Прыехалі дзеці…

Культура

Яму зайздросцяць многія ў вёсцы! Трое дзяцей жывуць, ні ў чым не адмаўляючы сабе. Маюць добрыя пасады, катэджы ў прысталіччы, адпачываюць з сем’ямі на заморскіх курортах. Бацька даўно стаў прыкмячаць, што ў родным доме ім не зусім утульна, бо няма тут звыклых гарадскіх зручнасцей, стэрыльнай чысціні. Ды і шыкоўныя аўто ўжо занадта кантрасна глядзяцца ў сціплым падворку на вясковай сядзібе. Дзеці сталі паціху як бы аддаляцца ад сваёй малой радзімы, а бацьку на старасці гадоў, наадварот, іх стала так не хапаць!

Розныя прычыны знаходзіць стары, каб заманіць іх дадому. Спасылаецца на слабае здароўе, калі-нікалі і хітрыць, што захварэў, бо тады больш верагоднасці, што прыедуць і падсобяць у працы. Такая тактыка спрацоўвала не раз, аднак звычку дзяцей рэгулярна наведваць родны дом так і не замацавала. І тады бацька пайшоў на хітрасць, якой і сам ад сябе не чакаў. Пазваніў сынам, адбіў кожнаму нізкі-нізкі паклон і, як бы не надта настойваючы на абавязковым іх прыездзе, на ўсялякі выпадак у канцы размовы паведаміў, што ў суботу будзе біць кабана. Пахваліўся, што заважыць кілаграмаў пад дзвесце. Ужо па тэлефоне ён адчуў, што “кручок прынады”, каб заманіць  дзяцей  у госці, быў закінуты надзейна і з дакладным прыцэлам. Чакаць засталося два дні. Гэта ўжо дробязь! Бо паўгода, а то і больш, не бачыў ён сваіх нашчадкаў. Моцна сумавала па іх сэрца! І ён быў гатовы кожнаму ў чарговы раз дараваць іх раўнадушша – няхай толькі прыедуць.

Раніцай у суботу, згаворваючыся паміж сабой ці не, але ўсе трое дружна прыехалі ў родны дом.

Бацька ўмела разыграў старанна прадуманую сцэну сустрэчы доўгачаканых гасцей. Пачаставаўшы няхітрым сняданкам, раптам аб’явіў сынам навіну, на якую ніхто з іх ніяк не разлічваў: “Кабан нешта прыхварэў, таму забіваць сёння яго не буду, трэба падлячыць. Але добра, што вы прыехалі так дружна. Вось усе разам і выкінем гной з хлява”.

Наступіла нямая сцэна, трапна апісаць якую цяжка словамі. Але нічога не зробіш, прыйшлося браць вілы ў рукі. Сыны працавалі моўчкі. Бацька таксама не лез у душу з роспытамі і расказамі пра ўласнае жыццё-быццё. Свядома не цікавіўся і перад развітаннем, калі ж зноў чакаць іх да сябе ў госці. Сыны і без таго здагадаліся, які нечаканы павучальны ўрок даў ім бацька. Яны не пакрыўдзіліся, бо зразумелі: выхоўваць дзяцей варта не толькі ў маленстве…

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий