КРОК У НАВУКУ

Общество

34 вучнёўскія работы ў сямі тэматычных секцыях разглядала журы, у склад якога ўвайшлі педагогі-прадметнікі і спецыялісты раённага аддзела адукацыі.

У сферу цікавасці даследчыкаў трапілі сівіцкія мікратапонімы і лакальныя геаінфармацыйныя сістэмы, крывяносная сістэма маржа і старыя сядзібы раёна, магічная сімволіка ў традыцыйнай вышыўцы і матэматычныя сафізмы, англіцызмы ў мове валожынцаў і ўплыў яроў на ўраджайнасць збожжавых. Аўтарамі многіх работ сталі невялічкія творчыя калектывы.

Выбар лепшых стаў нялёгкай задачай для членаў журы. Даводзілася ўлічваць актуальнасць і навізну абранай тэмы, практычную значнасць атрыманых вынікаў, наяўнасць асабістага даследавання або эксперымента. Аказалі ўплыў на рашэнне журы таксама правільнасць фармулёўкі вывадаў і агульны стыль афармлення работы.

Адзінаццаць работ атрымалі дыплом удзельніка канферэнцыі, дзесяць – дыпломы III ступені. Шэсць даследаванняў былі адзначаны дыпломамі II ступені. Сямёра ж даследчыкаў і творчых калектываў удастоіліся найвышэйшай узнагароды – дыплома I ступені. Сярод іх: Карына Бібік, васьмікласніца Сівіцкай БШ, Крысціна Тур і Арына Пратасевіч, дзевяцікласніцы Пяршайскай СШ, Лізавета Борыс, дзесяцікласніца гімназіі № 1 г. Валожына, Анастасія Стэльмах і Уладзіслаў Селятыцкі, вучні 7 і 8 класаў СШ № 2 г. Валожына, Дар’я Бразоўская і Наталля Грыка, васьмікласніцы валожынскай гімназіі № 1, Алена Цаюн і Алеся Занямонец, дзевяцікласніцы СШ № 2, а таксама Анастасія Рафаловіч і Мікалай Кавяза, вучні 9 і 7 класаў гімназіі № 1.

Многія з цяперашніх дыпламантаў прадставяць свае даследчыя работы на абласную навукова-практычную канферэнцыю навучэнцаў, якая адбудзецца ў наступным навучальным годзе.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий