса, менш рэалізавалі мяса 22 гаспадаркі раёна. У выніку ў цэлым раён прадаў менш мяса дзяржаве, чым за першы квартал 1967 года. Квартальны план нарыхтовак малака не выканалі 9 гаспадарак.

Партыйныя арганізацыі, выканкамы сельскіх Саветаў дэпутатаў працоўных, гаспадарчыя кіраўнікі не разгарнулі настойлівай работы па выкананні сацыялістычных абавязацельстваў і мерапрыемстваў па жыллёвым і культурна-бытавым будаўніцтве, добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Не пачалі работ па будаўніцтве жылых дамоў, клубаў, лазняў калгасы імя Мічурына, “Радзіма”, імя Куйбышава і інш. Нездавальняюча вядзецца работа па ссяленні з хутароў.

ШЧЫРАЯ РАЗМОВА

На парадку традыцыйнага “Дня жывёлавода” ў калгасе імя К. Маркса стаялі два пытанні: даклад аб жыцці і дзейнасці К. Маркса і падвядзенне вынікаў работы за першы квартал. Сход быў шматлюдным, бо ёсць аб чым пагаварыць работнікам ферм.

Сёлета надой малака ад каровы ўзрос на 68 кілаграмаў, а валавы надой – на 384 цэнтнеры. Квартальны план продажу дзяржаве малака выкананы на 157 працэнтаў. Лепшых надояў дабіўся даяр Сцяпан Арсеньевіч Гідлеўскі. Ад 14 кароў ён надаіў за тры месяцы па 505 кілаграмаў малака. Жывёлаводы падлічылі, што каб усе даяркі працавалі так, як Сцяпан Арсеньевіч, то калгас выканаў бы паўгадавы план за тры месяцы.

ЛЯСНОЕ БАГАЦЦЕ

Сёлета работнікамі лясгаса ўпершыню праведзены зімовы ўлік дзікай жывёлы.

Вось некаторыя даныя. У нас маюць “прапіску” каля 4 тысяч вавёрак, 1620 зайцоў-белякоў, 600 зайцоў-русакоў, 150 дзікіх кабаноў, 440 ласёў, 33 рысі, больш 100 баброў, звыш тысячы глушцоў, 2255 цецерукоў, 3410 рабчыкаў і шмат іншых відаў звяроў і птушак.

ПА ПРАЦЫ – ПАШАНА

Слава даярцы Бацян Софіі Мікалаеўне, якая заняла першае месца на белакорацкай ферме, надаіла ў першым квартале 1968 года па 427,7 кілаграма малака на фуражную карову! А таксама даярцы румскай фермы Астаповіч Ірыне Рыгораўне, якая надаіла 423 кілаграмы малака на карову.

Старшыня праўлення калгаса В. І. Васілеўскі абвясціў рашэнне аб прысуджэнні ім пераходных Чырвоных вымпелаў і грашовых прэмій – па 15 рублёў кожнай. Таксама ўвазе жывёлаводаў быў прапанаваны даклад да 150-годдзя з дня нараджэння К. Маркса.

ВОСЬ ЯКАЯ ЯНА, ЮЛЯ!

Калі на стале паяўляецца смачная, духмяная булачка альбо ва ўрачысты вечар яго ўпрыгожвае прывабны торт – вішнеўцы ведаюць, што гэта пастаралася Юлія Якаўлеўна, ці проста Юля, як яе называюць тут па-сяброўску.

Другі год працуе Ю. Стасяловіч кандытарам у чайной, але паспела заслужыць аўтарытэт не толькі ў сяброў па працы, але і ў пакупнікоў.

Любоў да прафесіі кандытара яна перадала сваёй вучаніцы Валянціне Цыбульскай, якая цяпер працуе побач з настаўніцай. А Юлія Якаўлеўна навучае майстэрству новую вучаніцу.

Ю. Стасяловіч поўная энергіі і рухавасці. Мае сям’ю, хатнія клопаты, а яшчэ – парторг і ёй часта даводзіцца выконваць грамадскія даручэнні. А вечарамі, калі ў вокнах дамоў успыхвае святло, яна спяшаецца ў школу, дзе паспяхова займаецца ў дзявятым класе.

Вось такая яна, наша Юля! Верны таварыш, камуніст, чалавек, які можа служыць прыкладам у жыцці.

*  *  *

Больш 200 вучняў Каменскай васьмігодкі штодзённа абедаюць ў сталовай, што знаходзіцца ў цэнтры саўгаса імя Маякоўскага. За абед з трох страў вучні даплачваюць усяго 5 капеек.

 

Новым цагляным будынкам упрыгожылася вёска Сакаўшчына. Днямі туды ўсяліўся выканкам сельскага Савета дэпутатаў працоўных. На ўзвядзенне новабудоўлі затрачана 20 тысяч рублёў. У памяшканні паравое ацяпленне, ёсць зала пасяджэнняў, 6 кабінетаў. У самым прасторным і светлым абсталявалі пакой шчасця. Асаблівую ўтульнасць яму надаюць мяккія крэслы, прыгожая люстра, радыёла, вялікі кавёр, якім заслана падлога.

 

Год назад у Ластаянаўскую сярэднюю школу пасля заканчэння ўніверсітэта прыйшла працаваць настаўніцай матэматыкі Люцыя Касяк. Палюбілі яе не толькі вучні, але і моладзь саўгаса “Падбярэззе”. Л. Касяк, як палітінфарматар, паспявае ўсюды. Яе можна ўбачыць у розных месцах: і ў чырвоным кутку жывёлагадоўчай фермы, і перад рабочымі саўгаса, і ў клубе перад дэманстрацыяй кінафільмаў.

 

У Івянецкім дзіцячым доме створаны духавы аркестр. 16 яго ўдзельнікаў з задавальненнем збіраюцца на рэпетыцыі і развучваюць нескладаныя музычныя творы.

 

Усё яшчэ нізкай застаецца культура гандлю. Назіраюцца перабоі ў гандлі многімі прадуктамі, такімі, як мяса-малочныя і хлеба-булачныя вырабы, агародніна і інш. Запушчана работа з кадрамі. У сістэме гандлю раёна працуе 1,5 тысячы чалавек і толькі 2 чалавекі маюць вышэйшую адукацыю.

Старонкі газеты гартала Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий